З Мінска — у Мінск. Праз Парыж

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Завяршаецца год Івана Фаміча Хруцкага, абвешчаны UNESCO з нагоды святкавання 200-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага мастака. 9 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі будзе прадстаўлена пастаянная экспазіцыя з творамі майстра.

/i/content/pi/cult/308/5268/pic_2.jpgЯна змесціць самыя вядомыя творы Хруцкага і іншых мастакоў XIX - пачатку XX стагоддзя.

Імя творцы знаходзіцца ў Спісе памятных дат міжнароднай арганізацыі, і яно добра запомнілася аматарам жывапісу розных краін, дзе адбываліся выстаўкі. Нагадаем, асобнай экспазіцыяй творчую эстафету ў сталіцы Беларусі адкрываў Нацыянальны мастацкі музей. Пасля работы мастака дэманстраваліся ў другой сталіцы- Культурнай (на той час- Полацку). Пабывала выстаўка ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільнюсе і Трацякоўскай галерэі ў Маскве, значнай падзеяй стала адкрыццё выстаўкі Хруцкага ў Штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы.

 На Міжнародную навуковапрактычную канферэнцыю ў Полацку, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння мастака, сабраліся беларускія і расійскія даследчыкі ягонай творчасці. Зборнік матэрыялаў канферэнцыі і "Каталог твораў І.Хруцкага са збораў НММ" прэзентуе на вернісажы Нацыянальны мастацкі, як паведаміў карэспандэнту "К" загадчык аддзела рускага мастацтва Ігар Харак. Наведвальнікаў пазнаёмяць і з іншымі выданнямі, прысвечанымі творцу і сучасным беларускім жывапісцам.