У дзень пачатку Вялікай Айчыннай…

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Чэрвень 2011-га ў многіх музеях краіны будзе адзначаны нешараговымі мерапрыемствамі, бо менавіта дзень 22 чэрвеня 70 гадоў таму стаў момантам пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

"Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сустрэне гэтую дату на Гродзеншчыне, дзе лінію абароны трымала ў той далёкі час 56-я дывізія. У фартыфікацыйных збудаваннях перад гледачамі разгорнецца інсцэніроўка ваенных дзеянняў, распрацаваная музеем. Будзе выкарыстана нават знамя той самай дывізіі, якое сёння захоўваецца ва ўстанове", - паведамляе яе навуковы сакратар Галіна Бабусенка.

Таксама ў розных арганізацыях, установах культуры і адукацыі будзе дэманстравацца выстаўка пад назвай "Пачатак", якая прадставіць рэчы, што сталі сведкамі таго нялёгкага часу. Гледачы пабачаць змястоўную мультымедыйную прэзентацыю. З гэтай выстаўкай пазнаёмяцца не толькі беларусы, але і жыхары... Салехарда, цэнтра Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Супрацоўнікі музейнага комплексу гэтага горада запрасілі беларускіх музейшчыкаў паўдзельнічаць у культурна-адукацыйнай акцыі "Тыдзень у музеі", і пад час іх сустрэчы адбудзецца культурны ўзаемаабмен.

Рыхтуецца да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай і Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Ужо вядома, што тымі днямі даследчыкі розных краін збяруцца на Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, тэмай якой стане Гомель у пачатку і ў ходзе вайны. Наведвальнікі музея пабачаць выстаўкі, арганізаваныя сумесна з Магілёўскім абласным музеем і Брэсцкай крэпасцю. Сёння ў розных райцэнтрах Гомельшчыны праходзяць перасоўныя выстаўкі на ваенную тэматыку.

Варта дадаць, што экспазіцыя пра жыццё рэгіёна ў час вайны будзе дэманстравацца цягам пяці месяцаў (акурат да канца чэрвеня) у шатландскім горадзе Абердзіне. Каля сотні ўнікальных экспанатаў прадставіў днямі на вернісажы дырэктар гомельскага музея Павел Ждановіч, які да гэтай пары яшчэ знаходзіцца там. Абердзін з'яўляецца пабрацімам Гомеля, сувязі ж двух гарадоў налічваюць ужо 20 гадоў. Выстаўку з фондаў Музея ваеннай славы пабачаць жыхары і іншага горада-пабраціма Гомеля - французскага Клермон-Ферран - у пачатку наступнага года.