Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, архітэктура (у выглядзе макетаў храмаў), развіццё пісьменства, кніжныя традыцыі беларусаў, а таксама абрады, святы, вучэнні прадстаўнікоў іншых народаў на тэрыторыі краіны прадстаўлены тут. Самыя старажытныя экспанаты сведчаць пра архаічныя вераванні пачынаючы ад IV тыс. да н. э. Іконы, старадрукі, хромалітаграфіі, даследаванні распавядаюць пра зараджэнне і развіццё праваслаўя, каталіцызму, ісламу ды іудаізму, атэізм і сучаснае стаўленне да рэлігіі насельнікаў Беларусі.
Па словах Ігара Ганчарука, пры стварэнні экспазіцый супрацоўнікам музея дапамагалі гісторыкі, архітэктары, археолагі, мастацтвазнаўцы з Гродна, Мінска, а таксама - з гарадоў Расіі і Польшчы. "Мы ў сваёй працы імкнуліся паказаць тое, што нас аб'ядноўвае: вечныя духоўныя каштоўнасці, культуру", - дадаў ён. У наступным годзе чакаецца адкрыццё яшчэ чатырох экспазіцыйных залаў. Нагадаем, што ўсяго ў Музеі гісторыі рэлігіі іх 11.
С.Ю.
На здымках: Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі ў Гродне; герб горада над Нёманам з фасада будынка.