Вёсачка Яхімоўшчына знаходзіцца непадалёк ад Маладзечна. 18 кіламетраў. Да яе вядзе звілістая асфальтоўка. Перад вачыма — пейзажы незвычайнай прыгажосці. Магутныя дрэвы абапал шляху такія старасвецкія, што, здаецца, можа выскачыць з-за кустоў лесавік, а то і баба-яга ў ступе…
Азёры перад вёскай дапаўняюць красу прыроды. Вада спакойная, бы люстэрка, у якое замілавана глядзіцца блакітнае неба. Заблукаць тут, калі і захочаш, не атрымаецца.
— Вы да Купалы? — пытаецца мясцовы жыхар, не чакаючы майго пытання. — Бачыце дом па правы бок вуліцы – гэта ён і ёсць.
Дамок з бруса свежапафарбаваны. На сцяне — разная драўляная шыльдачка: “Тут у 1906 — 1907 гадах жыў Янка Купала, народны паэт Беларусі”.
Побач з ганкам — студня. На лаўцы — пяць чыгункоў з зямлёй: гэта кветнікі. Зямля любоўна акаймавана каменнем. І — кветкі, кветкі.
Гаспадыня, загадчыца музейнага філіяла Святлана Ціс гасцінна запрашае ў дом.
Атмасфера побыту пачатку ХХ стагоддзя настолькі рэальная, што на верашчанне мабільніка глядзіш з неўразуменнем.— У 1906 годзе 24-гадовы Іван Луцэвіч прыехаў сюды “знайсці лёгкага хлеба”. Уладкаваўся памочнікам вінакура на бровары пана Любанскага. Пан даў яму пакойчык у гэтым доме, дзе, акрамя Купалы, жыў і панскі аканом, — распавядае С.Ціс.
На сценах у старадаўніх паспарту — фатаграфіі. На адной з іх — трое вусатых мужчын у фетравых капелюшах: мода 1900-х гадоў.
Дом Купалы ў Яхімоўшчыне. |
— Гэта сябры Купалы, — тлумачыць Святлана. — Каваль, шавец і цясляр. Пан за добрую працу падарыў цесляру самавар. Купала заходзіў да яго на чай. А самавар — вось ён. Нашчадкі цесляра перадавалі яго з пакалення ў пакаленне, а калі з’арганізавалі музей, прынеслі сюды са словамі: “Няхай людзі палюбуюцца!”.
Святлана паказвае медны самавар.Унікальная рэч для кіпячэння вады. Непараўнальная ні з якімі сучаснымі чайнікамі: сапраўдны вар можна адчуць толькі тады, калі частуешся чаем з самавара. А яшчэ яго унікальнасць — у чатырох вычаканеных медалях на медных баках. На адным — профіль Аляксандра ІІ, на другім выбіты словы “За працалюбства”. На трэцім і чацвёртым надпісы не разабраць…Са столі звісае карасінавая лямпа. Можа, пры святле гэтай, ці падобнай на гэтую Купала пісаў свае вершы. Паэма “Нікому” таксама напісана ў Яхімоўшчыне.
Сёлета ўдзячныя нашчадкі ўстанавілі ў вёсцы памятны валун з Купалаўскімі радкамі:
Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песню запеў
І пазнаў, аб чым песня пяе!
А ніжэй — подпіс:
Янка Купала.1906 год. Яхімоўшчына.
Камень ужо стаў адметнасцю вёскі. Тут гуляюць дзеці. Непадалёк пасвіцца конь. Сельская ідылія…
Купалаў пакой. |
Не ведалі б пра Яхімоўшчыну, калі б не намаганні ўдавы Янкі Купалы Уладзіславы Францаўны. Верная памяці мужа, яна прыязджала сюды ў 1959 годзе з прапановай адкрыць дом-музей. Намаганні Уладзіславы Францаўны заставаліся марнымі.
Толькі ў 2001 годзе, 31 мая, тут адкрыўся музей. Канешне, не сам па сабе, а клопатамі дырэктара рэспубліканскага Дома-музея Янкі Купалы Жанны Казіміраўны Дапкюнас і тагачаснага старшыні калгаса “Яхімоўшчына” Генадзя Іванавіча Бажко. У доме, дзе жыў Купала, месціўся прытулак для састарэлых. На калгасныя сродкі пабудавалі новы дом для састарэлых з выгодамі, а тут адкрылі музей.С.Ціс з задавальненнем расказвае пра наведвальнікаў музея.
— Аднойчы прыехаў цэлы аўтобус з Гродна. Я ўзрадавалася — землякі ж! Я сама з Гродна. Адкуль даведаліся, пытаюся. З Інтэрнета, адказваюць. Вось цуд тэхнікі! А аднойчы прыкаціў імпартны легкавік, чырвоны. Выходзіць з яго дама немаладых гадоў. А ўжо вечарэла, час музей зачыняць, а яна па-польску: “Прошэ, пані!”. Прыехала з Польшчы, цікавіцца Купалаўскімі месцамі. Адкуль даведаліся пра нас, пытаюся. А яна турыстычны даведнік паказвае, дзе пазначана і наша Яхімоўшчына.
А нядаўна прыязджаў наш міністр культуры Уладзімір Фёдаравіч Матвейчук. Дасюль памятаю поціск яго рукі. Раней да нас міністры не даязджалі…
* * * У Яхімоўшчыне ніколі не жылі буслы. А ў год адкрыцця Дома-музея Янкі Купалы заклекатаў бусел і стаў ладкаваць гняздо за некалькі метраў ад дома.
З таго часу ўся вёска выходзіць ранняй вясной сустракаць бусла.
Сёлета ён прыляцеў 17 красавіка.
Можа, гэта душа Янкі Купалы?
Юрый ІВАНОЎ, наш спецкар.
Мінск — Масква — Яхімоўшчына — Мінск
Фота аўтара