Галерэяй да арсенала

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Цягам гэтага года плануецца завяршыць асноўныя работы па рэканструкцыі палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы — помніка архітэктуры XVI — XVIII стагоддзяў, унесенага ў Спіс сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO.

 

 Як вядома, асноўныя работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі гэтай славутай архітэктурнай перліны Беларусі распачаліся яшчэ ў 2004 годзе. А ўжо ў 2007-м быў здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс палаца і адкрыта для наведвання музейная экспазіцыя.

Сёлета Нясвіжскі палац яшчэ больш папрыгажэе. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольгі Шаталавай, згодна з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2011 год, на завяршэнне першага этапа будаўнічых работ ужо выдаткавана 20 мільярдаў рублёў. Таму ў першым паўгоддзі 2011-га будаўнікі завершаць работы ў паўднёвай галерэі Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля, а таксама ў гасцініцы і камяніцы.

Пры дадатковым фінансаванні, зазначыла Вольга Шаталава, да канца бягучага года будзе завершаны і другі этап работ. Тады ж для наведвальнікаў адкрыюць свае дзверы ўсходняя галерэя палаца і арсенал.