На старт, “М.@rt.-кантакт”!

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Да ўлюбёнага беларускімі тэатраламі Міжнароднага тэатральнага форуму “М.@rt.-кантакт”, што шосты раз распачнецца ў дваццатых чыслах сакавіка ў Магілёве, яшчэ без малога два месяцы.

 

Але арганізатары фестывалю ўжо сфарміравалі афішу і абвясцілі аб пачатку глядацкай "падрыхтоўкі" да будучай сустрэчы з чарговай "серыяй" тэатральнага мастацтва маладых і для маладых.

 Фестывальны тыдзень змесціць у сабе паўтара дзясятка тэатральных пастановак з васьмі краін свету, у тым ліку новых на форуме - Германіі, Латвіі, Балгарыі.

Беларускую маладзёжную прастору на "М.@rt.-кантакце" прадставяць "Мухі на сонцы" сталічнага Тэатра сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I." ды "Офіс" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. І яшчэ адну творчую "інтрыгу" рыхтуюць ўсім гасцям гаспадары форуму: пад час закрыцця, акурат на Міжнародны дзень тэатра, магіляўчане пакажуць прэм'ерны спектакль "Падзея" У.Набокава ў рэжысуры Кацярыны Аверкавай. Гэта, дарэчы, яе дэбютная пастаноўка на магілёўскай сцэне ў якасці галоўнага рэжысёра.

 Ну і, натуральна, сёлета, як і ў мінулыя гады, "М.@rt.-кантакт" не абыдзецца без традыцыйных дыскусій і штодзённых абмеркаванняў спектакляў, майстар-класаў вядучых тэатральных дзеячаў, канферэнцый, "круглых сталоў" і ўсяго іншага з ліку таго, што зазвычай складае "другі план" форуму.

"М.@rt.-кантакт" заняў даволі шырокую прастору, прычым не толькі ў сэнсе культурнага жыцця свайго горада. Сёлета, побач са сцэнай Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, у фестывальных мерапрыемствах будуць актыўна задзейнічаны пляцоўкі Магілёўскага абласнога тэатра лялек і Канцэртнай залы "Магілёў". Узрастуць і цэны на білеты, якія цяпер будуць каштаваць у сярэднім 25 тысяч. Але першыя дні продажу фестывальных білетаў ужо пацвярджаюць, што гэткія лічбы не толькі не палохаюць магілёўскіх прыхільнікаў фестывалю, але і пэўным чынам спрыяюць павышэнню прэстыжу "М.@rt.-кантакту" і, безумоўна, самога тэатральнага мастацтва ў горадзе.

 Наш кар.