Куды вядуць усе шляхі?

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі працуе выстаўка жывапісу Васіля Пешкуна “Усе шляхі вядуць дадому”.

/i/content/pi/cult/307/5255/10-3.jpg

Мастак прадставіў на суд гледача шэсцьдзясят жывапісных работ, натхнёных любоўю да роднай зямлі, хараством беларускай прыроды, веліччу архітэктурных помнікаў, рытмамі сучасных гарадоў. Жывапісец працуе пераважна ў жанры пейзажа і нацюрморта. Апошнія, як правіла, утульныя і камерныя. Але майстэрства мастака прымушае нас па-новаму зірнуць на простыя рэчы і прадметы, спыніцца і замерці, убачыць тонкую прыгажосць у штодзённым.

 Але ўсё ж найбольш упадабаным для Васіля Пешкуна з'яўляецца пейзажны жанр. Практычна ўсе свае творы ён стварае на пленэрах. Менавіта таму ім уласцівы вастрыня і свежасць імгненнага ўражання і імпрэсіяністычнае разуменне колеру. Аўтар тут - не проста назіральнік, які суха і метадычна канстатуе як факт прыгажосць прыроды, - ён тонка адчувае яе характар і настрой, намагаецца злавіць і перадаць яе дзіўныя нюансы, ледзь улоўныя станы і пераходы, прыўносіць у пейзаж сваё асаблівае стаўленне і эмоцыі. У асноўным гэта блізкія і родныя /i/content/pi/cult/307/5255/10-4.jpgяго сэрцу мясціны. Такім чынам, вёсцы Надзвін Гомельскага раёна, куды мастак з дзяцінства прыязджаў да бабулі і дзядулі, ён прысвяціў больш за 300 жывапісных работ.

 Не абыходзіць увагай аўтар і гарадскія матывы. Гэта і любімы з дзяцінства Гомель - родны горад мастака, - і Мінск, дзе ён цяпер жыве і працуе. Акрамя таго, куды ні выправіўся б вандраваць, заўсёды бярэ з сабой у дарогу эцюднік і фарбы. Галандыя, Аўстрыя, Узбекістан, Германія, Венгрыя, Польшча, Расія, Украіна застаюцца не толькі ў памяці мастака, але і на ягоных палотнах.

 Пейзажы Васіля Пешкуна бываюць і пранікнёна-лірычнымі, і задумліва-меланхалічнымі, і разухабіста-святочнымі... Разглядаючы іх, мы здзяйсняем падарожжа ўнутр сябе, і гэта дорыць нам адчуванне дзіўнай непарыўнай сувязі чалавека і прыроды, знешняй і ўнутранай гармоніі.

Застаецца дадаць, што Васіль Пяшкун - выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў, у 2008-м быў узнагароджаны медалём "Талент і прызванне" Міжнароднага фонду міру і згоды.

 Ганна СІЛІВОНЧЫК, мастак