Падскарбій “галантнага часу”

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Упершыню на экране: Антоній Тызенгаўз

/i/content/pi/cult/307/5251/pic_71.jpgСлаўнае імя гродзенскага мецэната і асветніка Антонія Тызенгаўза вярнулася з нябыту колькі гадоў таму. Выбітная постаць і жыццёвая гісторыя заснавальніка гарадзенскага тэатра, медыцынскай акадэміі, друкарні і шматлікіх мануфактур у горадзе над Нёманам, Паставах, а таксама ў Дзятлаве, уладальніка шматлікіх маёнткаў, у тым ліку ў знакамітым дзякуючы стужцы "Масакра" палацы ў Жалудку, сама па сабе неверагодна кінагенічная. Яна можа натхніць на стварэнне нават не аднаго сюжэта для нацыянальнага кінамастацтва. Адну з першых спроб адлюстраваць багатую біяграфію падскарбія Вялікага Княства Літоўскага зрабіў рэжысёр студыі "Летапіс" Юрый Цімафееў у сваёй дакументальнай стужцы "Рэфарматар".

ХVІІІ стагоддзе - славуты "галантны час" - было яшчэ парой асветнікаў і авантурыстаў. Сёння яно эмацыйна ўспрымаецца як "цацачнае", лёгкае, музычнае. Такой "эпоха Тызенгаўза" падалася і Юрыю Цімафееву, які пачаў сваю стужку з вядомай тэмы англійскага кампазітара Майкла Наймана да фільма "Кантракт рысавальшчыка" класіка аўтарскага кіно Пітэра Грынуэя. Гэтая лёгкая, але насцярожваючая музыка лепшым чынам дазваляе прасякнуцца атмасферай "галантнага часу", калі найважнейшыя палітычныя пытанні вырашаліся часцяком зусім не за сталом перамоў, а шляхецкі гонар быў куды вышэй за грошы.

Але музыка - толькі частка шматлікага матэрыялу, які таленавіты беларускі дакументаліст паклаў у аснову сваёй карціны. У якасці візуальнага суправаджальніка Юрый Цімафееў выкарыстаў гравюры адпаведнага гістарычнага перыяду ды, зразумела, здымкі з мясцін, звязаных з імем Антонія Тызенгаўза і тых персон, якія ракавым чынам паўплывалі на жыццё адной з самых адметных асоб беларускай гісторыі.

Пазбегнуць занадта дыдактычнага тону ды пафасу - важная задача кожнага папулярызатара нацыянальнай гісторыі на экране. Стваральнік "Рэфарматара" вырашыў яе, змясціўшы ў кадр знакамітую беларускую батлейку, акцёры якой, з дапамогай трапных персанажаў народнага гумару, прадстаўляюць часы Тызенгаўза праз бачанне "простага чалавека". Выкананыя акцёрамі Гродзенскага абласнога тэатра лялек батлеечныя сцэнкі-рэпрызы найлепш ілюструюць зменлівую фартуну рэфарматара, а жывыя акцёры ў кадры яшчэ і дубліруюць персанажаў біяграфіі Тызенгаўза, якія спачатку ўзнікаюць у выглядзе гравюр і малюнкаў. Кацярына Другая, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, сам Антоній Тызенгаўз - ігравыя ўстаўкі з умоўнымі героямі ствараюць дадатковае ўражанне эпохі ў гледача.

Дарэчы, тэкст Вітаўта Чаропкі і Аляксандра Бугрова агучаны прафесіяналамі беларускай сцэны і кіно: Алай Проліч, Анжэлай Караблёвай, Анатолем Гур'евым, Аляксандрам Кашперавым. Аўтарам стужкі ўдалося зрабіць яе цікавай і насычанай фактамі ды падрабязнасцямі, але не ўдалося пазбегнуць пэўнай эклектыкі: інфармацыя пададзена ў стужцы занадта страката, нават яе храналагічны парадак не дапамагае слаба дасведчанаму ў падрабязнасцях гісторыі гледачу адразу ўспрыняць такую колькасць назваў, імёнаў ды акалічнасцей палітычных інтрыг апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай.

Тым не менш, аўтарам "Рэфарматара" трэба толькі падзякаваць за праяўлены інтарэс да яшчэ адной выбітнай постаці нашай мінуўшчыны, а нам, гледачам, спадзявацца, што асобай Антонія Тызенгаўза неўзабаве зацікавяцца і прадстаўнікі ігравога кіно.