Ахвяра дзеля... буфанады

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Код у паветры: іграем Шэкспіра ці ўсё ж Карлсана?

/i/content/pi/cult/307/5250/pic_67.jpgЯк часта апошнім часам, рэцэнзуючы сталічныя прэм'еры, даводзіцца пісаць: "Нягледзячы на рэканструкцыю"... Вось і цяпер, насуперак свайму "вандроўнаму" жыццю, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы выпусціў у свет новы спектакль - "Самотны Захад" Марціна МакДонаха ў пастаноўцы Паўла Харланчука.

Той факт, што палітыкай мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна з'яўляецца практыка прадстаўлення маладым рэжысёрам магчымасцей для ажыццяўлення сваіх пастановак з купалаўскімі акцёрамі, сам па сабе не можа не радаваць: цягам другога сезона Павел Харланчук - ужо трэці, хто ў рамках гэтай палітыкі ўвасобіў пад эгідай Купалаўскага свой "поўны метр". І гэта - нягледзячы на тое, што амплітуда паміж поспехамі і праваламі маладых вельмі ж вялікая: варта згадаць хаця б відавочную няўдачу "Тэатраманіі" П.Шэфера ў пастаноўцы Кацярыны Агароднікавай, і на яе фоне - бліскучую перліну "Офіса" І.Лаўзунд у рэжысуры Кацярыны Аверкавай. Натуральна, што і з'яўленне ў рэпертуарнай афішы Купалаўскага імёнаў моднага ірландскага драматурга Марціна МакДонаха і таленавітага айчыннага акцёра і рэжысёра Паўла Харланчука не магло не інтрыгаваць.

Калі гаварыць пра творчасць Марціна МакДонаха, замежныя і расійскія крытыкі называюць яго не іначай як "Шэкспірам ХХІ стагоддзя". Але, разам з тым, адзначаюць, што па сутнасці сваёй гэта - "драматургічны Карлсан": пакуль ты маеш справы сам-насам з яго драматургіяй, усё падаецца зразумелым, вясёлым і надзвычай цікавым, але ў самы апошні момант, калі "з'яўляюцца бацькі", ён раптам некуды знікае, і адказваць за "зробленае" даводзіцца самому. Што і казаць: акурат у гэткую пастку патрапіў /i/content/pi/cult/307/5250/pic_68.jpgрэжысёр Павел Харланчук. "Жарсці па МакДонаху" точацца ў коле айчынных тэатралаў цягам ужо некалькіх сезонаў: бліскучыя пастаноўкі пермскага тэатра "Ля моста" па творах гэтага аўтара, што былі паказаны ў рамках "М.@rt.кантакту" і "Белай вежы", кожны раз выклікалі прафесійную зайздрасць і рытарычнае "Калі ж ужо і мы "даспеем"?..".

У "Самотным Захадзе" Марцін МакДонах прадстаўляе нам тып сучаснага тэатральнага антыгероя. Думаецца, менавіта таму гісторыю пра двух братоў Павел Харланчук вырашае праз тэатральную буфанаду, што бачыцца яму самай адпаведнай формай для расповеду пра людзей, для якіх пачак чыпсаў або газавая пліта ўяўляюць большую каштоўнасць, чым жыццё ўласнага бацькі ці брата. Атрафія душэўных перажыванняў і адсутнасць нават мізэрных уяўленняў пра мараль і чалавечнасць - такімі на першы погляд выглядаюць Вален (Сяргей Рудзеня) і Коўлмэн (Міхаіл Зуй). Пры гэтым, яны - і "прадукт", і ідэальны "спажывец" сваёй сістэмы: чыпсы, алкаголь, часопісы з распранутымі дзяўчынамі і пастаянныя сваркі-звады для таго, каб даказаць, хто з іх "вышэй" у сацыяльнай пірамідзе, - акурат з гэтага "зроблены нашы хлопцы". І, здаецца, ім тое не стварае аніякага дыскамфорту, наадварот: такая атмасфера падаецца цалкам натуральнай і нават камфортнай для іхняга існавання.

Услед за аўтарам рэжысёр, а разам з ім і мы, гледачы, паўстаём перад пытаннем: ці здольныя гэтыя героі да якіх-кольвек душэўных трансфармацый? Ці існуе хоць што-небудзь, здольнае абудзіць у іх чалавечыя пачуцці і эмоцыі? І ці маюць яны хаця б маленечкі шанц ператварыцца ў людзей? На жаль, акурат для мяне рэжысёр так і не даў яснага адказу на гэтае пытанне. У першую чаргу, таму, што быў занадта заняты тым, каб трымаць тэмпарытмічнае напружанне сцэнічнага існавання герояў, падтрымліваць інтарэс да акцёрскай буфанады (бо "ўсур'ёз" існуюць на сцэне хіба толькі Айцец Уэлш - Раман Падаляка - ды Гёрлін - Вікторыя Чаўлытка - у сваім апошнім маналогу). Дзеля гэтай мэты Харланчук /i/content/pi/cult/307/5250/pic_69.jpgсвядома ахвяраваў даволі-такі значнай часткай аўтарскага тэксту, намагаючыся "спрасаваць" размовы герояў да канцэнтраванай с т р у к т у ры, і адм о в і ў с я ад дзвюх дзей у спектаклі. Аднак за кошт гэтага распалася галоўная аўтарская задума - падзел жыцця герояў на, так бы мовіць, два перыяды: "да" і "пасля" смерці Айца Уэлша. Самазабойства святара (а як па мне, ідучы за драматургам, - сапраўднае ахвярапрынашэнне ўласнага жыцця) сталася ўсяго толькі адным з эпізодаў у серыяльнай "чорнай камедыі" пад назвай "Жыццё пары ірландскіх хлопцаў". І - нагодай пабавіцца ў гульню пад назвай "пакаянне". Якое, дарэчы сказаць, пранеслася надзвычай хутка, у адрозненне ад аўтарскай "зацягнутасці": драматург свядома аддае гэтаму працэсу спасціжэння прызнання-пакаяння цэлую другую дзею, мэтай якой было стварэнне сітуацыі для таго, каб гэтыя "доўбні" - браты Конары - атрымалі нарэшце шанц праявіць, хаця б намацаць у сабе чалавечую прыроду.

Структурна драматургічная аснова падводзіць нас да таго, што фінал спектакля і мусіць даць адказ на папраўдзе глабальнае сацыяльнае пытанне, куды больш "прасторнае", чым проста ўзаемаадносіны двух братоў: "Ці можа сучасны чалавек стаць хоць крышачку лепшым, ці ў стане ён адшукаць у сваёй душы гэты рэзерв?". І якія выхады ёсць з сітуацыі, калі два родныя браты стаяць адзін насупраць аднаго са зброяй у руках і цвёрдым намерам адпомсціць адзін аднаму за ўсе мінулыя крыўды? У спектаклі Харланчука героі... проста збягаюць са сцэны. І ключавая, вызначальная фраза Валена: "Сёння ўвечары я не нап'юся!", што ўяўляе, па сутнасці, код да разумення ўсёй рэжысёрскай пазіцыі, застаецца проста "вісець" у паветры.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 На здымках: сцэны са спектакля.