На шкле Валынцэвіча

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Партрэт часу ў дэтэктыўным ракурсе

/i/content/pi/cult/307/5248/pic_61.jpgСёння ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка, якая, без перабольшання, адкрыла новую старонку ў гісторыі фотамастацтва і культуры Беларусі. Павел Валынцэвіч - беларускі святар-фотааматар, пакінуўшы нашчадкам калекцыю больш чым з 300 работ, перадаў будучым пакаленням унікальныя сведчанні таго, як жыла беларуская сельская інтэлігенцыя ў пачатку ХХ стагоддзя. Ягоныя здымкі - гэта летапіс будняў і святаў звычайнай сям'і, поўных ціхіх радасцяў, надзеі, міру. Летапіс нетаропкага і, разам з тым, насычанага жыцця невялікай беларускай вёсачкі, маленькага праваслаўнага прыхода. "Звычайны" сямейны альбом, у якім- партрэт вядомага часу ў нечаканым ракурсе. Беларускім калекцыянерам Ігару Сурмачэўскаму, Дзмітрыю Сярэбранікаву і фатографу Уладзіміру Суцягіну ўдалося данесці невядомы скарб да сучасніка, сабраўшы "па крупінках" распрададзены фотаархіў праваслаўнага святара і аднавіўшы яго. "К" прапануе чытачам прайсці па слядах даследчыкаў, каб адсачыць шлях адраджэння мінуўшчыны, поўны ўражальных адкрыццяў. 

 

Па слядах аднаго даследавання

Гэтая сапраўды дэтэктыўная гісторыя пачалася з таго, што ў рукі калекцыянераў фатаграфіі - Ігара Сурмачэўскага і Дзмітрыя Сярэбранікава - трапілі старадаўнія негатывы невядомага аматара ХХ стагоддзя.

Калекцыянеры зацікавіліся, прыгледзеліся і, паразважаўшы /i/content/pi/cult/307/5248/pic_62.jpgнад лёсам ананімных, не ў лепшым выглядзе, негатываў на шкле, амаль вырашылі з імі развітацца. Але ў справу "ўмяшаўся" лёс. "Безумоўна, ва ўсёй гэтай гісторыі не абышлося без Божага промыслу", - кажа адзін з шукальнікаў Дзмітрый Сярэбранікаў. Фатографу Уладзіміру Суцягіну, да каго звярнуліся калекцыянеры, удалося высветліць імя святара, выява якога прысутнічала на большасці старых здымкаў. І... справа закіпела.

 

Невыпадковая выпадковасць

Невядома, як склаўся б лёс калекцыі, калі б не адна з самых дзіўных падзей у яе гісторыі- час і месца знаходкі фотаархіва. Збор быў адшуканы на гарышчы дома, дзе калісьці жыў сын Паўла Валынцэвіча - Сяргей, яго цяперашнімі гаспадарамі.

- У свой час дом Сяргея Валынцэвіча, які знаходзіцца ў Ваўкавыску, быў прададзены,- распавядае Дзмітрый Сярэбранікаў. - Сваякі, мабыць, палічылі немэтазгодным забіраць з сабой старадаўнія негатывы, бо ў іх заставаўся сямейны альбом з пазітыўнымі выявамі. Маёмасць набываюць новыя гаспадары і знаходзяць архіў. Дзіўна тое, што яны вырашаюць прадаць яго толькі праз 35 гадоў - прыкладна два гады таму. Здарылася б гэта ў іншы час - усё магло быць іначай...

Як бы там ні было, але, праляжаўшы больш за тры дзясяткі гадоў у доме, збор атрымлівае другое жыццё, разлятаючыся па калекцыянерах.

- Да мяне негатывы Паўла Валынцэвіча трапілі ад гродзенскага калецыянера Тадэуша Зяленскага, - распавядае аб сваёй першай сустрэчы з работамі фотааматара Ігар Сурмачэўскі. - У чыіх яны былі руках да гэтай пары, мы можам толькі меркаваць. Чаму яны мяне зацікавілі? Суполка калекцыянераў не такая і вялікая. Усе між сабой знаёмыя, ведаюць пра захапленні адно аднаго. У прыватнасці, Тадэуш ведае, што кола маіх інтарэсаў - культура Беларусі, помнікі архітэктуры, этнаграфія... Ён, адпаведна, і прапанаваў мне негатывы з выявамі культавых збудаванняў...

/i/content/pi/cult/307/5248/pic_63.jpgПрыкладна ў гэты ж час фотаработы Паўла Валынцэвіча набывае і Дзмітрый Сярэбранікаў, абапіраючыся на свае зацікаўленасці. У яго выпадку "след вядзе" таксама да Тадэуша Зяленскага.

- Мы - інстытуцкія таварышы, - дзеліцца калекцыянер, - таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ён звярнуўся да мяне. Перыяд Першай сусветнай вайны, праваслаўная тэматыка - Тадэушу вядома, якімі тэмамі я цікаўлюся, таму ён і прапанаваў мне адпаведны прадукт...

Па шчырасці, прызнаецца Дзмітрый, набыўшы арыгіналы негатываў невядомага аўтара, ён не вельмі ясна ўсведамляў, што з імі можна рабіць далей.

- Так здараецца, што асноўная справа калекцыянераў - гэта збіранне, - тлумачыць даследчык. - І колькасць матэрыялу не заўжды пераходзіць у якасць. Так, я бачыў, што негатывы - старадаўнія: датуюцца самым пачаткам ХХ стагоддзя, - але што з імі можна зрабіць, ці магчыма, увогуле, атрымаць з іх якасную выяву, мне было невядома. Таму і ідэя аб тым, каб проста перапрадаць шкляныя пласцінкі далей, падавалася на той час адной з самых слушных...

Тым не менш, Дзмітрый расказвае аб знаходцы святару свайго прыхода - айцу Андрэю, які раіць звярнуцца да фатографа Уладзімра Суцягіна.

- Калі Уладзімір, прагледзеўшы матэрыял, адказаў мне, што пазітыўная выява - магчымая, - працягвае расповед Дзмітрый, - тут ужо я атрымаў сапраўдны імпульс. Мяне "зачапіла"! Я вырашаю працягваць збіраць калекцыю... У гэты ж час і Ігару Сурмачэўскаму не дае спакою знойдзены матэрыял. На адной з сустрэч Ігар і Дзмітрый дзеляцца сваім "галаўным болем" і разумеюць, што яны зацікавіліся калекцыяй аднаго і таго ж аўтара! - Рашэнне скаардынавацца ўзнікла само сабой, - узгадваюць яны. Далучэнне ж Уладзіміра Суцягіна да групы шукальнікаў выводзіць даследаванне на новы ўзровень.

 

Пошукі працягваюцца

- Як толькі Дзіма даведаўся, што пазітыўная выява - магчымая, - далучаецца да гутаркі Уладзімір Суцягін, - ён пачаў прыходзіць да мяне прыкладна раз на тыдзень з новымі работамі. Я навучыў яго правільна апрацоўваць шкляныя пласцінкі, і ён прыносіў іх ужо гатовымі для сканіравання.

- Арыгіналы былі ў розным выглядзе, - ацэньвае стан негатываў Дзмітрый, - былі і расколатыя, і ў добрым стане. Але, зразумела, ніхто не ведаў, як можа паводзіць сябе эмульсія, таму пэўная напружанасць і канцэнтрацыя пры апрацоўцы патрабаваліся заўсёды.

Калі збор налічваў больш за 30 фота, рупліўцы пачалі вылучаць ідэі наконт таго, хто ж з'яўляецца аўтарам здымкаў.

- Мы бачым, што ўвесь час на негатывах трапляецца /i/content/pi/cult/307/5248/pic_64.jpgнадпіс "Узмены", - тлумачыць Уладзімір, - ёсць шмат выяў храма, і паўсюль - адзін і той жа святар. Сталі разважаць: магчыма, здымкі рабіў асабісты фатограф сям'і бацюшкі, або хтосьці з ягоных блізкіх. Але як гэты чалавек мог здымаць святара і ў 1900 годзе, і ў 1928-м, і ў тым жа 1949-м? Ды яшчэ - у розных месцах? Няўжо ўвесь гэты тэрмін ён жыў паблізу і сачыў за ім?

Каманда вырашае звярнуцца па дапамогу да Надзеі Саўчанка - загадчыка аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея краіны. Эксперт высока ацэньвае гістарычную каштоўнасць матэрыялу і прапаноўвае садзейнічанне ў пошуках. І тады Ігар, Уладзімір і Дзмітрый праз музей пішуць запыт у Нацыянальны гістарычны архіў і просяць даведацца, які праваслаўны святар служыў ва Узменах прыкладна з 1905 года. Прыходзіць адказ: Павел Валынцэвіч.

- Гэтая звестка нас акрыліла. Ды ўсё ж мы не былі ўпэўнены, што менавіта гэта і ёсць аўтар: так, ён, святар, прысутнічае на большасці фатаграфій, але гэта не факт пацвярджэння аўтарства, - распавядаюць пра свае сумненні шукальнікі.

Праз пэўны час Дзмітрый прыносіць новую частку негатываў. На адным з іх пазначана: "Усталяванне помніка на магіле бацькі". А на фота - помнік з надпісам "Канстанцін Валынцэвіч".

- Так мы даведаліся, што бацька нашага героя пахаваны ў Вялікіх Бераставіцах.

 

Шчаслівы фінал. Але ці фінал?..

Ды ўсё ж канчаткова шукальнікі ўпэўніваюцца ў аўтарстве Паўла Валынцэвіча пасля атрымання інфармацыі з Віцебскага архіва КДБ.

- У гэты час наш пошук сапраўды стаў нагадваць дэтэктыўную гісторыю, - узнаўляе падрабязнасці Дзмітрый. - Мы знаходзім у Інтэрнэце інфармацыю пра сына айца Паўла - Сяргея Валынцэвіча, які абраў шлях бацькі і таксама стаў святаром. Звесткі - вельмі фрагментарныя: маўляў, Сяргей Валынцэвіч нарадзіўся там-та і там-та, жыў ва Узменах, а ў 1921 годзе быў арыштаваны і асуджаны за невядомы праступак. Рэабілітаваны ў 1993-м.

- Усё выглядае так, нібыта ён загінуў,- дадае Ігар. - Больш за тое: да нас трапляе ненадрукаваны артыкул, у якім расказваецца, што Сяргей Валынцэвіч быў рэпрэсіраваны за веру...

Пайсці па памылковым следзе шукальнікам перашкаджаюць самі фатаграфіі.

- Роўна праз тыдзень пасля атрымання гэтай інфармацыі Дзмітрый прыносіць новы здымак, - узгадвае Уладзімір.- На ім Сяргей сядзіць на лаўцы ва Узменах, жывы і здаровы. На негатыве - пазнака: "1923". І мы разумеем, што святар не загінуў, прынамсі, у гэтым годзе быў жывы...

Праз музей даследчыкі накіроўваюць запыт у Віцебскі КДБ і атрымліваюць падрабязныя даныя пра маладога Валынцэвіча: дзе, калі і за што быў арыштаваны Сяргей, плюс - дакладныя імёны бацькі, маці, іншых сваякоў маладога святара, пазначаныя ім у анкеце. Для каманды гэтая інфармацыя стала вырашальнай. Цяпер яны дакладна разумеюць, што аўтар здымкаў- менавіта Павел.

- Але дзе, як і калі скончылася жыццё Сяргея, нам па-ранейшаму невядома, - узнаўляюць гісторыю пошуку Ігар, Дзмітрый і Уладзімір. - Мы звяртаемся ў архівы ЗАГСа Міёрскага раёна, на тэрыторыі якога знаходзяцца Узмены. Даных пра яго няма. Тэлефануем у Вялікія Бераставіцы, радзіму Паўла Валынцэвіча, - няма інфармацыі. Знаходзім месца пахавання матушкі Веры, жонкі Паўла Валынцэвіча, маці Сяргея: яна загінула ў 1940 годзе. Але яго след губляецца...

- Калі няма звестак пра ягоную смерць, мы разумеем, што недзе там, у нашым мінулым, ён яшчэ жыве,- апісвае парадаксальныя адчуванні Уладзімір.

І зноў даследчыкам дапамагаюць знойдзеныя фатаграфіі. Праз іх становіцца зразумела, што Сяргей пакінуў Узмены, пераехаўшы ў Ваўкавыск.

- Мы тэлефануем і... знаходзім яго, - распавядае пра шчаслівы фінал Дзмітрый. - У Ваўкавыску мы адшукалі месца пахавання Сяргея, ягонай жонкі і самога Паўла Валынцэвіча: яны пахаваны побач. Так нам становіцца зразумела, дзе скончыў свой шлях аўтар невядомага фотаархіва...

У Ваўкавыску ж даследчыкі атрымалі і яшчэ адзін вялікі падарунак - адрас унучкі Паўла Валынцэвіча, якая, як высветлілася, жыве ў Мінску...

(Працяг будзе.)

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"