Аўтограф на сурвэтцы

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Восень 1976 года была даждлівай і пахмурнай. Па тратуарах беглі ручаінкі, падобныя да вясенніх...

/i/content/pi/cult/307/5247/pic_57.jpgУ будынку ЦК КПБ, у кабінеце сакратара ЦК Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна, сабраліся пісьменнікі, і мяне запрасілі зрабіць фотаздымак для "Беларускай энцыклапедыі". Заданне - няпростае. Прыйсці ў кабінет сакратара ЦК, і ўбачыць там увесь гонар нашай літаратуры было хвалююча і ўрачыста.

З некаторымі пісьменнікамі я быў ужо знаёмы. Андрэй Макаёнак, выдатны драматург, чые спектаклі пры поўных залах ішлі ў тэатрах краіны. "Зацюканы апостал" у Купалаўскім тэатры збіраў аншлагі, і тыя фразы, якія нам палюбіліся, мы выкарыстоўвалі ў сваім паўсядзённым ужытку. Напрыклад: "Ты такая мяккая, добрая - табой акуляры можна праціраць..."

У той час Макаёнак быў галоўным рэдактарам "Нёмана" і запрашаў мяне для ўдзелу ў афармленні часопіса.

У ЦК для фотасесіі быў запрошаны і класік рамана Іван Пятровіч Шамякін, з кім мы таксама былі знаёмы. Для адной з кніг творцы я зрабіў ягоны партрэт, якім ён, падаецца, быў задаволены.

Калі здымкі закончыліся, Іван Пятровіч запрасіў мяне да сябе дадому:

- Хачу падарыць вам маю новую кнігу - "Атланты і карыятыды". Толькі што выйшла ў выдавецтве "Молодая гвардия"...

Андрэй Макаёнак сябраваў з Шамякіным, і мы пайшлі/i/content/pi/cult/307/5247/pic_60.jpg ўтрох, уніз па вуліцы Карла Маркса, пераступаючы цераз ручаінкі, якія беглі да дома, дзе жыў Іван Пятровіч.

Раптам выглянула сонца, і зрабілася весела і цёпла.

 Па сонечнай вуліцы ішлі два класікі, і мне падалося, што ад іх зыходзіла сапраўднае ззянне.

Да гэтай пары не магу сабе дараваць, што не зафіксаваў той факт гісторыі на фота...

Дома ў Шамякіна я атрымаў запаветную кнігу з аўтографам, і Андрэй Ягоравіч прапанаваў адзначыць гэты дзень візітам у рэстаран.

- Адзначым дастойна, Іван.

Макаёнак пасміхнуўся, а Шамякін засаромеўся і, паляпаўшы сябе па кішэнях, паказаў рукой у бок дзвярэй, што вялі ў суседні пакой:

- Разумееш, Андрэй, я ўсе грошы жонцы аддаў...

- Не бяда, Іван! - Макаёнак хітравата ўсміхнуўся. - Будзеш расплачвацца з афіцыянтам аўтографамі на сурвэтках!

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф