Хаім Суцін. Па той бок міфаў

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Пры ўсёй геніяльнасці свайго каларыстычнага таленту, пры ўсёй неўтаймаванасці свайго тэмпераменту, пры ўсёй маўклівай упартасці сваёй натуры, якая прымушала Суціна ісці да канца ў вырашэнні самых рызыкоўных задач, ён быў вельмі чуллівым чалавекам. І аб гэтым мы працягваем свой расповед.

/i/content/pi/cult/307/5245/pic_54.jpg (Працяг. Пачатак у № 4 за 2011 г.)

З успамінаў Марэўны, якія тычацца перыяду жыцця Хаіма Суціна ў Вільні: "Суцін бачыў, як усё ярчэй праяўляюцца ягоныя здольнасці; у яго з'явілася і ўзмацнілася пачуццё ўласнай годнасці... Адначасова ў ім развіўся і "талент" іншага роду. Заўсёды знаходзяцца людзі, якім падабаецца частаваць выпіўкай напаўгалодных студэнтаў, каб потым пацяшацца з іх п'яных выбрыкаў. З іхняй ласкі Суцін займеў "прывычку" шмат піць. Такім чынам, калі апекуны вырашылі завяршыць ягонае навучанне, у Суціна ўжо былі праблемы са страўнікам і хворая печань. Да ўсяго, пацепвалася левае вока і здараліся частыя прыступы нейкай незразумелай хваробы...". Некаторыя даследчыкі творчасці Суціна сцвярджаюць, што да п'янства Хаіма ў Парыжы прывучыў Мадзільяні. Але мастак ужо быў да гэтага "падрыхтаваны" ў Вільні, дзе, хутчэй за ўсё, і атрымаў язвавую хваробу, альбо, прынамсі, абвастрыў яе...

Карацей кажучы, у ліпені 1912 года Суцін з Кікоіным, зноў жа, з дапамогай нейкага "заступніка" - ці то адваката, ці то ўрача, - знайшлі новае месца- Францыю. Крэмень трапіў туды трошкі раней: на сваю рызыку, з дапамогай платнага правадніка нелегальна перайшоў мяжу, і праз Германію, пешкі (!), дабраўся да Парыжа. Адтуль марыў махнуць праз акіян у Амерыку, але новае, адкрытае, свежае паветра культурнай сталіцы зрабіла сваю справу...

У Парыжы, ледзь сышоўшы з цягніка, Суцін і Кікоін часова развіталіся, дамовіўшыся праз некалькі дзён сустрэцца альбо проста ў Луўры, альбо на здымнай кватэры ўдачлівага Пінхуса Крэменя і яго маладой сяброўкі Брыгіты Стромбал на "Сітэ Фальгіер": іншых парыжскіх адрасоў Хаім і Міхаіл (хутка ён стане Мішэлем) не ведалі.

З таго ўсё і пайшло... Спачатку было вельмі цяжка. Каб зарабіць на харчаванне, Суцін цягаў чужыя чамаданы, галадаў, працаваў вартаўніком на чыгунцы, хадзіў у лахманах, перабіваўся дабрачыннай поліўкай, змяняў жыллё... Калі падыходзіў тэрмін плаціць за пакой, бегаў ад судовых выканаўцаў, часам напіваўся ўшчэнт, часам прастойваў каля стойкі бара ў спадзяванні, што хто-небудзь пачастуе яго віном або кубачкам кавы. Успамінае Ілля Эрэнбург: "У Суціна быў выгляд перапалоханы і сонны, здавалася, яго толькі што прымусілі прачнуцца, ён не паспеў памыцца, пагаліцца, у яго былі вочы зацкаванага звера, магчыма, ад голаду..." А вось што напісалі французы Кастэн і Леймары: "Суцін зведаў толькі голад, пабоі, знявагу, цяжкую скучанасць свайго асяроддзя, для якога ён быў ужо чужы, супраць якога паўстаў, але стыгматы якога ніколі не сцерліся". Аднойчы ў адчаі Суцін спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але ў апошнюю хвіліну яго выратаваў ад пятлі Крэмень...

Аднак, на маю думку, не трэба і перабольшваць/i/content/pi/cult/307/5245/pic_55.jpg у адносінах да яго нібыта крайняй галечы. Часта ён проста свядома выбіраў для сябе такі вобраз жыцця. І іншага не жадаў. Нават, калі стаў багатым чалавекам (про што я скажу ніжэй), ён, прынамсі, у душы і ў паводзінах прапаведаваў жабрацтва. Апроч таго, у першыя гады жыцця ў Парыжы дапамагалі яму матэрыяльна і з жыллём Крэмень, Кікоін, Мешчанінаў, якія да таго часу ўладкаваліся параўнальна няблага. Усё гэта давала магчымасць Суціну наведваць на вуліцы Канстанс, на Мармартры, майстэрню знакамітага мастака Фернана Кармона - былога настаўніка Ван Гога і Тулуз-Латрэка, - дзе творца вучыўся акадэмічнай тэхніцы пісьма, прыёмам старадаўняга жывапісу. Пазней праводзіў шмат вечароў у Рускай акадэміі на Авеню дзю Мэн, на тыльным баку вакзала Манпарнас, дзе былі дзве майстэрні- скульптурная і жывапісная. "Тут сустракаліся маладыя эмігранты з Кіева, Віцебска, Мінска, Рыгі і Адэсы, - піша Марэўна. - Былі тут і вучні з Фінляндыі ды Эстоніі, мімаходзь затрымліваліся тыя, хто прыязджаў з Пецярбурга і Масквы... На гэтых шматлюдных вечарынах бывалі Мадзільяні і іншыя "нярускія" мастакі. У далёкім кутку майстэрні, каля печы, пазіравала аголеная мадэль, і мы малявалі вельмі свабодна, што хацелі і як хацелі. Суцін сядзеў заўсёды ззаду, закрываючы газетай сваю работу. Мне ніколі так і не давялося ўбачыць хаця б адзін з яго рысункаў. І іншым разам мяне займала пытанне: а ці рысаваў ён наогул што-небудзь? Узімку, па суботах, пасля малявання, распальвалі самавар і пілі гарбату... Суцін быў ціхім. Ён піў гарбату, як п'юць рамізнікі - са сподачка і ўпрыкуску з колатым цукрам, - па выразе твара і па ўсім было відаць, што ён упіваецца шчасцем у гэтай атмасферы..."

Але найлепшай школай мастацтва стаў для Суціна Луўр, дзе творца капіраваў класікаў Адраджэння, дзе захапляўся без памяці Рэмбрантам, Клуэ і Курбэ. Вось што піша пра сваю першую сустрэчу з Суціным крытык Вальдэмар Жорж: "Неяк раніцай у змрочным святле Іль-дэФранса я пабачыў перад "Пахаваннямі ў Арнані" (карціна Курбэ ў Луўры.- Б.К.) незнаёмага маладога чалавека з нізкім ілбом і блукаючым позіркам. Ён краўся ўздоўж сцяны. Здавалася, ён раздзіраўся страхам. Калі да яго набліжаліся, ён адскокваў убок. На карціны майстроў мінулага глядзеў, як вернік - на ікону... Ён крочыў марудна, са згорбленай спінай, а калі прытуляўся да сцен, дык здавалася, што ён баіцца ценю або нейкага прывіда. Дзіцячая ўсмешка часам асвятляла яго твар. Вочы таксама смяяліся. У яго былі рукі віртуоза з моцна выцягнутымі пальцамі. Ён зачыняў з грукатам дзверы перад няпрошанымі гасцямі, але быў здольны і на ласкавую ветлівасць. За фанабэрлівасцю і запальчывасцю хавалася натура скрытная і сарамлівая..."

Новая старонка быцця Суціна, як і многіх ягоных маладых калег па пэндзлі і разцы, пачалася ў "Ля Руш" ("Вулеі") - на ўскраіне Парыжа, у раёне Манпарнаса. "Вулей" быў створаны за дзесяць гадоў да прыезду Суціна свецкім скульптарам бюстаў Альфрэдам Бушэ спецыяльна ў дапамогу маладым мастакам. Ён зрабіў у сярэдзіне дома - увянчанай шпілем ратонды - 24 майстэрні трохвугольнай формы, вельмі вузкія, якія самі жыхары называлі трунамі. Побач з ратондай збудавалі яшчэ некалькі памяшканняў, больш камфартабельных, дзе пасяліліся сямейныя мастакі. Іх ахрысцілі "княжацкім кутком". Ні вадаправода, ні іншых выгод у "Вуллі" не было. Летам у майстэрнях рабілася нясцерпна горача. І кансьержка са шланга палівала вадой сцены, каб аблегчыць пакуты жыхароў. А зімой яны апраналі на сябе ўвесь свой гардэроб і саграваліся танным віном. Затое майстэрні былі размешчаны сярод паплавоў і квітнеючых дрэў.

/i/content/pi/cult/307/5245/pic_56.jpg"Вулей" быў аддзелены ад Парыжа пустэчай, палямі, і ягоныя насельнікі фактычна былі пустэльнікамі. Але чуткі пра існаванне "вілы Медзічы для беднякоў" хутка пайшлі па ўсёй сталіцы, і туды пацягнуліся мастакі, акцёры, пісьменнікі, музыканты, крытыкі. У хуткім часе насельніцтва "Вулля" склала 140 чалавек. Гэта была стракатая ўнікальная сумесь нацыянальнасцей, характараў, тэмпераментаў, талентаў: ад японца Фужыты да мексіканца Рыверы, ад румына Бранкузі (Брынкушы) да венгра Чакі, ад француза Лежэ да ўкраінскай палясцінкі Арловай, ад чылійца Ортыса дэ Саратэ да...

Новая старонка ў гісторыі "Вулля" пачынаецца ў 1910 годзе, калі там пачалі сяліцца мастакі з Беларусі, Расіі, Украіны: Шагал, Мешчанінаў, Крэмень, Цадкін, Ліпшыц, Архіпенка, Штэрэнберг, Жаўткевіч... У 1912-м "Ля Руш" наведаў карэспандэнт газеты "Киевская мысль" А.Луначарскі і напісаў аб ім як аб "живописном и убогом, огромном коллективном гнезде художников... Вавилоне №2". Кансьержка, добрая мадам Сегандэ, карміла ўсіх супам, бульбай і зялёным гарошкам. "Ах, мае мастакі,- уздыхала яна, - гэта ж Божыя дзеці. Гэта мае бедныя пчолкі. Яны не заўсёды прыносяць мёд, а калі і прыносяць, дык ён часта мае горкі смак. Але есці трэба кожнаму..."

Мастакам дапамагала і сям'я Аструн, якая падкормлівала іх, пазычала ім грошы. Мадам Аструн прыдумала для Суціна і яго таварышаў спецыяльную страву з памідораў і бульбы, якую яны ахрысцілі "вулейка". "Ля Руш" позна засынаў і позна прачынаўся. Калі ў каго-небудзь з'яўляліся грошы, то проста ў двары ладзіліся вясёлыя сабантуі, дзе асабліва вылучаліся "вулічныя музыканты": былы кіяўлянін, скульптар-кубіст Аляксандр Архіпенка, што добра спяваў цудоўным барытонам "Дубинушку" і "Стеньку Разина", цыганскія рамансы, і нармандзец Фернан Лежэ, які акампанаваў яму на... арфе. У адрозненне ад іх Суцін, пакуль не сустрэў паэта і гандляра карцінамі, паляка Леапольда Збароўскага і Амадэа Мадзільяні, быў чалавекам вельмі нелюдзімым і нават баязлівым.

Яркі інтрыгуючы свет Манпарнаса, вядома ж, скажаў сапраўднае аблічча мастакоў. Для многіх з іх, асабліва - для Суціна, месца тое (як калісьці для ТулузЛатрэка - Манмартр) аказалася не толькі дэкарацыяй - на яе фоне ён бачыў людзей у іх аголенай сутнасці. П'яныя скандалы, голад, непазбежныя інтрыгі, зайздрасць, убогасць жылля, сцюжа, сырасць, дзікі і неўпарадкаваны побыт "Вулля" - канешне, усё гэта было. І ў такой сітуацыі Суцін спачатку пачуваў сябе не вельмі ўтульна. За весялосцю Манпарнаса юнак са Смілавічаў лепш чым хто-небудзь іншы ўгадваў горкія слёзы зняважаных і абражаных. Тым больш, што і сам ён у свае 20 - 22 гады ўжо зведаў столькі ліхтугі і адзіноцтва. Але ў гістарычнай перспектыве, на мой погляд, усё гэта не мае рашуча ніякага значэння, бо, як пісала Гертруда Стайн, "Парыж быў унікальным месцам для тых з нас, хто павінен быў стварыць мастацтва і літаратуру дваццатага стагоддзя". Аднак, думаю, калі б не суайчыннікі Суціна з Беларусі, калі б не яго "духоўнік" Мадзільяні і разумныя маршаны, наўрад ці ён дажыў бы да таго, каб паспець цалкам акунуцца ў мора славы і прыжыццёвага прызнання.

А вось непітушчы "працаголік" Марк Шагал, што добра ведаў сабе цану, у адрозненне ад іншых суайчыннікаў, не любіў "бруднага крата" Суціна, як і яго сябра Модзі, хаця да апошняга ставіўся больш памяркоўна, бо "...заўсёды любіў прыгожыя твары". А Мадзільяні сапраўды быў ад прыроды вельмі прыгожым чалавекам. "Такія мастакі, як Мадзільяні і Суцін, - узгадваў Шагал, - жылі са сваімі натуршчыцамі. Яны вярталіся ноччу п'яныя і шпурлялі чаравікамі ў мае вокны: "Ага! Зноў распісваеш гэтых сваіх кароў!" І ўсё ж, калі Шагал у 1914 годзе сабраўся ад'язжаць на радзіму, Суцін зайшоў у яго майстэрню ў надзеі заняць яе. Але Марк Захаравіч цвёрда сказаў, што хутка вернецца, і абматаў свой замок тоўстым дротам 25 разоў. Дзіўная наіўнасць! У майстэрні ён часова пакінуў каля 150 сваіх палотнаў. Калі праз... дзесяць гадоў вярнуўся, дык на дзвярах вісеў новы замок, і тут прабывалі зусім іншыя людзі. Канешне, ніякіх карцін не было. Толькі недзе ў мастацкай краме па вуліцы Дэламбр выпадкова натрапіў на свой стары мальберт і выкупіў яго за 10 франкаў...

(Працяг будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"