“Мінскае замчышча” для сучаснасці

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Праект узвядзення гісторыкаархітэктурнага комплексу “Мінскае замшчышча” ўзгоднены з Камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. У хуткім часе ён пройдзе дзяржаўную экспертызу.

/i/content/pi/cult/307/5242/3-2.jpg

Як распавёў "К" архітэктар праекта Сяргей Багласаў, комплекс размесціцца на плошчы амаль у пяць гектараў і будзе абмежаваны ракой Свіслач, праспектам Пераможцаў, вуліцай Максіма Багдановіча і фантанам перад Палацам спорту.

Па словах архітэктара, "Мінскае замчышча" мае складацца з трох частак. Першая ўключае падземны зал-амфітэатр на 240 месцаў з галерэямі і экспазіцыяй каштоўных археалагічных знаходак, якія пакуль што знаходзяцца на кансервацыі ў культурным слоі. У галерэях наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з багатай гісторыяй сталіцы Беларусі.

 Другая частка - інтэрактыўная, і у ёй будзе прадстаўлена рэканструкцыя фрагмента старадаўняга горада XІІ стагоддзя ў натуральную велічыню. Як распавёў Сяргей Багласаў, плануецца пабудаваць уязную браму, абарончыя валы, храм, вуліцы, дамы рамеснікаў і дружыннікаў - усё гэта дазволіць наведвальнікам поўнасцю адчуць сябе ў атмасферы часоў Сярэднявечча.

 Трэцяя частка комплексу мае назву "Ніжні рынак". Тут з'явяцца гандлёвыя рады, адкрытыя лаўкі з навесамі і тэатральны павільён пад тэнтам, дзе змогуць выступаць артысты. У гэтай частцы комплексу "Мінскае замчышча", як зазначыў Сяргей Багласаў, можна будзе набыць сувеніры і зайсці ў кафэ.

На здымку: праект будучага комплексу.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"