Еўрапейскі варыянт

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Развітвацца з зімой мы пачалі ўжо ўчора: 28 — 30 студзеня ў нашым Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры — прэм’ера “вясновай казкі” М.Рымскага-Корсакава, яго оперы “Снягурка”. І ўжо самі афішы з ваяўнічым сонцам замест вытанчанай рамантыкі ствараюць інтрыгу.

/i/content/pi/cult/307/5241/3-1.jpg- У гэтай оперы, - распавяла рэжысёр-пастаноўшчык Сусана Цырук, - спалучаюцца інфернальныя і, па кантрасце, народна-побытавыя сцэны. Таму хацелася паставіць спектакль у жанры "рускага фэнтазі", спалучыць розныя стылі. Тут, як у операх Рыхарда Вагнера, ёсць багі, людзі і "праваднікі" паміж імі. А ў выніку- найскладаны філасофскі матэрыял, дзе ў кожнага героя - свая трагедыя, але разам - адчуванне чагосьці светлага. Як у жыцці!

У прэс-канферэнцыі, што папярэднічала прэм'еры, удзельнічала шмат салістаў, кожны з якіх шчодра дзяліўся сваімі ўяўленнямі пра гэты твор і разуменне яго герояў. Але з самай запальнай прамовай выступіў галоўны дырыжор Віктар Пласкіна:

- Опера - гэта натуральны прадукт. Таму не проста ідзіце - бяжыце на спектакль! Гэта папраўдзе фантастычнае дзейства, дзе шмат кахання і танцаў. Часам не зразумела, што атрымліваецца: опера ці балет са светлавымі эфектамі.

А каб давесці чатырохактовую оперу да еўрапейскага двухактовага варыянта, рэжысёрам разам з дырыжорам былі зроблены купюры - на падставе занатаваных у партытуры прапаноў самога кампазітара. Так што стомленасць ад спектакля - супрацьпаказана, сонечны настрой і нават лунанне думак у паветры - забяспечаны.

Яшчэ адной навінкай Беларускай оперы стануць так званыя сацыяльныя спектаклі, што будуць ісці з лютага. Па суботах у дзённы час, а 12-й гадзіне, тут можна будзе паглядзець "дарослыя" спектаклі, але па зніжаным кошце: ад 5 да 24 тысяч рублёў.

 На здымку: эскіз касцюма Снягуркі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"