З беларусамі свету

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

“Усталяванне трывалых сувязей з беларусамі замежжа стане ў 2011 годзе важнай дзяржаўнай справай”, — паведаміў 26 студзеня Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка. Пытанне пастаянных кантактаў з суайчыннікамі за мяжой, а таксама многія іншыя абмяркоўваліся ў гэты дзень на пасяджэнні калегіі апарата Упаўнаважанага.

Удзел у калегіі бралі начальнікі аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкамаў краіны і Мінгарвыканкама, прадстаўнікі розных міністэрстваў Беларусі, мясцовых улад.

Адной з надзённых тэм стала ўзаемадзеянне з нацыянальнымі суполкамі і канфесійнымі аб'яднаннямі ў нашай краіне.

У калегіі ўдзел прымала намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення - начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. Яе выступленне, у прыватнасці, закранула пытанне кантролю за выкананнем заканадаўства пры ўсталяванні новых помнікаў і манументаў канфесійнымі аб'яднаннямі, рэстаўрацыяй ужо існуючых.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі пацвердзіў, што не ўсе ўладальнікі і ўласнікі храмаў, якія належаць да пэўнай канфесіі, у стане належным чынам захоўваць ці рэканструяваць помнікі архітэктуры. Ён дадаў, што ў 2011-м на рэканструкцыю праваслаўных і каталіцкіх храмаў з рэспубліканскага бюджэту будзе затрачана 7 мільярдаў 930 мільёнаў рублёў. Летась гэтая лічба складала 2,5 мільярда.

Леанід Гуляка зрабіў акцэнт на тым, што ў кожнай з абласцей Беларусі, у кожным раёне павінны ўсталёўвацца культурныя, адукацыйныя, эканамічныя ўзаемаадносіны з беларусамі, якія жывуць за мяжой. Прыкладаў такога ўдалага супрацоўніцтва сёння пакуль няшмат, таму мясцовыя ўлады павінны быць настойлівымі ў гэтай справе, бо яна патрэбная абодвум бакам.

Намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч паказаў сапраўдны майстар-клас, як трэба знаходзіць і падтрымліваць зносіны з беларускімі суполкамі за мяжой. Дзякуючы працы раёна, Цэнтр беларускай культуры "Нёман" у расійскім горадзе Тальяці, дзе жыве каля чатырох тысяч беларусаў, атрымаў сцэнарыі традыцыйных абрадаў і святаў, беларускія кнігі, дыскі, галаўныя ўборы для мясцовага калектыву народных спеваў "Купалінка". А ваўкавыскі ансамбль народнай песні "Уладары" выступаў у Тальяці. У ліпені 2011 года "Купалінка" і новы дзіцячы калектыў "Зорачкі" згаданага цэнтра наведае свята горада ў Ваўкавыску.

Днямі стала вядома і тое, што ў беларускай абшчыне Малдовы хутка будзе арганізаваны нацыянальны вакальны хор і дзіцячы фальклорны ансамбль, якія прымуць удзел у святах і фестывалях у гэтай краіне. Паспяхова працуе і Саюз беларусаў Латвіі.

Асаблівасцю гэтай калегіі стала абмеркаванне вынікаў рэалізацыі Праграмы развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2006 - 2010 гады. Таксама прысутныя рабілі канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні Праграмы на 2011 - 2015 гады, акцэнтавалі складаныя моманты ў сваёй працы і акрэслілі шляхі іх вырашэння.