У фокусе — артысты

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Да 21 лютага беларускія выканаўцы могуць дасылаць заяўкі на ўдзел у Міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне-2011” на адрас Белтэлерадыёкампаніі. Імя пераможцы стане вядома не пазней за 1 сакавіка гэтага года.

Як паведаміла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская, асаблівасцю сёлетняга конкурсу з'яўляецца тое, што афіцыйны прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні" вызначыцца шляхам нацыянальнага адбору, які правядзе фокус-група, адабраная НДТРК. Адборачнага тура і фінальнага канцэрта з галасаваннем гледачоў гэтым разам не будзе.

"У Белтэлерадыёкампаніі будзе абраны годны прадстаўнік, - дадае суразмоўца. - Мы таксама зоймемся арганізацыйнымі пытаннямі конкурсу, супрацоўніцтвам з Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам. А вось рыхтавацца да "Еўрабачання", па нашым меркаванні, выканаўца павінен сам. Ужо восьмы раз наша краіна будзе ўдзельнічаць у конкурсе, і афіцыйнаму прадстаўніку варта быць больш самастойным, несці як творчую, так і фінансавую рызыку, звязаную з конкурсам".

Удзельнічаць у конкурсе маюць права асобы незалежна ад грамадзянства, якім на 14 мая 2011 года (калі адбудзецца "Еўрабачанне-2011") павінна быць не менш за 16 гадоў. Працягласць песні - тры хвіліны, яе могуць прадстаўляць максімум шэсць выканаўцаў на сцэне. Фінал конкурсу адбудзецца гэтым разам у нямецкім горадзе Дзюсельдорфе. Яго прамую трансляцыю будзе паказваць Першы канал.