Як паведаміла карэспандэнту "К" загадчык сектара культурна-масавай работы бібліятэкі Наталля Жывалкоўская, экспазіцыя аб'яднала кнігі, фота і публікацыі пра дзейнасць уганараваных аўтараў, а таксама біяграфічныя матэрыялы і іх творы, якія дэманстраваліся на нядаўняй выстаўцы ў Палацы Рэспублікі.
Адкрыў экспазіцыю дырэктар НББ Раман Матульскі, а пасля ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел многія лаўрэаты прэмій 2010 года. Гэта мастак Васіль Сумараў, рэжысёр-пастаноўшчык студыі ігравых фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Аляксандр Яфрэмаў, дуэт віртуозных баяністаў з аркестра народных інструментаў імя Л.Іванова Магілёўскай абласной філармоніі, бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Тамара і Уладзіслаў Сянцовы з Бабруйска, абрадавы калектыў "Цары" з Капыльскага раёна Мінскай вобласці ды іншыя.
Выстаўка будзе працаваць цягам месяца на трэцім паверсе бібліятэкі.