Правобраз для фільма

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

“Герой — мэта — перашкода”, або Парады для стваральнікаў новых “Пацін” і не толькі

/i/content/pi/cult/307/5236/pic_52.jpgЦягам апошніх трох нумароў "Культуры" чытачы нашай газеты мелі магчымасць азнаёміцца з паэпізодным сінопсісам поўнаметражнай мастацкай стужкі "Паціна. Тайна каралінскага медальёна", створанага супрацоўнікамі рэдакцыі. Сюжэт стужкі заснаваны не толькі на сучасных рэаліях, але і на фрагментах гістарычнай мінуўшчыны нашай краіны. Такім чынам, прапануемы кінапраект мае на мэце, у першую чаргу, папулярызацыю беларускай спадчыны, заклікае да клопату пра архітэктурныя помнікі, аднаўленне колішніх славутых на ўсю Еўропу цэнтраў культуры.

Пасля таго, як апошняя частка сінопсіса ўбачыла свет, у рэдакцыі прагучаў званок з Нацыянальнай кінастудыі: галоўны рэдактар "Беларусьфільма" Наталля Сцяжко выказала сваю зацікаўленасць прачытаным. Неўзабаве адбылася сустрэча аўтарскага калектыву "Паціны" з Наталлей Рыгораўнай у Інфацэнтры "Культура-інфа". Надзвычай насычаная і цікавая гутарка была прысвечана тым важным крокам, якія павінен зрабіць аўтар сцэнарыя, каб яго работа была па-сапраўднаму ацэнена і стала асновай для кінематаграфічнага твора. Зразумела, гаворка зайшла не толькі аб канкрэтным сцэнарыі, але і аб тым, які матэрыял запатрабаваны ў сучасным беларускім кіно, якія праблемы перашкаджаюць студыі мець якасны "сцэнарны партфель" і як гэтых праблем можна ўнікнуць. "Культура" прапануе меркаванні Наталлі Сцяжко наконт гэтых пытанняў. 

Галоўнае - канфлікт!

- Шляхі, якімі сцэнарый трапляе "ў работу", розныя. Самы просты - "эканамічны": калі аўтар прыносіць гатовы сцэнарый, які прымаецца рэдактурай і пасля мінімальных правак выносіцца на мастацкі савет кінастудыі, а потым - на Экспертны савет Міністэрства культуры. Калі яго ўхвалілі, то гэта сведчыць аб тым, што сцэнарый можа быць запушчаны ў вытворчасць. Але, на жаль, існуе яшчэ шэраг фактараў, якія ўплываюць на магчымасць увасаблення задум аўтара на экране, у тым ліку колькасць грошай, патрэбных для здымак, наяўнасць рэжысёра, чыё ўнутранае бачанне і творчая манера найбольш прыдатныя менавіта для абранага сюжэта.

Іншы шлях - да нас прыходзіць патэнцыйны аўтар з заяўкай сюжэта прыблізна на адну старонку, і калі ён зацікавіць студыю, то працягвае працу непасрэдна над літаратурным сцэнарыем. Трэба адзначыць, што насамрэч цікавых, арыгінальных заявак за ўвесь час супрацоўніцтва з "Беларусьфільмам" мне амаль не траплялася. Тым не менш, мы даём аўтарам магчымасць разгортваць іх у паўнавартасныя сінопсісы і сцэнарыі, зразумела, калі задумы патэнцыйных аўтараў адпавядаюць маральна-этычным нормам і прынцыпам нашай кінастудыі.

Дарэчы, тое, што стварыў калектыў "Культуры", - гэта якраз правобраз будучага сцэнарыя. Мне спадабалася літаратурная версія "Паціны", спадабалася як цікавае чытанне з улікам тых мэт, што ставіліся пры яго стварэнні. Па сутнасці, "Паціна" - так званы "паэпізоднік", падрабязны сінопсіс, структура якога адпавядае эпізодам будучай стужкі. Такую форму працы можна рэкамендаваць менавіта пачынаючым кінадраматургам, бо яна дазваляе атрымаць разуменне сутнасці кінематаграфічнай формы, а структуру такога сінопсісу лёгка трансфармаваць, дзякуючы асобным эпізодам. У сусветнай практыцы шмат выпадкаў, калі праца над сцэнарыем з'яўляецца калектыўнай: адзін аўтар выдумляе сюжэт і піша сінопсіс, другі - паэпізодны сцэнарый, трэці рыхтуе дыялогі і вобразы персанажаў. У асноўным такім чынам працуюць стваральнікі серыялаў.

У "Паціне" ёсць шэраг удалых момантаў, што раскрываюць характар галоўных герояў, кшталту сцэны, у якой Хрысціна едзе з Артурам у машыне і спрачаецца з ім. Таксама вельмі ўдалая - сцэна на аўтазапраўцы. Такія моманты трапна характарызуюць персанажаў будучай стужкі, іх адносіны з наваколлем, што павінна дапамагчы рэжысёру і акцёрам у далейшай распрацоўцы вобразаў.

Калі ж гаварыць увогуле пра сцэнарый, то вельмі важна разумець, што такое драматычны канфлікт. Калі ў прозе, скажам, ён можа падмяняцца філасофіяй, то ў кінасцэнарыі ўсё павінна быць прапісана дакладна, характары герояў - раскрывацца праз іхнія ўчынкі, а не праз думкі, не заўважныя на экране для гледача. Сцэнарны матэрыял павінен адразу ўяўляць з сябе гісторыю, прычым гэта не проста звычайны набор жыццёвых фактаў, а канфлікт па схеме "герой - мэта - перашкода".

У чые рукі?..

- Адказны момант для пачаткоўцаў - у рукі якога рэжысёра трапіць іх твор. Надзвычай важна, каб сцэнарый не разыходзіўся з унутраным "камертонам" пастаноўшчыка, лёг яму на душу. На жаль, можа адбыцца і так, што вельмі добры сцэнарый можа не знайсці рэжысёра, а бывае і наадварот, калі пастаноўшчыкі змагаюцца за права працаваць менавіта з пэўным матэрыялам. Даць канкрэтны і на сто працэнтаў дакладны "рэцэпт" немагчыма.

На Беларусі шмат добрых пісьменнікаў, якія ствараюць якасную прозу. Але драматургія - вельмі спецыфічны від літаратуры, пісаць яе, з улікам усіх патрабаванняў для будучага ўвасаблення вобразаў на экране, вельмі няпроста. Нават самыя таленавітыя празаікі аказваюцца вельмі разгубленымі, калі ўзнікае неабходнасць прыдумаць рухомых герояў, якія выражаюць свае характары праз дзеянне, а не праз размовы. Скажу так: здольных драматургаў на Беларусі - адзінкі. Лепшы на дадзены момант - аўтар "Павадыра" і "Масакры" Аляксандр Качан, які, дарэчы, зусім нядаўна завяршыў працу над сцэнарыем па рамане Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім".

Добрага аўтара трэба "песціць", плаціць годны ганарар, бо на рускамоўным сцэнарным рынку кошты на сцэнарыі - вельмі вялікія і дасягаюць дзясяткаў тысяч долараў. Больш за тое: праца вядомых кінадраматургаў распісана на гады наперад. Менавіта таму такі спосаб пошуку матэрыялу як сцэнарны конкурс - часцяком неэфектыўны, бо прызнаныя аўтары ў іх свядома не ўдзельнічаюць. А шукаць і вучыць пачаткоўцаў не так проста і патрабуе значных высілкаў.

Самы ж лепшы сцэнарый, які мне давялося браць у рукі за чатыры гады працы на пасадзе галоўнага рэдактара Нацыянальнай кінастудыі, належыць класіку беларускага кіно Міхаілу Пташуку і быў напісаны ім яшчэ ў сярэдзіне дзевяностых. Твор пад назвай "Крамлёўскія куранты, або Анёл-ахоўнік" распавядае пра жыццё беларусаў у сталінскія часы. На жаль, Міхаіл Мікалаевіч пайшоў з жыцця і не паспеў зняць саму стужку... Рэдактар не мае права ўносіць радыкальныя змены ў сцэнарый, нават калі яго меркаванне мае значна палепшыць тэкставы матэрыял.

Рэдактар можа толькі даваць парады аўтару, а прыслухоўвацца да іх ці не - справа апошняга. Пры прадзюсарскай мадэлі функцыянавання кінематографа, якая існуе ў большасці краін, прадзюсар заўсёды кантралюе стварэнне сцэнарыя, як і астатнія працэсы, уключаючы будучы пракат стужкі.

 Ці можа высакаякасны рэжысёр зняць фільм на няякасным сцэнарным матэрыяле?  Гэта пэўная ілюзія, бо рэжысёрскае бачанне не заўсёды супадае з задумай сцэнарыста. Прадзюсарская мадэль кіравання кінематографам якраз і дазваляе прыйсці да пэўнага кансэнсусу між усімі ўдзельнікамі за кошт таго, што толькі адзін чалавек - менавіта прадзюсар - бярэ на сябе ўсю адказнасць.

 

Тэма "Паціны" - надзённая

- Гістарычная фактура на экране вельмі патрэбная, менавіта цяпер, калі ў грамадстве назіраецца рост цікавасці да айчыннай культуры, да сваёй дзяржавы. Аб гэтым сведчыць і поспех стужкі "Масакра" Андрэя Кудзіненкі, і даныя грамадскага апытання, што ладзіла ваша газета ў мінулым і пазамінулым гадах. Таму, мяркую, "Паціна" адпавядае агульнай тэндэнцыі. Свету мы цікавыя найперш сваёй нацыянальнай тэматыкай, адметнасцю, таму сярод праектаў, што запушчаны цяпер у вытворчасць, - "Талаш", якога здымае Сяргей Шульга. Дарэчы, сцэнарый гэтай чатырохсерыйнай карціны можна лічыць адным з лепшых за апошні час.

Сучасная публіка - вельмі патрабавальная, але, адначасова, не надта абцяжарвае сябе чытаннем. Яна чакае найперш забавы, а не "лекцыі". Трэба ўлічваць і ўзрост сучаснага наведвальніка кінатэатраў: па ўсім свеце 90% гледачоў - маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў. Іх запыты трэба не проста ведаць, а - здымаць, зыходзячы з рэальных патрэб будучага спажыўца. Тут кіно нічым не адрозніваецца ад іншых сфер вытворчасці, у якіх асноўную ролю адыгрывае маркетынг, вывучэнне рынку. Любы сучасны кінапраект, які разлічвае на поспех, пачынаецца цяпер нават не з моманту напісання сінопсіса ці сцэнарнай заяўкі, а з высвятлення перспектыў пракату.

У Беларусі пакуль цяжка казаць аб рэнтабельнасці кінавытворчасці. Паспяховыя ў фінансавым плане праекты - тэлевізійныя, сумеснай вытворчасці з расійскімі кампаніямі. Відавочна, што нам патрэбны прарыў на сапраўдны сусветны ўзровень, але для гэтага трэба развіваць кантакты з элітай моцных у кіно краін, пашыраць удзел у міжнародных кінарынках і фестывалях. Бо нават вялікія грошы, укладзеныя ў здымкі, не гарантуюць пастаяннай высокай якасці стужак, як мы бачым на прыкладзе некаторых краін на постсавецкай прасторы.

Такім чынам, жаданне стварыць новы сцэнарый можна толькі вітаць. Спадзяюся, наша кінастудыя пройдзе стадыю рэканструкцыі і стане паспяховай установай, якая будзе ствараць кіно, канкурэнтаздольнае на сусветным рынку.

Ад рэдакцыі. Гэтай публікацыяй мы пачынаем даследаваць праблему распрацоўкі і ўвасаблення сцэнарыя ў беларускім кіно на прыкладзе канкрэтнага праекта. Сённяшняе меркаванне - толькі адзін погляд на "Паціну" і сцэнарную праблему ў нацыянальным кіно. Упэўнены, што знойдуцца і іншыя эксперты, чые меркаванні мы з задавальненнем прымем да ўвагі. Таксама калектыў аўтараў "Паціны" пачынае пошукі "роднаснай душы" - таго адважнага рэжысёра, унутраны "камертон" якога супадзе з галоўнай тэмай сцэнарыя - адраджэннем культурна-гістарычнай спадчыны нашай краіны.