Радок у CV: Венецыянская біенале

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Права куратара: тэндэнцыя прэм’ер і адказнасці за вынікі

/i/content/pi/cult/307/5235/pic_49.jpgБеларускі павільён 54-й Венецыянскай біенале спакваля набывае канкрэтныя абрысы. Літаральна некалькі дзён таму быў вызначаны папярэдні спіс яго ўдзельнікаў, які мы эксклюзіўна паведамім трохі ніжэй. Але самае важнае нават не гэта. Пакрысе выкрышталізоўваецца тая стратэгія - ды, адпаведна, і тактыка, - якая будзе вызначаць рэпрэзентацыю беларускага сучаснага мастацтва за мяжой.
Куратар выставачнага праекта Міхаіл Баразна лічыць Беларусь той еўрапейскай краінай, якой не трэба "вылузвацца са скуры", каб давесці сваю адметнасць. Таму яна можа апавядаць пра сябе без залішніх эмоцый, у спакойным і размераным тэмпе. Бо мае што сказаць. Уласна, такая пазіцыя шмат у чым вызначае куратарскі падыход да стварэння экспазіцыі павільёна Беларусі ў Венецыі.

Дамінанты ў працэсе...

З вызначэннем удзельнікаў чэмпіянату свету ўсё значна прасцей: спорт аперыруе канкрэтнымі лічбамі, якія лёгка параўноўваць. Іншая рэч - мастацтва.

Радок пра ўдзел у Венецыянскай біенале самым тлустым шрыфтам пазначаны ў curriculum vitae нават найзнакамітых мастакоў. Таму і не дзіўна, што прэтэндэнтаў на выставачную плошчу беларускага павільёна было нямала. Прапанаваць свой праект мог кожны ахвотны, і гэтай магчымасцю скарысталіся больш за тры дзесяткі аўтараў. Міхаіл Баразна запэўніў, што куратарская група ўважліва разгледзела ўсе заяўкі.

- Многія з гэтых праектаў падаліся нам вельмі цікавымі, - кажа куратар беларускага павільёна. - Але, у той самы час, некаторыя з іх ужо прэзентаваліся, а мы аддавалі прыярытэт менавіта "прэм'ерам". У некаторых іншых дамінаваў візуальны шэраг, а вось інтэлектуальны складнік значна яму саступаў. І гэтак далей...

Прааналізаваўшы гэты досыць змястоўны матэрыял, куратар і яго асістэнты спынілі выбар на такіх розных аўтарах, як Віктар Пятроў, Артур Клінаў, Дзяніс Скварцоў і Канстанцін Касцючэнка. Адпаведна, спіс удзельнікаў даволі кароткі: усяго чатыры прозвішчы.

Міхаіл Баразна лічыць, што беларускі павільён не варта прыпадабняць да "выстаўкі мастацкіх дасягненняў" былых часоў, якая ставіла сабе за мэту ахапіць усё і нікога не пакрыўдзіць, бо вынік часцяком атрымліваўся няўцямным для гледача. Недарэмна ж тыя выстаўкі ў кулуарах называлі з сарказмам.

- Беларусь, як і кожная культурна развітая краіна, сёння не здатная "распавесці" ў прасторы адной экспазіцыі аб усім мастацкім працэсе, які віруе на нашай тэрыторыі, - кажа куратар павільёна. - Бо сам гэты працэс вельмі разнастайны, інтэлектуальна насычаны і багаты на падзеі ды тэндэнцыі.

Дарэчы, па мерках Венецыянскай біенале, чатыры аўтары - гэта нават зашмат. Многія краіны даручаюць прадстаўляць сябе толькі аднаму мастаку. Не турбуючыся з той нагоды, што іншыя могуць пакрыўдзіцца.

У той самы час, фізічную абмежаванасць экспазіцыйнай прасторы (а яе параметры хоцькі-няхоцькі даводзіцца ўлічваць) у наш час можна лёгка пашырыць за кошт сучасных тэхналогій. Таму наведвальнікі, якім будзе цікавы паглыблены экскурс у сучаснае беларускае мастацтва, атрымаюць такую магчымасць дзякуючы мультымедыйным прэзентацыям. Запланаваны таксама і лекцыі з паказам дакументацыі.

 

Вастрыня пластыкі/i/content/pi/cult/307/5235/pic_50.jpg

Зрэшты, паўстае заканамернае пытанне: чаму менавіта гэтыя мастакі? Тым больш, усе чатыры прозвішчы на таталізатары не адгадаў бы, мусіць, ніхто: прадказальным выбар куратара не назавеш. Бо калі Артур Клінаў і сапраўды лічыцца адным з найбольш запатрабаваных аўтараў беларускага contemporary art, дык пра маладога скульптара Канстанціна Касцючэнку гэтага пакуль не скажаш. А Дзяніс Скварцоў вядомы перадусім у зусім іншай іпастасі: як кінарэжысёр "батальнага жанру".

- У той самы час, варта нагадаць, што ён мае таксама і адукацыю графіка, прычым дыпломная праца Скварцова ў Венскай акадэміі мастацтва была адзначана вельмі высока, - кажа Міхаіл Баразна. - Для мяне як для куратара гэты аўтар цікавы праз сваё валоданне сінтэтычнымі, а часам і сінкрэтычнымі, мовамі сучаснай візуальнай пластыкі, уменнем выбудоўваць вобразны шэраг вельмі дакладна і востра (між іншым, пра гэта сведчыць нават кінематаграфічны досвед Дзяніса). Тым больш, Скварцоў цалкам інтэграваны ў сучаснае еўрапейскае мастацкае жыццё. Тое ж самае можна сказаць і пра Віктара Пятрова, чыю творчасць магчыма назваць узорам папраўдзе грунтоўнага, удумлівага падыходу ў сучасным мастацтве Беларусі. У сваю чаргу, Канстанцін Касцючэнка цікавы перадусім як прадстаўнік той тэндэнцыі, якая апошнім часам даволі выразна праяўляецца ў нашай краіне,- стварэнне аб'ёмнай манументальнай пластыкі. Лічу, што яна павінна быць цікавай і за межамі Беларусі...

- У першую чаргу, выбіраліся не аўтары, а менавіта праекты, - дадае галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зіменка, які з'яўляецца асістэнтам куратара. - Мы не выбіралі мастакоў з улікам іх былых заслуг або... толькі за тое, што яны ёсць. Да таго ж, паводле сусветнай практыкі, канчатковы выбар застаецца менавіта за куратарам.

Але, разам з тым, на яго ўскладаецца і адказнасць за вынікі... Напэўна, іншы механізм ажыццяўлення гэтага выбару нават цяжка прыдумаць. Бо погляды на сучаснае мастацтва ў цэлым і на яго рэпрэзентацыю ў рамках канкрэтнага выставачнага праекта ва ўсіх розныя. І хтосьці ўсё ж павінен мець права апошняга слова.

Міхаіл Баразна перакананы: куратар не мусіць вучыць мастака трымаць пэндзаль (зразумела, што апошняе слова ўжыта тут фігуральна). Бо галоўная куратарская функцыя - паўнавартаснае выяўленне індывідуальнасці аўтара.

 

Саломкі не будзе

На думку куратара, творы ўсіх чатырох аўтараў можна назваць менавіта беларускімі. Нягледзячы на характэрны для сучаснага мастацтва ўніверсалізм, яны маюць і нацыянальныя рысы. Хаця, магчыма, не кожны ўбачыць іх "няўзброеным вокам".

- Адзін журналіст задаў мне літаральна наступнае пытанне: ці будуць у павільёне Беларусі прадстаўлены вырабы з саломкі? - пасміхаецца Міхаіл Баразна. - На жаль, быў вымушаны яго расчараваць: сувенірнай прадукцыі ў этнастылі на біенале сучаснага мастацтва не будзе. Прынамсі, у павільёне Беларусі.

Напаўжартам падумалася: а чаму б і не? Усе будуць выстаўляць мудрагелістыя відэаінсталяцыі, а мы - саломку. Можа, гэта - магчымасць вылучыцца?

- Прааналізаваўшы матэрыялы папярэдніх біенале, мы атрымалі магчымасць вучыцца на чужых памылках, - кажа Аляксандр Зіменка. - Прыкладам, адна з краін Персідскай затокі зрабіла павільён у сваім нацыянальным стылі - з пальмамі, дыванамі, адно што без жывых вярблюдаў. Яго аўтары разлічвалі, што для Еўропы гэта будзе экзотыка. А ў выніку - поўны правал! Бо біенале адлюстроўвае мастацтва пошуку, эксперыменту, тыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў агульнасусветным рэчышчы, але ж у кожнай краіне - па-свойму...

Экзотыка здатная выклікаць хіба паблажлівую ўсмешку. Хаця спакуса эксплуатацыі стэрэатыпаў даволі моцная.

Зусім нядаўна давялося наведаць адну прэтэнцыёзную выстаўку сучаснага беларускага мастацтва ў блізкім замежжы. Яе куратар "адкрываў" Беларусь з тым самым імпэтам, з якім знакаміты Кук некалі набліжаўся да невядомай чалавецтву ціхаакіянскай выспы. І мне тая, адкрытая ім, Беларусь не спадабалася: яна падалася нейкім месівам, дзе "выразы твараў" не праглядаюцца, аднамернай паводле свайго ўзроўню мыслення і... несапраўднай.

Тут варта адзначыць, што і сам куратар быў замежны. Адпаведна, ён адлюстроўваў ці то сваё павярхоўнае бачанне, ці то тамтэйшую "кан'юнктуру рынку". Тэкставыя эксплікацыі да твораў выклікалі шчырае недаўменне: часам яны пазбаўлялі аўтара голасу і экзістэнцыі, робячы яго выказнікам прапісных ісцін...

 Міхаіл Баразна вельмі дарэчы прывёў аналогію з конкурсам піяністаў: каб прымусіць публіку апладзіраваць, трэба бездакорна выканаць складаны твор. І толькі так ты зможаш засведчыць агульны ўзровень культуры ў тваёй краіне. Іншым спосабам нешта давесці папросту немагчыма.

- Думаю, што перадаць падрыхтаванай публіцы дух твайго народа можна нават у ледзь улоўных паўтонах, - дадаў куратар праекта. - А карціна сучаснай беларускай культуры - гэта зусім неабавязкова вялізнае палатно, выкананае яркімі фарбамі. Шмат якія важныя рэчы можна ўвасобіць і ў камерных формах.

 

■ ■ ■

Выбар куратара - гэта заўсёды рызыка. Бо ніхто не можа дакладна ўявіць, у што пераўтворыцца ідэя, увасобленая непасрэдна ў экспазіцыю. І таму яшчэ да таго, як творы адправяцца ў Венецыю, плануецца своеасаблівая "разведка боем" - прэзентацыя павільёна ў Мінску. Гэта будзе свайго кшталту "генеральная рэпетыцыя", дзе, пры неабходнасці, можна яшчэ ўнесці пэўныя карэкціроўкі.

- Тая задача, якую мы ставім сёлета, - гэта менавіта знаёмства артістэблішмэнту з беларускім мастацтвам, - кажа Аляксандр Зіменка. - Гэта не падсумоўванне вынікаў, але толькі пачатак новай традыцыі - удзелу Беларусі ў Венецыянскай біенале.

Без сумневу, ініцыятыва міністра культуры краіны Паўла Латушкі была вельмі своечасовай. Бо айчынныя творцы папраўдзе камплексавалі з прычыны "няўдзелу" краіны ў біенале.

Міхаіл Баразна перакананы: беларускія мастакі не будуць выглядаць у Венецыі неактуальна, бо іхняя творчасць даўно інтэгравана ў еўрапейскія і сусветныя мастацкія працэсы. Пра гэта сведчыць і тое, што яны пачуваюцца "ўпоравень" са сваімі замеженымі калегамі на многіх міжнародных выстаўках.

- Не так даўно ў нас у БДАМ была абарона дысертацыі на тэму прадстаўніцтва беларускага выяўленчага мастацтва за мяжой. Дык адзін толькі дадатак да працы з пералікам выставак заняў ажно 300 старонак! І гэтыя кантакты з года ў год становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі...

Сёння такія праекты арганізоўваюць перадусім самі мастакі, але, як адзначыў Аляксандр Зіменка, Міністэрства культуры гатова разгледзець усе прапановы і аказаць пасільную дапамогу некаторым з іх. Балазе прэцэдэнты ўжо былі: летась фатограф Вольга Савіч і музыкант Сяргей Пукст атрымалі фінансавую дапамогу для ўдзелу ў фестывалі ў Францыі.

Безумоўна, што ініцыятыву па "адкрыцці" сучаснага беларускага мастацтва за мяжой нельга аддаваць выключна на водкуп замежным жа куратарам. Бо іначай мы рызыкуем не пазнаць сябе ў тым партрэце, які будзе створаны без нашага ўдзелу.