Паціна

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Таямніца каралінскага лабірынта. Сінопсіс поўнаметражнага мастацкага фільма. Сёння мы завяршаем публікацыю створанага ў сценах нашай рэдакцыі сінопсісу поўнаметражнага мастацкага фільма ў жанры прыгод з элементамі містычнага трылера. Чакаем вашых зацікаўленых або крытычных водгукаў!

/i/content/pi/cult/306/5227/pic_38.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 1 - 3.)

 36. Асвятляючы сабе шлях ліхтаром, Алесь прабіраецца праз вільготны камяністы лабірынт. У яго думках адна за адной мільгаюць версіі адносна таго, што магло здарыцца з Хрысцінай. Першая версія: дзяўчына падае і трапляе ў бяздонны калодзеж, з якога немагчыма выбрацца. Другая версія: Хрысціна правальваецца ў яміну і натыркаецца на ржавыя дзіды, пастку, падрыхтаваную кімсьці ў былыя часы. Хлопец матляе галавой, каб пазбавіцца ад ачмурэлых відзежаў. Змрочны антураж старых сутарэнняў гэтаму не спрыяе. Алесь бачыць наперадзе месяцовае святло, што прасочваецца аднекуль згары. Амаль бегма рушыць туды. Ён разумее, што знайшоў тое месца, куды трапіла Хрысціна, - пра гэта сведчыць і губная памада, адшуканая ім на камяні, пакрытым слізкім іржавым імхом. Яна апынулася тут дакладна не ў пазамінулым стагоддзі. Але самой Хрысціны там няма. У галаве Алеся фарміруецца трэцяя версія развіцця падзей: праваліўшыся ў яміну, дзяўчына пачынае зваць на дапамогу. Але яе ніхто не чуе, і тады яна спрабуе сама знайсці выхад з лабірынта.

37. Хрысціна брыдзе па сутарэннях, асвятляючы сабе шлях мабільнікам. Раз-пораз заве на дапамогу, пакуль яе голас зусім не садзіцца. Змяняючы становішча тэлефона, некалькі разоў спрабуе набраць чыйсьці нумар, але штораз у слухаўцы чуваць: "Паслугі сувязі - недаступныя". Рушыць далей. У пэўны момант яна ледзьве не б'ецца галавой аб мур і разумее, што трапіла ў тупік. Даводзіцца вяртацца. Дзяўчына разумее, што канчаткова заблукала ў гэтым лабірынце. Зарад акумулятара на тэлефоне ўжо на апошняй "рысцы".

38. Дом Хрысціны. Бацька глядзіць тэлевізар. Паказваюць фінал чэмпіянату свету па футболе. Тэлефануе Артур, пытае, дзе Хрысціна. Вадзім Георгіевіч без усялякай ахвоты адказвае: "Ды, мабыць, пайшла "паклубіцца". Ці як гэта ў моладзі называецца?". У гэты час напружанне на полі ўзрастае, чуваць голас каментатара: "Ён выходзіць адзін на адзін з варатаром... Адказны момант... Удар!". Артур распавядае пра тое, што ён здолеў вырашыць праблему з набыццём маёмасці, і ўжо заўтра руіны палаца, якія перашкаджаюць афармленню дакументаў, будуць зраўнаваны з зямлёю. Вадзім Георгіевіч безуважна яго слухае, дзякуе будучаму зяцю за ягоныя клопаты, потым кажа, што вельмі заняты, і просіць ператэлефанаваць заўтра.

39. Хрысціна працягвае блуканні па лабірынце. Слабы прамень імправізаванага ліхтарыка асвятляе шурпатыя сцены. Раптам краем вока яна заўважыла нішу ў сцяне. І адразу ж здрыганулася ад жаху: у ёй ляжаць спарахнелыя косткі. Сярод іх - нейкі яркі прадмет. Першае памкненне дзяўчыны- бегчы адсюль... Але цікаўнасць перамагае страх, і Хрысціна набліжаецца да шкілета ўшчыльную. Асцярожна бярэ медальён, які звісае на ланцужку з рэшткаў кісці рукі, адкрывае яго. У медальёне - два партрэты: Ганны-Марыі і Францішка. Хрысціна падносіць іх да вачэй, каб уважліва разгледзець... Раптам аднекуль з глыбіні лабірынта "выплывае" постаць маладой шляхцянкі ў старажытных убраннях. Менавіта ейны партрэт выяўлены ў медальёне. Хрысціна згадвае эпізод з гісторыі палаца, які надоечы распавёў ёй Алесь. І інтуітыўна адчувае, што перад ёю дачка колішняга гаспадара - Ганна-Марыя. Здань ушчыльную набліжаецца да Хрысціны. Дзяўчына слупянее і нібыта страчвае прытомнасць. На экране паўстае трагедыя, якая разгарнулася ў лабірынце два з паловай стагоддзі таму.

40. Уцякаючы ад пагоні, Ганна-Марыя і Францішак рушаць па сутарэннях пры святле паходняў. Яны выглядаюць знясіленымі. Ганна-Марыя кажа свайму каханаму, што дзесьці ў сутарэннях ёсць схованка з золатам і прапаноўвае ўзяць частку грошай у якасці яе пасагу. Дзяўчына чула ад бацькі, што рычаг, які адкрывае тайнік, абазначаны бронзавай ільвінай галавой, у разяўленую пашчу якой трэба ўставіць палец. Яны паасобку шукаюць гэты знак. Францішак бачыць пліту ў нізкай столі аднаго з калідораў, а побач з ёю- барэльеф у выглядзе львінай галавы. Але ж уставіць палец няма куды: пашча закрытая. Францішак не надае гэтай дробязі ніякай увагі і паступова паварочвае пысу льва. Ганна-Марыя падбягае і крычыць, каб ён не чапаў падазроны рычаг, але... Ужо позна: механізм спрацоўвае, пліта ссоўваецца з месца, спакваля адкрываючы шлюз над галавою. Нечакана з люка пачынае сачыцца вада. Ганна-Марыя кідаецца да каханага са словамі: "Гэта не той леў! Гэта пастка! Над намі- возера!". Францішак напружвае сілы, спрабуючы вярнуць пліту на месца і закрыць люк. З вялікай цяжкасцю, але яму гэта нібыта ўдаецца. Аднак напор вады няспынна мацнее, і зразумела, што неўзабаве Францішак ужо не здолее стрымаць гэты вадаспад. Ён крычыць дзяўчыне, каб тая ўцякала, упрошвае яе дзеля іх кахання. Ганна-Марыя бяжыць. Праз некалькі хвілін пліта зусім адрынулася, зваліўшы Францішка магутным ударам. Калідор імгненна напаўняецца вадой, герой гіне.

41. Хрысціна, трызнячы, шэпча: "Які жахлівы фінал! Што ж Ганна-Марыя?..". Тады перад ёй паўстае і працяг гісторыі.

42. Ганну-Марыю знайшлі слугі яе бацькі. Казімір Бусліцкі-Мярэцкі даруе сваёй дачцэ, радуючыся яе выратаванню. Неўзабаве адбываецца яе шлюб з заможным шляхцічам. Бацька спадзяецца, што гісторыя кахання дачкі з часам знікне бясследна. Але Ганна-Марыя нават праз доўгія гады не можа забыць каханага. Адразу пасля яго гібелі яна папрасіла садоўніка Стэфана пасадзіць у памяць аб Францішку дуб, і з тае пары ходзіць да яго штодня. Яе суцяшэнне - толькі сын Адась. Ніхто не ведае пра тое, што ягоным бацькам насамрэч з'яўляецца Францішак.

43. Прайшоў час. Ганна-Марыя ў сталым веку. У палацы - сямейная вячэра. За сталом сабраліся яе ўнукі. Пажылая пані развітваецца з усімі і выходзіць на балкон з відам на возера. Гледзячы кудысьці ўдалечыню, яна нібы звяртаецца да Францішка: "Мяне, любы, ужо нішто на гэтым свеце не трымае".

44. Уначы Ганна-Марыя бярэ свечку і сыходзіць з пакоя тым самым шляхам, якім яна ўцякала разам з Францішкам. Яе фігура спакваля знікае ў цемры. У руцэ ГанныМарыі - медальён, які калісьці падарыў ёй каханы.

45. Артур вечарам у сваім кабінеце дае даручэнне сакратару праплаціць будаўнічую тэхніку, якая заўтра павінна расчысціць пляцоўку ў Каралях ад рэшткаў палаца. Ён таксама просіць заказаць столік на дваіх у рэстаране на наступны вечар.

46. Трымаючы ў руцэ той самы медальён, Хрысціна разумее, што здань Ганны-Марыі кліча яе за сабою. Дзяўчына ідзе за постаццю, якая час ад часу знікае ў паваротах лабірынта. Не спыняючы хады, Хрысціна, бы наяве, бачыць у калідорах сутарэнняў гістарычныя падзеі розных часоў, звязаныя з тым месцам, дзе яна знаходзіцца (рэхам гучаць галасы з мінулых эпох): сярэднявечную вязніцу, дзе палоннага крыжака сцеражэ ахоўнік у латах ("Па загадзе князя Вітаўта... Вітаўта..."); навукоўца часоў Рэнесансу, які ставіць нейкія складаныя вопыты ("Мultum in parvo... parvo..."); дуэль шляхцічаў ("Гонар маю... маю... маю"); 1790-я гады. Ганну-Марыю з сынам, якая вымае з тайніка, абазначанага раскрытай ільвінай пашчай, залатыя манеты, іх яны перадаюць паўстанцам ("Адвага Касцюшкі... Касцюшкі..."); уцёкі напалеонаўскіх салдат ("La fin de Napolеon..."); невялікую канспіратыўную групу моладзі, якая чытае пракламацыі ("Мужыцкая праўда"... Рэвалюцыя-я-а..."); партызанскую друкарню часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе з рэпрадуктара чуваць зводку Саўінфармбюро і голас Янкі Купалы ("...Партызаны, партызаны, беларускія сыны..."), бой каля палаца (гукі стрэлаў і выбухаў) у дымавой заслоне, салют з ракетніц ("Перамога!.. перамога!..").

47. Дзяўчыну вяртае ў свядомасць голас Алеся, які гукае ейнае імя. Спярша ёй здаецца, што гэта крыкі прывідаў. Але раптам на іншым канцы калідора з'яўляецца знаёмая постаць.

48. Пад час пошукаў Алесь і сам заблукаў у гэтым лабірынце. Ён бачыць у столі пліту, побач з якою - спакуслівы рычаг з выявай ільвінай пысы. Хлопец працягнуў руку, каб яго павярнуць. Але ў той самы момант яго ўбачыла Хрысціна. Перад яе вачыма зноў прамільгнула сцэна смерці Францішка. Яна крычыць: "Стой! Не рабі гэтага!"- і бяжыць да Алеся. Яны кідаюцца адно да аднаго.

49. Світанак. Над возерам з'явіліся першыя промні сонца. Святло прабіваецца і ў сутарэнні. Дзякуючы яму Хрысціна і Алесь, урэшце, знайшлі выхад з лабірынта - адзін са шматлікіх схаваных лазаў. Яны выбіраюцца на паверхню і апынаюцца пасярод руін палаца.

50. Туды ўжо пад'ехалі бульдозеры ды іншая будаўнічая тэхніка. Артур ставіць перад прарабам задачу: цягам дня зраўнаваць з зямлёй рэшткі старога будынка. Прараб згодна ківае галавой і кажа: "Будзе зроблена". Базыль, які выбег са сваёй хаты на шум матораў, упрошвае не руйнаваць палац, але яго ніхто не слухае. Будаўнікі бяруцца за справу. Маторы заводзяцца. Жалезная балванка павольна набліжаецца да руін. Але ў гэты самы момант літаральна перад будаўнікамі паўстаюць дзве фігуры - брудныя і знясіленыя хлопец з дзяўчынай.

51. Хрысціна спыняе будаўнікоў словамі: "Не руйнаваць!". Артур не разумее яе паводзін, імкнецца пацалаваць, каб супакоіць. У гэты момант магутная тэхніка асоўваецца на сцяну палаца. Алесь літаральна кідаецца пад яе колы. Артур замахваецца на яго з лаянкай. Хрысціна становіцца паміж імі...

 

Эпілог

Прайшоў час...

52. Вечар. Руіны накрыты будаўнічай сеткай з выявай праекта адноўленага палаца. Дагледжаны парк. У адным з яго куткоў- нядаўна пабудаваная каплічка з пахавальнай плітой, на якой высечана імя Ганны-Марыі Бусліцкай-Мярэцкай.

 53. Проста на сетку нацягнуты вялізны экран. Сёння тут адбываецца прэм'ера фільма Алеся. Сярод VIP-гасцей у смокінгах - і Вадзім Георгіевіч, а таксама прафесар з Акадэміі мастацтваў, Артур з новай дамай, замежныя турысты і кінакрытыкі. Дзед Базыль, мясцовыя жыхары ў сваіх святочных апратках.

54. Прэзентацыя пачынаецца. Перад экранам узнікаюць Алесь і Хрысціна ў строях XVIII стагоддзя. Алесь звяртаецца да сваіх першых гледачоў, а таксама дзякуе мясцоваму люду, валанцёрам, спонсарам і мецэнатам за дапамогу ў адраджэнні палаца. Імправізаваная зала сустракае апладысментамі цітры на экране: "Таямніца каралінскага медальёна".

55. А ў гэты час адзін з мясцовых жыхароў разглядае своеасаблівую экспазіцыю на вольным паветры, створаную з тых рэліквій, якія дзед Базыль захоўваў у тайніку. Цяпер яны даступныя для ўсеагульнага агляду.

56. Раптам каралінец зрываецца з месца, бяжыць дахаты і бярэ з гарышча нейкі дзіўны прадмет, месцамі пакрыты пацінай. Ачышчае яго ад бруду і павуціння. Праяўляецца старажытны герб, выціснуты на рыцарскім шчыце...

КАНЕЦ

Сцэнарная група - Людміла КРУШЫНСКАЯ, Ілля СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Антон СІДАРЭНКА