“Пташуні гнёзда” Анатоля Арцімовіча

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

У мінскім Музеі сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва завяршае працу цудоўная выстаўка скульптуры “Узбагачаючы адно аднаго” лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Анатоля Арцімовіча, які летась адзначыў сваё 70-годдзе, і яго таленавітых вучняў па Беларускай акадэміі мастацтваў.

/i/content/pi/cult/306/5226/pic_35.jpgЯкія высновы можна зрабіць пасля агляду гэтай незвычайнай экспазіцыі? Па-першае, тое, што сучаснае мастацтва не існуе без трывалых генетычных сувязей з мінулым, калі за мінулае ўпэўнена ўзяць хаця б 1970 - 80-я гады. Падругое, тое, што ў нашай выяўленчай культуры ёсць вельмі моцныя патэнцыйныя сілы, якія ўжо заўтра будуць уяўляць каштоўны маральны зрэз усяго лепшага, што пакінулі пасля сябе іхнія папярэднікі - настаўнікі А.Бембель, А.Глебаў, А.Анікейчык - і тыя, хто і сёння годна працягвае іх творчыя запаветы: А.Арцімовіч, Г.Мурамцаў, У.Слабодчыкаў і іншыя. Прычым і эстэтычныя крытэрыі ўдзельнікаў выстаўкі вельмі высокія, і тут не трэба адназначна ацэньваць творчасць маладога або "сярэдняга" пакалення са знакам плюс або мінус, па ўбываючай або ўзрастаючай, ад мінулага да сённяшняга.

З гэтага пункта гледжання экспазіцыя мае, безумоўна, станоўчы бок, бо, вызваляючы н а ш у свядомасць з палону звыклых параўнальных супастаўленняў, дае свабоду для больш аб'ектыўных і прадузятых меркаванняў.

Акрамя таго, з блізкай часавай адлегласці мастацтва сучаснай скульптуры ўчарашніх "акадэмістаў" выкарыстоўваецца найбольш выпукла і выразна, з'яўляецца магчымасць больш пільна ўгледзецца ў яго, разгледзець асобныя кірункі як станковай, так манументальнай і дэкаратыўна-паркавай скульптуры.

Мяне ўразіла разнапланавасць не толькі ўласна тэм /i/content/pi/cult/306/5226/pic_36.jpg(ад міфалогіі і гісторыі краіны да ўдалых спроб па-новаму, па-свойму, асэнсаваць сучаснасць і яе вострыя праблемы), але і разнастайнасць матэрыялаў: бронза, мармур, граніт, дрэва, зварны метал, сілумін, тэракота, шамот і нават каляровае шкло.

А імёны многіх вучняў А.Арцімовіча ўжо даўно "на слыху": М.Інькоў, А.Хараберуш, У.Ламейка, С.Бандарэнка, І.Засімовіч, П.Лук, Ю.Анушка, Д.Комлеў, А.Шаціла, П.Вайніцкі, Я.Колчаў, Д.Аганаў, І.Чумакоў, А.Шомаў, М.Дробыш, М.Яршоў, А.Бакуменка, В.Нячай...

Сам мэтр Анатоль Яфімавіч прадставіў некалькі сваіх станковых твораў і фотарэпрадукцый помнікаў і мемарыялаў, якія ён стварыў на сваім веку: ад Кургана Славы і помніка князю Барысу ў Барысаве да манумента Ф.Скарыну ў Калінінградзе, помніка ў гонар перамогі рускіх салдат на Бярэзіне ў 1812 годзе, помніка Ізяславу і Рагнедзе ў Заслаўі...

/i/content/pi/cult/306/5226/pic_37.jpgАсобнай увагі заслугоўвае фотасерыя, якая распавядае пра тое, як А.Арцімовіч разам з сынам Іванам і У.Церабуном працуе над унікальным мемарыялам для г. Слоніма, прысвечанага воінам Першай сусветнай вайны, дзе галоўны сімвал - крылаты Геній салдацкай славы - адрывае ад сябе Меч вайны. Вайны ўвогуле, бо вайна заўсёды нясе смерць, няшчасці, боль, пакуты... І грамадзянскі абавязак кожнага, як падкрэсліваюць аўтары праекта, - памятаць аб тым.

Вось такія думкі з'явіліся ў мяне пасля прагляду гэтай, не вельмі вялікай, экспазіцыі, якая па сваёй эмацыянальнасці і прафесіяналізму выклікала добрыя пачуцці і надзею на заўтрашні дзень нашага мастацтва.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"