Галоўнае — “тэатр”!

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

21 студзеня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адзначае 20-годдзе свайго заснавання. Створаны ў 1990-м як тэатр-лабараторыя для беларускіх драматургаў-пачаткоўцаў, за гады свайго існавання з унікальнага “прэцэдэнту” ён ператварыўся ў адзін з флагманаў тэатральнага жыцця ў нашай краіне. І натуральна, што пад час урачыстай імпрэзы ў сценах тэатра шматлікія госці і прыхільнікі творчага курса РТБД адзначаюць не столькі сам ўзрост калектыву (па тэатральных мерках — не такі ўжо і вялікі), колькі факт яго жыццё- вага і творчага “росту”.

/i/content/pi/cult/306/5223/pic_31.jpgЯк спалучыць у сабе функцыі творчай лабараторыі і не страціць пры гэтым патрабаванняў прафесійнага ўзроўню? Як зрабіць так, каб сцэнічныя эксперыменты маладых былі цікавыя не толькі ім самім ды вузкаму колу прафесіяналаў, але і звычайным гледачам, што прыходзяць, найперш, - у Тэатр? Урэшце, як дабіцца ў наш час таго, каб тэатр існаваў не толькі і не столькі як "камплект штатных адзінак", а- як цэласны дружны калектыў аднадумцаў, кола якога, дарэчы, зусім не абмяжоўваецца прац о ў н а й прыналежнасцю да трупы РТБД? На гэтыя і шэраг іншых пытанняў, што для многіх тэатралаў падаюцца рытарычнымі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адказвае ўжо самім фактам уласнага існавання. І няхай сабе крытыкі з "хірургічным" педантызмам падыходзяць да кожнага новага спектакля, што з'яўляецца на падмостках тэатра. Яго лідар Валерый Анісенка з гонарам разгортвае велізарны "скрутак" са словамі захаплення і падзякі ад гледачоў, які, дарэчы, месціцца проста ў фае, так што кожны ахвотны можа п а к і нуць у ім свой запіс, - і гэты яго "казырны" аргумент растоплівае нават самыя ледзяныя сэрцы.

Звычайна па падобных юбілейных нагодах задаеш сабе пытанне: а што б асабіста ты распавёў пра гэты тэатр, калі б давялося размаўляць пра яго з чалавекам, які не мае аніякага ўяўлення, што гэта за "птушка" такая? Для мяне, бадай, самай адметнай яго рысай з'яўляецца той факт, што Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі- папраўдзе адзіны ў нашай краіне тэатральны калектыў, адкрыты практычна для ў с і х ахвотных да творчага самавыяўлення. І гэта - свядомая палітыка кіраўніцтва ўстановы, якая грунтуецца, аднак, зусім не на "ўсяяднасці", а на трывалым перакананні ў тым, што толькі маладыя ініцыятыўныя кадры здольныя не даць тэатру ператварыцца ў творчае "балота", няхай сабе эксперыментальнае ці, наадварот, акадэмічна-тытулаванае. А таму Валерый Анісенка больш за што іншае адстойвае права тэатра на творчыя эксперыменты, пошукі, і, не саромеючыся казаць: "Не дам крыўдзіць маіх дзяцей!", - горача змагаецца за тое, каб РТБД ні ў я к і м выпадку не перат в а рыўся ў звыклую ўстанову, для якой галоўным клопатам стане адно толькі задавальненне глядацкіх патрэб ды касавыя зборы.

І вось ужо пры тэатры адкрываецца Малая сцэна, якая напачатку ўяўляе з сябе... фае з расстаўленымі крэсламі, але сам факт таго, што ёсць "закуточак" для ўсіх, каму не абыякавая творчасць як форма існавання ў прафесіі, не можа не цешыць. А потым і Цэнтр сучаснай драматургіі, які да гэтага існаваў адно толькі ў выглядзе намінальнай штатнай адзінкі, што "вартавала" стосы рукапісаў п'ес айчынных аўтараў, трапіўшы пад крыло РТБД, акрыяў і паступова набыў сваё жывое аблічча - маладзёжнае, дзёрзкае і нават крыху правакацыйнае ў плане творчага выкліку сваім старэйшым калегам.

Можна было б шмат яшчэ гаварыць пра тое, што Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі за час свайго існавання паставіў мноства цікавых твораў, стварыўшы шэраг спектакляў, якія былі адзначаны высокімі ўзнагародамі на самых прэстыжных міжнародных фестывалях, адкрыў больш за тры дзясяткі імёнаў новых беларускіх драматургаў, даў пуцёўкі ў прафесійнае жыццё не аднаму рэжысёру... Аднак усе гэтыя афіцыйныя словы творчага прызнання будуць яшчэ не раз прамоўлены на адрас калектыву ў атмасферы святочных імпрэз. Сёння ж, на старонках нашага выдання, нашмат больш важным падаецца сказаць, што адным з прынцыпова важных здабыткаў, якімі РТБД па праве можа ганарыцца, з'яўляецца стварэнне дзейснага асяродка для развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва, своеасаблівага творчага "інкубатара", дзе з дапамогай клапатлівых спецыялістаў-памагатых нараджаюцца новыя айчынныя драматургі, рэжысёры, акцёры - маладыя творцы.

На здымку: сцэна са спектакля "Чорны квадрат".