За шклом...

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Стратэгія Дзяржпраграмы нацыянальных дзеянняў...

Культурная рэакцыя на "in vino veritas"  

Хваробу, вядома, лепш папярэдзіць. Асабліва ўзгадваеш гэтую мудрасць, калі размова заходзіць аб адной з самых цяжкіх хвароб грамадства - алкагалізме. У мэтах барацьбы з сацыяльнай немаччу Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў пастанову аб Дзяржаўнай праграме нацыянальных дзеянняў па папярэджванні і пераадоленні п'янства і алкагалізму на 2011- 2015 гады. Вялікая колькасць мерапрыемстваў, што запланаваны ў межах Праграмы, датычацца галіны культуры. Без сумневу, культработнікі і раней надавалі значную ўвагу барацьбе з гэтым сацыяльным злом, выпрацоўвалі свае сродкі і метады. Адзін з найарыгінальных - музей "Антыбахус", які стаў сапраўднай адметнасцю Ганцавіцкага раёна. Яго стваральнік Мікалай Ленкавец здолеў не толькі сабраць мноства бутэлек ад алкагольных напояў, але і стварыць з іх назваў гумарыстычныя сюжэты. Героі тэлесерыялаў часта выпіваюць на экране і ад гэтага становяцца яшчэ "круцейшымі". Прадактплэйсмент як форма рэкламы працуе эфектыўна, прапагандуючы не толькі канкрэтную марку, але і лад жыцця. "Антыбахус", у сваю чаргу, выяўляе абсурднасць і "брэндаў", і саміх такіх уяўленняў пра "крутасць". "Смехавы падыход" дзейнічае куды лепей за натацыі. Зрэшты, падыходаў можа быць шмат.   

 

Акцэнт на прафілактыку

Чалавек у клетцы з "духмяных" бутэлек і гранёных шклянак - праблема інтэрнацыянальная. Краіны з розных кантынентаў шукаюць найбольш эфектыўны спосаб у барацьбе з заганай, што разбурае цела і калечыць душу. Аднак маштабы навалы адназначна сведчаць, што вырашыць праблему такіх памераў можна толькі сумесна. Адным з крокаў стала прыняцце Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў маі мінулага года Глабальнай стратэгіі скарачэння празмернага ўжывання алкаголю.

Беручы пад увагу яе палажэнні, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права ў сферы аховы здароўя насельніцтва, Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п'янства і алкагалізму на 2011 - 2015 гады была распрацавана ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Яна стала лагічным працягам рэалізацыі адпаведнага дакумента мінулай пяцігодкі.

- Канешне, праблему п'янства нельга вырашыць тэрмінова. Усе нашы дзеянні накіраваны на паэтапнае пераадоленне заганы, - распавёў карэспандэнту "К" намеснік міністра культуры краіны Тадэуш СТРУЖЭЦКІ. - Сёлетняя Праграма робіць акцэнт на значную актывізацыю дзейнасці ў дадзеным напрамку, распрацавана з улікам папярэдняга вопыту і новых падыходаў, якіх вымагае час. У першую чаргу гэта выяўляецца ў больш дакладнай скардынаванасці дзейнасці зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў...

Прынцыпова новым у распрацаваным дакуменце стала акцэнтацыя на прафілактыктычную дзейнасць: выяўленне, прадухіленне і памяншэнне ўплыву комплексу прычын і ўмоў, якія спрыяюць ужыванню алкаголю. На выкананне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў будзе накіравана 45 070,8 мільёна рублёў.

- Неабходна зазначыць, што за апошнія гады ў сферы культуры сфарміравана пэўная сістэма дзейнасці па прадухіленні сацыяльнай хваробы,- падкрэсліў Тадэуш Стружэцкі. - У большасці ўстаноў культуры ўжо сталі традыцыйнымі тэматычныя тэатралізаваныя мерапрыемствы, спецыяльныя канцэртныя праграмы, прафілактычныя кіналекторыі, якія ў папулярнай форме раскрываюць наступствы гэтай заганы. Акрамя таго, запланавана нямала акцый па прапагандзе здаровага ладу жыцця сумесна з установамі сістэмы адукацыі, спорту, грамадскімі- перш за ўсё маладзёжнымі - аб'яднаннямі. Прадугледжваецца і пашырэнне спектра культурных паслуг устаноў сферы, у тым ліку - на платнай аснове.

Безумоўна, культасветработнікі будуць шукаць і новыя формы дзейнасці, якія найбольш эфектыўна дапамогуць раскрыць праблемную тэматыку. Тым больш, што сёння адкрываюцца магчымасці азнаямлення з вопытам краін блізкага і далёкага замежжа. У сваю чаргу, беларусы гатовы падзяліцца сваім досведам. "Прынамсі, у параўнанні з адпаведнымі мерапрыемствамі ў польскіх установах культуры, нашы маюць больш выразны тэматычны акцэнт. Прыкладам, да правядзення дыскатэк далучаюцца тэатры моды, артысты, у перапынках між танцамі выступаюць спецыялісты, якія ладзяць дыскусіі па прафілактыцы п'янства і алкагалізму. У выніку змястоўнае значэнне гэтых вечароў значна павышаецца",- зазначыў суразмоўца "К".

 

Згуляць у "відэаплюс"

У шэрагу мерапрыемстваў, запланаваных на бліжэйшыя пяць гадоў, асобным радком ідзе стварэнне відэафільмаў і ролікаў сацыяльнай рэкламы антыалкагольнага накірунку. У Дэпартаменце па кінематаграфіі гэтае патрабаванне было ўспрынята як пацвярджэнне сталай шматгадовай працы ў дадзеным напрамку.

- "Белвідэацэнтр" і студыя "Летапіс" рыхтуюць штогод больш за дзесяць дакументальных фільмаў, якія накіраваны на прафілактыку алкагалізму, наркаманіі, табакакурэння, - паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара Дэпартамента Андрэй БЫЧКОЎ. - Мы імкнёмся адпавядаць патрабаванням розных тыпаў аўдыторый, таму стужкі адрозніваюцца хронаметражом (у асноўным, на экране ідуць ролікі ад 3 да 16 хвілін) і ствараюцца з улікам узросту гледачоў, бо працуем мы і для юнацкай, і для дарослай публікі. Прыняўшы Праграму, дзяржава чарговы раз пацвердзіла, што яе хвалююць пытанні папярэджвання і пераадолення сацыяльных заган.

Навінкі ад беларускіх кінадакументалістаў запатрабаваны ў сярэдніх і спецыялізаваных навучальных установах, кінапракатных арганізацыях. Прыкладам, Салігорскі філіял КУП "Мінаблкінавідэапракат" разам з аддзелам унутраных спраў мясцовага райвыканкама стаў ладзіць для жыхароў горада і раёна кіналекторыі па алкагольнай прафілактыцы. Культработнікі запрашаюць на мерапрыемствы міліцыянераў і ўрачоў, каб яны растлумачылі аўдыторыі наступствы дурной звычкі. Гэтыя абмеркаванні ўбачанага маюць асаблівую каштоўнасць. Пагадзіцеся: калі сацыяльны ролік на тэлеканале можна пераключыць, то прагляд з наступным абмеркаваннем сапраўды мае шанц надоўга застацца ў памяці.

- За 2010-ы ў межах кіналекторыяў мы далі дзевяць сеансаў дакументальнага фільма "Якая ісціна ў віне?" і 48 - карціны "Белая гарачка" з пранізлівымі кадрамі аб жахлівай дэградацыі чалавека, які п'е. У цэлым іх паглядзела больш за тры тысячы гледачоў,- агучыла вынікі мінулага года намеснік дырэктара па рэпертуары салігорскага кінатэатра "Зорка Венера" Алена КІЛБАС. - Вядома, што алкагалізм бацькоў стварае небяспечную атмасферу ў сем'ях, у выніку чаго часцей за ўсё пакутуюць дзеці. Каб папярэдзіць парушэнні іх правоў і правесці прафілактыку бездагляднасці, мы паказалі школьнікам дакументалістыку "Я - грамадзянін", "Што хавае маска" і "Старая казка на новы лад". У будучым мы плануем прадоўжыць працу па гэтых тэмах, закупляць новыя цікавыя кінапраграмы...

На жаль, запатрабаванае дзяржавай сацыяльнае відэа часам успрымаецца рэжысёрамі як "абавязалаўка", што, у сваю чаргу, адбіваецца на якасці кадра. Часцяком сацыяльныя ролікі грашаць залішняй просталінейнасцю і адсутнасцю творчага падыходу. Па словах Андрэя Бычкова, апошнім часам сітуацыя пачала выпраўляцца: дакументальныя карціны адпаведнай тэматыкі значна ўзраслі ў прафесійным плане. "Сёння сюжэты набываюць ігравыя элементы, адпаведна, становяцца больш цікавымі для моладзі. Гэтыя фільмы ўжо не проста прапагандуюць- яны заклікаюць сумесна паразважаць над праблемай", - упэўнены суразмоўца.

Згуляць у "плюс" якасці сацыяльна запатрабаваных карцін павінны запланаваны ў Праграме рэспубліканскі конкурс на лепшы відэафільм і ролік па дадзенай тэматыцы. Магчыма, імкненне заваяваць прызнанне ў кампетэнтнага журы стане тым імпульсам, які дапаможа зрабіць сапраўдныя адкрыцці ў гэтай галіне кінатвытворчасці.

 

Замест чаго - музычны драйв?

Айчыннымі культасветработнікамі добра вывучана і такая форма прафілактыкі асацыяльных з'яў у грамадстве, як правядзенне тэматычных культурна-масавых мерапрыемстваў. Асабл і в а э ф е к тыўна яна ўздзейнічае на самых уражлівых удзельнікаў - падлеткаў. З дзяцінства вядомая формула, па якой нават найскладаны ўрок лёгка запамінаецца, калі інфармацыя пададзена ў гульнявой форме, у гэтым выпадку спрацоўвае на ўсе сто працэнтаў. Таму школьнікаў па ўсёй краіне запрашаюць у СДК і клубы на тэатралізаваныя дзеі, гульні і, часцей за ўсё, на тэматычныя дыскатэкі. Прынамсі, Жабінкаўскім аддзелам культуры не менш як два разы на месяц ладзяцца дыскатэкі, пад час якіх у незвычайнай форме праводзіцца прафілактыка алкагалізму, наркаманіі, табакакурэння.

- Зразумела, што ў першую чаргу моладзь прыйшла на танцпол, каб адпачыць, і РАМЦ пры падрыхтоўцы праграмы павінен гэта ўлічваць, - тлумачыць падыход да справы дырэктар Жабінкаўскага раённага арганізацыйнаметадычнага цэнтра Аляксей ГАРБАЦЮК. - Да прапаганды здаровага ладу жыцця мы запрашаем тых, хто цікавы сучасным падлеткам, каго яны гатовы ўзяць за ідэал: танцораў брэйкданса, вядомага дзі-джэя, спартыўную групу. Раз на квартал у сельскія клубныя ўстановы раёна выязджае лектарная група. У яе склад могуць уваходзіць прадстаўнікі райвыканкама, сістэмы адукацыі, культуры, валеолаг. Аднак мы адразу агаворваем, што прадугледжаны не павучальны маналог, а ўзаемазапатрабаваная гутарка, і доўжыцца яна можа не больш за дваццаць хвілін. У іншым выпадку моладзь разыдзецца, і мы не дасягнём сваёй мэты...

Аляксей Фёдаравіч справядліва лічыць дасягненнем аддзела культуры тую акалічнасць, што ў кожнай клубнай установе раёна маецца дошка з плакатамі на сацыяльную тэматыку, аўтарамі якіх з'яўляюцца тыя ж юныя наведвальнікі танцаў. У зменныя міні-выстаўкі адбіраюцца лепшыя малюнкі адпаведнай тэматыкі, якія толькі злёгку дапрацаваны прафесійным мастаком. Чым не яшчэ адна эфектыўная форма працы па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх?

 

Сумны дзень да вечара...

 - Культурна-масавая работа ў кантэксце барацьбы з п'янствам, прапаганды здаровага ладу жыцця, укаранення сямейных каштоўнасцей - гэта штодзённая праца ўстаноў культуры, асноўная функцыя дзейнасці культработнікаў,- упэўнены начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Уладзімір ШАВЯЛЁЎ. - Бо праводзіцца гэтая работа як на масавых мерапрыемствах, так і ў гуртках, калектывах мастацкай самадзейнасці. Арганізацыя вольнага часу - гэта першапачаткова азначае адцягненне ад алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі, ад думак аб суіцыдальных паводзінах...

У дачыненні да гэтых слоў я адразу ўзгадала факт-пацвярджэнне з адной з камандзіровак. Калісьці ў Петрыкаве наведала раённы Дом рамёстваў, які адкрылі ў адным з самых небяспечных раёнаў райцэнтра. Раней шмат падлеткаў з тых ваколіц злоўжывалі алкаголем, і, падвыпіўшы, бясчынствавалі, з-за чаго траплялі ў калонію. Як сцвярджалі культасветнікі, менавіта са з'яўленнем астраўка культуры і творчасці крывая правапарушэнняў сярод непаўналетніх упэўнена папаўзла ўніз. І сапраўды, для падлетка, што спяшаецца са школы ў гурток, каб давесці да ладу распачатую работу, вывучыць новы танец ці песню, перастане быць павабнай пляшка гарэлкі ў руках аднагодкаў-лайдакоў.

Такім чынам, развіццё ўжо існуючай сістэмы гурткоў, разнастайных аматарскіх аб'яднанняў, мастацкіх творчых калектываў становіцца яшчэ адной добрай мерай па прафілактыцы п'янства і алкагалізму, правапарушэнняў і злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап'янення. У Дзяржаўнай праграме шмат вектараў. Яна гаворыць аб абмежаванні доступу непаўналетніх і моладзі да набыцця алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, аб адміністратыўным і цэнавым рэгуляванні, уключае культурныя, адукацыйныя, спартыўна-аздараўленчыя, выхаваўчыя, інфармацыйнапрапагандысцкія прафілактычныя мерапрыемствы. Усе меры накіраваны на дасягненне адзінай мэты, бо толькі сістэмны падыход здольны эфектыўна процідзейнічаць гэтай страшэннай сацыяльнай хваробе чалавецтва.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"