У полі зроку — ініцыятыва

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Рэспубліканскі грамадскі савет па справах культуры і мастацтва пачынае дзейнічаць

Напрыканцы мінулага года Урад прыняў пастанову аб стварэнні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Савет пачынае дзейнічаць. 26 студзеня ягонае першае пасяджэнне адбудзецца ў Мірскім замку, які стаў для Беларусі не толькі гісторыка-архітэктурным скарбам, але і зручным іміджавым аб'ектам для прадстаўнічых сустрэч.

Старшынёй грамадскага савета стаў міністр культуры Павел Латушка. Зацверджаны палажэнне і склад новага грамадскага фарміравання.

Грамадскі савет з'яўляецца пастаянным кансультатыўным органам і забяспечвае ўзаемадзеянне Савета Міністраў, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый культуры, грамадскіх аб'яднанняў.

Уплывовасць грамадскага фарміравання досыць яскрава прасочваецца ў ягоных задачах. Сярод асноўных - падрыхтоўка прапаноў па вызначэнні дзяржаўнай культурнай палітыкі і мер па яе рэалізацыі; удзел у распрацоўцы праектаў асноўных рашэнняў Савета Міністраў, Міністэрства культуры, нарматыўных прававых актаў па пытаннях культуры і мастацтва. Таксама грамадскі савет мяркуе выходзіць на рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання з прапановамі па паляпшэнні іх узаемадзеяння з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў галіне культуры. Да ажыццяўлення дзяржаўнай культурнай палітыкі савет будзе шырока прыцягваць творчыя саюзы, грамадскія аб'яднанні, фонды, юрыдычных і фізічных асоб. Сацыяльная абарона работнікаў культуры - яшчэ адна надзённая задача Савета. Ён плануе пастаянна трымаць у полі зроку найбольш значныя культурныя ініцыятывы, праграмы і садзейнічаць іх рэалізацыі. Пад пільнай увагай будзе знаходзіцца і развіццё міжнароднага творчага супрацоўніцтва.

Палажэннем прапісаны і магчымасці Грамадскага савета. Для ажыццяўлення названых задач ён можа звяртацца ў Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы з ініцыятывамі па вырашэнні праблем; прыцягваць да гэтага вырашэння дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, іншых спецыялістаў; запытваць ад арганізацый культуры неабходную інфармацыю.

 Напярэдадні пасяджэння Грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь "К" звярнулася да членаў Савета, каб пацікавіцца, якія ідэі, прапановы і праблемы яны хацелі б агучыць 26 студзеня ў Мірскім замку.

 

Дапаможа мова

Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, дацэнт кафедры мастацтва эстрады факультэта музычнага мастацтва ўстановы адукацыі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў", кампазітар:

- Галоўная праблема кампазітараў, якія працуюць у песенным жанры, - гэта ідэнтыфікацыя іх творчасці. Сёння ж мы сутыкаемся з тым, што вызначыць, з якой краіны тая або іншая песня, амаль немагчыма, бо ўсе пішуцца прыблізна ў адным стылі, адным, як сёння кажуць, фармаце. А, між тым, шлях да нацыянальнай адметнасці даўно знойдзены: дасягнуць індывідуалізацыі дапаможа беларуская мова! Звярніце ўвагу: апошнім часам з'яўляецца шмат перакладзеных песень. Але ж як адразу змяняецца сама стылістыка песні! Хаця ў ёй не папраўлена ніводнай ноты - адно літаратурны тэкст. Моўны складнік папраўдзе вельмі моцна ўплывае на музычную стылістыку, я ўжо не кажу пра мысленне і менталітэт увогуле. Трэба заахвочваць аўтараў, каб пісалі па-беларуску! Гэтая праблема тычыцца не толькі асобных творцаў- яна мае дзяржаўную значнасць. І, лічу, павінна быць узнята на Савеце.

 

Спадчына і кадры

Алег ЛУКАШЭВІЧ, спецыяльны карэспандэнт Белтэлерадыёкампаніі:

- Саму ідэю стварыць Грамадскі савет па культуры ўспрымаю вельмі пазітыўна. Такі Савет дакладна неабходны. Калі дзеячы культуры і мастацтва не будуць паводзіць сябе актыўна, выказваць і абмяркоўваць уласныя думкі публічна, то вельмі цяжка будзе казаць пра развіццё сферы культуры, пра тое, што наша культура рухаецца наперад. Што да тых пытанняў, якія хочацца вынесці на абмеркаванне членаў Грамадскага савета, то асабіста мяне хвалююць найперш пытанні рэстытуцыі - вяртанне на радзіму той багатай культурнай спадчыны, што некалі была створана на Беларусі, а потым страчана пад час войнаў і падзелаў нашай краіны, - а таксама падрыхтоўка прафесійных кадраў у сферы культуры. Тут трэба казаць амаль пра кожную з асобных галін: кінематаграфію, якой не стае рэжысёраў, сцэнарыстаў, іншых спецыялістаў, тэатральную сферу, з яе вялікім недахопам драматургаў... Цяпер дзяржава надае значную і дзейсную ўвагу справе адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Таму асобна трэба спыніцца на стварэнні нацыянальнай рэстаўрацыйнай школы. Той вопыт, які быў атрыманы на ўнікальных праектах па аднаўленні Міра і Нясвіжа, павінен быць перададзены новаму пакаленню беларускіх рэстаўратараў.

 

Запатрабаванасць

Дзмітрый СУРСКІ, старшыня Беларускага саюза дызайнераў:

- Праблем і ідэй - мноства. У нашай моладзі - вялікі попыт на дызайнерскую прафесію, а ў глабальным эканамічным маштабе попыту на дызайнераў-прафесіяналаў у народнай гаспадарцы краіны быццам і не стае. Між тым, справа для іх, па маім цвёрдым перакананні, знайшлася б на кожным кроку: да прыкладу, візуальныя камунікацыі, прыдарожная рэклама, якімі цяпер хто толькі ні займаецца, а ў выніку атрымліваецца безгустоўнасць... Шмат працы для прадстаўнікоў нашага цэха, я ўпэўнены, знайшлося б і ў буйных музейных комплексах. Але... Сёння няма ніводнай сур'ёзнай дызайн-студыі. Ніхто не аналізуе стан спраў у гэтай сферы. Адсутнічае і яе сістэмная падтрымка. Вынікі- несуцяшальныя. Сям-там праблемы гэтыя пачалі ўжо разумець. "Амкадор", напрыклад, запрасіў да супрацоўніцтва беларускіх дызайнераў. Цудоўная тэхнічная эстэтыка нашых пагрузчыкаў добра вядомая цяпер за мяжой.

 

Асаблівая ўвага да маладых

Віктар АЛЬШЭЎСКІ, кіраўнік Творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі і скульптуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі:

- Адным са стратэгічных напрамкаў працы нашага Савета, у прыватнасці, у прасторы нацыянальнай выяўленчай культуры, я лічыў бы падтрымку творчай моладзі, якая сёння востра адчувае ў гэтым патрэбу. Маю на ўвазе і правядзенне маладзёжных выставак не толькі ў буйных галерэях і музеях краіны, але і на мастацкіх пляцоўках палацаў культуры, у прамысловых прадпрыемствах, школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, на аб'ектах сацыяльнай значнасці і г. д. Не кажу ўжо пра тое, што ім, маладым, патрэбна і фінансавая падтрымка, і, што не менш важна, маральная: з боку дзяржаўных структур, СМІ, тэлебачання, радыё. Ну, і, канешне ж, асабліва ўвага да маладых - у плане выхавання іх у сценах мастацкіх устаноў і далейшага стварэння для іх аптымальных творчых і жыццёвых умоў пасля заканчэння навучання. Бо маладыя таленавітыя творцы - гэта наша надзея, нашы пераемнікі ў вялікай справе далейшага росквіту дзяржавы.

 

Слова - "маўкліваму жанру"

Вольга ГАЙКО, вядучы майстар сцэны дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы "Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь", заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь:

- Быць членам такога Савета - пачэсная і адказная місія. І хаця балет лічыцца маўклівым, бясслоўным жанрам, на пасяджэннях Савета хацелася б узняць тыя пытанні, якія хвалююць маіх калег. Першае з іх - гэта прысуджэнне ганаровых званняў. Век балетнага артыста - не больш за гадоў дваццаць. Пэўна, таму салістаў балета трэба разглядаць асобна ад іншых артыстаў і тэатраў. Другое пытанне - гэта наладжванне абмену вопытам паміж спецыялістамі розных краін, найперш - СНД: стажыроўкі, майстар-класы, на якія маглі б ездзіць нашы артысты, - і, наадварот, прыезд да нас лепшых замежных спецыялістаў, што займаліся б з нашай моладдзю. Гэта адразу ўзварухнула б трупу, дапамагло б імкнуцца да новых гарызонтаў. Бо дыялог культур і розных нацыянальных школ - гэта цудоўны спосаб знайсці адметныя шляхі замест хаджэння па крузе.

 

Клуб-трансформер?

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы:

- Прапаноў заўсёды шмат у той арганізацыі, якая працуе. Маю нямала пытанняў і тэм для абмеркавання на пасяджэннях. Магу прапанаваць новы кірунак развіцця клубных устаноў на сяле. Каб яны былі цікавымі для ўсіх жыхароў, неабходны крэатыў, свабода творчасці. Сёння клубы ў вёсках абмежаваны ў сваёй ініцыятыве такімі патрабаваннямі, як колькасць клубных фарміраванняў, колькасць канцэртаў. А жыхарам, магчыма, столькі і не патрэбна. Таму установам варта ісці ў нагу з часам: рацыянальна выкарыстоўваць прастору, быць своеасаблівымі "клубамі-трансформерамі". Патлумачу: хтосьці хоча гуляць у шахматы, хтосьці - ствараць скульптуры, выразаць з дрэва, іншым патрэбна дыскатэка - і ўсім ім варта даваць магчымасць так бавіць свой вольны час. Клубы павінны выконваць і пазнаваўчую, і выхаваўчую, і забаўляльную функцыю - толькі тады яны будуць запатрабаваны насельніцтвам.