Дуэт Культурных сталіц

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Мэры сустрэліся ў Інфацэнтры “К”

/i/content/pi/cult/306/5218/pic_17.jpg19 студзеня ў Інфацэнтры "Культура-інфа" адбылася прэсканферэнцыя, прысвечаная сёлетняму працягу акцыі "Культурная сталіца Беларусі", ініцыяванай летась Міністэрствам культуры краіны. Прэзентацыя Культурнай сталіцы Беларусі-2010- Полацка - прыцягнула шмат увагі мінчан. Для многіх з іх мерапрыемствы, што арганізавалі палачане ў Мінску, сталі падзеямі, бо адкрылі шмат новага і невядомага пра найстаражытнейшы горад краіны. Без сумневу можна сказаць, што ён быў прадстаўлены ва ўсёй сваёй прыгажосці.

Мэр Полацка перадаваў "сталічную" эстафету кіраўніку Гомеля. У прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла, старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. А фіксавалі ўрачыстасць дзясяткі прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Мэта рэспубліканскай акцыі, нагадаў Тадэуш Стружэцкі, - зрабіць больш даступнымі лепшыя дасягненні нацыянальнай культуры для жыхароў усіх гарадоў і рэгіёнаў Беларусі. Роўна год таму, 19 студзеня 2010-га, старажытны Полацк атрымаў сертыфікат і статус першай Культурнай сталіцы рэспублікі. Сумесны план мерапрыемстваў Міністэрства культуры, Віцебскага аблвыканкама і Полацкага гарвыканкама прадугледжваў рэалізацыю звыш 60 самых розных культурных праектаў. Намеснік міністра культуры адзначыў важную ролю старшыні Полацкага гарвыканкама ў правядзенні акцыі, вельмі актыўна падключылася да справы і Полацкае зямляцтва на чале з Навумам Гальпяровічам, выключна напружана і вынікова працаваў аддзел культуры Полацкага гарвыканкама.

За мінулы год у Полацку выступілі практычна ўсе прафесійныя творчыя калектывы рэспублікі. Мастацкія выстаўкі, канцэрты, фестывалі, спектаклі, творчыя сустрэчы, кінапаказы, справаздачы лепшых самадзейных калектываў Віцебшчыны прыцягвалі пільную ўвагу палачан цягам усяго года. Фінансаванне акцыі вялося арганізатарамі супольна, але асноўную частку выдаткаў узяў на сябе гарвыканкам, пэўныя сродкі выдзелілі Міністэрства культуры і Віцебскі аблвыканкам... Старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла распавёў, што за мінулы год значна актывізавалася культурнае жыццё, палепшылася матэрыяльная база 25-і музеяў, іншых аб'ектаў гісторыі, культуры і мастацтваў, важкі крок наперад зроблены ў кнігавыдавецкай справе, павялічылася, натуральна, і колькасць турыстаў, што наведвалі горад цягам мінулага года...

Рэспубліканская акцыя - доўгатэрміновая. Прэтэндэнтаў на статус Культурнай сталіцы Беларусь было шмат, але адпаведная міністэрская камісія, па словах Тадэуша Стружэцкага, вырашыла, што эстафету ад Полацка павінен прыняць Гомель, які прапанавана абвясціць і Культурнай сталіцай СНД (канкрэтнае рашэнне будзе прынята ў лютым).

- Безумоўна, гэта найвялікшая адказнасць, - зазначыў старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец, - але і гонар адпаведны. Не сумняваюся, што мы пры сваім патэнцыяле здолеем годна пацвердзіць статус сталіцы культуры...

- У Гомелі, - прадоўжыў Віктар Піліпец, - тры вельмі запатрабаваныя гараджанамі тэатры, Гомельскі дзяржаўны цырк, тры аркестры, сёлета пройдзе чарговы Міжнародны фестываль "Сожскі карагод", які гэтым разам будзе больш яркі, змястоўны і прадстаўнічы... Полацкі арганізацыйны досвед, па словах кіраўніка, будзе выкарыстаны напоўніцу, а жыхароў і гасцей Гомеля сёлета чакае шэраг адмысловых сюрпрызаў...

/i/content/pi/cult/306/5218/pic_18.jpgНамеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка паведаміла пра пэўныя мерапрыемствы, якія ў гэтым годзе будзе прэзентаваць Культурная сталіца Беларусі. Адным з дзейсных сталічных культурна-мастацкіх цэнтраў стане Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Тут пройдзе Ноч музеяў, пад час якой класічная музыка ў старасвецкім парку будзе гучаць пад "суправаджэнне" лазернага шоу. Шмат эксклюзіўных дзей запланавана ў Музеі ваеннай славы, бібліятэцы імя Леніна... Літаральна кожная ўстанова культуры абласнога цэнтра будзе цягам года працаваць у выключна напружаным "сталічным" рэжыме.

Адчуць подых даўніны гэтымі днямі дапамагла "Выстаўка аднаго скарбу" ў Нацыянальным гістарычным музеі. Полацкія музейшчыкі падышлі да справы творча: вернісаж распачаўся экскурсам у гісторыю горада... пад гукі музыкі. Скарб з залатых упрыгажэнняў IX - X стагоддзяў стаў для супрацоўнікаў запаведніка цудоўнай знаходкай напрыканцы мінулага стагоддзя. У адной з залаў НГМ у Мінску сабралася шмат ахвотных пабачыць старажытныя каштоўнасці.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў на вернісажы: "Полацк са сваімі багаццямі- сапраўды душа Беларусі. І з наданнем статуса Культурнай сталіцы краіны горад атрымаў імпульс для далейшага развіцця культуры".

Яскравая выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Полацкі сонцаварот" у галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці прадэманстравала выдатнае захаванне і пераемнасць традыцыйных рамёстваў. Частка выстаўкі аб'яднала малюнкі вучняў дзіцячай мастацкай школы, якія стварылі іх у стылі знакамітых маляваных дываноў гэтага рэгіёна. Акрамя своеасаблівых твораў з саломкі, лазы, дрэва, гліны ды іншых матэрыялаў, што ўпішуцца ў любы сучасны інтэр'ер, майстры Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Полацка прадэманстравалі яшчэ адну сваю "разыначку" - коўдры і дыванкі, пашытыя з абрэзкаў тканіны. Гэтыя сапраўдныя творы мастацтва здавён былі шырока распаўсюджаны ў рэгіёне і зацікавілі большасць мінскіх гасцей.

Гала-канцэрт "Горад над Дзвіной - родны Полацк мой" адбыўся ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Тут жа, перад выступленнямі музыкантаў, спевакоў і танцавальных калектываў, мінчане пабачылі фотавыстаўку "Полацк у асобах" Эрнста Цецярэўскага.

Паўнюткая ўдзячная зала сустрэла полацкіх артыстаў. Самымі моцнымі апладысментамі праводзілі гледачы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь- тэатр танца "Прэм'ер-Спонайд", народны ансамбль народнай песні і музыкі "Радзімічы", узорны ансамбль харэаграфічных мініяцюр "Гранд-Па" Дзіцячай школы мастацтваў ды іншых. Канцэрт уяўляў з сябе дынамічнае прадстаўленне, у якім касцюміраваныя гістарычныя сцэны змянялі выступленні народных калектываў, выканаўцаў папулярных танцаў, вакальных груп. Сінтэз старадаўняга, традыцыйнага, з пазнаваўчай экспрэсіяй сучаснасці стаўся ўдалым рэжысёрскім ходам.

Яўген РАГІН,

Алена САБАЛЕЎСКАЯ

Фота Юрыя ІВАНОВА