Прэзідэнцкае служэнне

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Учора ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

/i/content/pi/cult/306/5217/1.jpgПад гукі фанфар па дывановай дарожцы, уздоўж якой выстраіліся дзве шарэнгі роты ганаровай варты, Аляксандр Лукашэнка прайшоў да цэнтральнага ўвахода Палаца. Тут, у Вялікай зале, адбылося ўступленне на пасаду наноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Урачыстая цырымонія трансліравалася па ўсіх нацыянальных каналах Беларусі, а таксама на экранах, размешчаных на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці. Магчымасць атрымліваць відэакадры займелі каля 80 тэлекампаній і найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў прыкладна з 60 краін свету.

Пад гукі ўрачыстага марша на сцэну вынеслі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны сцяг і штандар Прэзідэнта Беларусі. У прысутнасці больш як дзвюх з паловай тысяч чалавек, запрошаных на інаўгурацыю - вышэйшых кіраўнікоў краіны, якія прадстаўляюць усе тры галіны ўлады, давераных асоб Прэзідэнта Беларусі на мінулых выбарах, членаў Нацыянальнага сходу, лідараў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных арганізацый, прадстаўнікоў СМІ, замежных гасцей, паслоў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у нашай краіне, - Аляксандр Лукашэнка ўсклаў правую руку на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і прамовіў словы прысягі: "Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і захоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, прытрымлівацца і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і сумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".

Пасля падпісання акта аб прынясенні прысягі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, даючы клятву /i/content/pi/cult/306/5217/2.jpgвернасці Бацькаўшчыне і народу, ён перш за ўсё адчуваў велізарную ўдзячнасць за давер і падтрымку грамадзян, велізарную адказнасць за агульны лёс нацыі. "Давер народа прад'яўляе сёння асаблівыя патрабаванні і абавязацельствы. Прымушае быць максімальна адказным і справядлівым кіраўніком як у адносінах да сваіх прыхільнікаў, так і да людзей альтэрнатыўных поглядаў, паколькі сапраўдная дэмакратыя заснавана не толькі на сцвярджэнні ролі большасці, але і на абароне правоў меншасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Нямала коп'яў зламана ў спрэчках пра тое, хто адыгрывае большую ролю ў гісторыі: асоба палітычнага лідара або народ, - сказаў беларускі Прэзідэнт. - Думаю, што ісціна палягае не ў прыярытэце аднаго з гэтых складнікаў, а ў іх згодзе, узаемным даверы і зладжанасці дзеянняў. Менавіта дзякуючы такому адзінству, узаемаразуменню за паўтара дзясятка гадоў мы з вамі зрабілі гіганцкі рывок наперад, паспяхова пераадолеўшы ўсе нягоды і цяжкасці".

"Наша стратэгічная мэта - вывесці Беларусь у лік лідараў тэхналагічнага і інтэлектуальнага развіцця. Надаць беларускай эканоміцы новы воблік, мадэрнізуючы яе структуру, а таксама прамысловасць і сельскую гаспадарку на аснове самых перадавых вытворчасцей і тэхналогій, ствараючы стымулы для айчынных і замежных інвестыцый", - падкрэсліў Прэзідэнт краіны. На яго думку, "нам патрэбна нямала зрабіць для таго, каб наша грамадства ўдасканальвалася, развівалася, а дзяржава стала яшчэ больш справядлівай і клапатлівай у адносінах да нашых людзей".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што слаўнае мінулае нашага народа неабходна падмацоўваць маштабнымі здзяйсненнямі сённяшніх пакаленняў. "І тады слова "Беларусь" з павагай загучыць ва ўсім свеце, нашы дзеці і ўнукі будуць жыць у квітнеючай еўрапейскай краіне і ганарыцца тымі старонкамі, якія мы ўпішам у біяграфію нашай Бацькаўшчыны", - выказаў упэўненасць Прэзідэнт.

Пасля ўрачыстай цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Вялікай зале Палаца Рэспублікі адбыўся канцэрт майстроў мастацтваў нашай краіны, у якім прынялі ўдзел лепшыя беларускія выканаўцы і творчыя калектывы.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Фота Генадзя СЯМЁНАВА і Віктара ТАЛОЧКІ, БелТА