Рэзервы для ідэалу. Прафесійнага

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Старадарожчына: кадры, грошы плюс тры камп’ютары

/i/content/pi/cult/305/5215/pic_15.jpgНовы этап адраджэння і развіцця сяла: сацыякультурны зрэз

Сталася аксіёмай сцвярджэнне, што Міншчына з'яўляецца ўзорнай паводле культурнага абслугоўвання насельніцтва. І сапраўды, апошнім часам паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы аб'ектаў культуры вобласці надавалася самая пільная ўвага. Не быў выключэннем у гэтым плане і Старадарожскі раён. За гады дзеяння Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла цягам мінулых пяці гадоў тут было ўведзена 16 аграгарадкоў, у якіх, натуральна, былі адрамантаваны і прыведзены да ладу ўстановы культуры, набыта новае тэхнічнае абсталяванне, а ў некаторых паселішчах былі адкрыты філіялы школы мастацтваў. Ды і рэгіянальны фестываль "Матчыны кросны", які ладзіцца ў райцэнтры з 2000-га года, з нядаўняга часу імкнецца да статуса міжнароднага. Але хапае ў Старых Дарогах і сваіх праблем, якія, натуральна, замінаюць павелічэнню духоўнай і матэрыяльнай аддачы сферы рэгіянальнай культуры. Гэта і "вечнае" кадравае пытанне, і нястача камп'ютарнай тэхнікі ва ўстановах культуры горада і раёна... 

 Народ пытаецца і прапануе

Ці памаладзее "Юнацтва"?

Гэтым разам цікавіўся праблемамі сацыякультурнага жыцця Старадарожчыны не толькі ў жыхароў раёна, але і ў культработнікаў. Зразумела, жаданні і прапановы супрацоўнікаў устаноў культуры не ўлічваць у нашых сацапытаннях папросту немагчыма.

Андрэй, служачы, г. Старыя Дарогі:

- Ці будзе зроблены рамонт у будынку Маладзёжнага цэнтра "Юнацтва"? Размоў пра гэта шмат, а воз, як кажуць, і па сёння стаіць на месцы...

Святлана, медсястра, г. Старыя Дарогі:

- Мой сын - навучэнец школы мастацтваў. Будынак установы цяпер паступова рамантуецца, што не можа не радаваць. Вучэбныя кабінеты на другім паверсе выглядаюць вельмі прыстойна. А калі ж будзе распачаты рамонт на першым?..

Валянціна Спадар, дырэктар СДК аграгарадка "Старыя Дарогі":

- Не так ужо і шмат грошай пайшло на рамонт нашага СДК, таму ўнутраныя памяшканні выглядаюць не надта прывабна. Хацелася б займець і новы камп'ютар, а самая, на маю думку, вострая патрэба - у спартыўных трэнажорах. Бо вельмі хочацца зрабіць для тых хлопцаў, якія жывуць у нашым паселішчы, спартыўную залу з сучасным абсталяваннем. Ці дапамогуць нам у гэтым раённыя ўлады?..

Святлана Мікалаеўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Горкі":

- Хацелася б, каб у нашым СЦКіД з'явілася новая мэбля, ды і "адзенне" сцэны таксама няблага займець. Да таго ж, ведаю пра тое ад унукаў, бібліятэка пакуль не падключана да Інтэрнэта, а аграгарадок у нас зрабілі яшчэ ў 2008-м. Ці вырашацца гэтыя пытанні?..

 

І дырэктар, і акампаніятар - у адной асобе/i/content/pi/cult/305/5215/pic_16.jpg

З "Горак" і пачну. Мясцовы сельскі Цэнтр культуры і дасугу аграгарадка быў адрамантаваны два гады таму, калі вёска якраз і займела новы статус. І, як распавяла дырэктар Цэнтра Валянціна Доўнар, вонкавы і ўнутраны выгляд абноўленай установы культуры вельмі падабаецца наведвальнікам. Папулярнасцю карыстаюцца шматлікія конкурсныя праграмы, якія ладзяцца супрацоўнікамі: "Уладар сяла", "Жонка года", "Супердзядуля" і многія іншыя.

Пра дзятву і моладзь тут таксама не забываюць: акрамя дыскатэчных праграм ва ўстанове наладжана праца сямі гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў.

З леташнім планам платных паслуг супрацоўнікі ўстановы культуры справіліся. Дапамагла сучасная апаратура, якая напоўніцу выкарыстоўваецца на тых самых дыскатэках. Грошы прынеслі "агеньчыкі", дні імянінніка і выязныя канцэрты... Іншая справа, што на абнаўленне мэблі ў Цэнтры культуры і дасугу пакуль няма фінансавых сродкаў. Адсутнічае і "адзенне" сцэны, ды і ноўтбук пры правядзенні дыскатэк таксама не пашкодзіў бы.

- Але больш за ўсё хацелася б, - кажа Валянціна Доўнар, - каб у нас з'явілася хоць нейкае спартыўнае абсталяванне: тэнісны стол, більярд або трэнажоры. Бо не ўсе ж хлопцы могуць спяваць. А патрэба ў актыўным адпачынку была, ёсць і будзе заўсёды...

З гэтымі словамі цяжка не пагадзіцца. Зрэшты, менавіта з гэтай прычыны ў аграгарадках Беларусі пачалі з'яўляцца шматлікія культурна-спартыўныя цэнтры. Найбольш паспяхова працуюць яны на Гомельшчыне, але і іншыя вобласці таксама могуць пахваліцца шэрагам падобных устаноў, дзе вясковая моладзь можа адпачыць не толькі духоўна, але і фізічна.

Ды нават і не беручы пад увагу культурна-спартыўныя цэнтры, даволі часта пад час камандзіровак даводзілася бачыць у СДК спартыўныя трэнажоры, тэнісныя і більярдныя сталы, якія заўсёды запатрабаваны наведвальнікамі. Таму гаворка пра наладжванне падобнай дзейнасці - гэта зусім не крок убок (маўляў, дамы культуры для гэтага не прызначаны!), а сапраўдны клопат пра здароўе маладога пакалення. Мяркуючы па нашым апытанні, праблема гэтая хвалюе не толькі работнікаў культуры аднаго асобна ўзятага аграгарадка.

І яшчэ. Не магу не закрануць сапраўды "болевай кропкі" сацыякультурнага развіцця раёна - кадравага складніка. Як распавяла начальнік аддзела культуры Іна Абрамчык, у раёне не стае харэографаў і акампаніятараў. Таму зусім не дзіўна, што кіраўніку СЦКіД аграгарадка "Горкі" даводзіцца быць не толькі дырэктарам, але і акампаніятарам у калектыве "Гаркаўчанка". Да таго ж, у клубнай сферы раёна працуе шмат неспецыялістаў. І хаця дырэктар Валянціна Доўнар і мастацкі кіраўнік установы Жанна Нямковіч маюць спецыяльную адукацыю, некаторыя іх калегі з іншых аграгарадкоў і вёсак раёна гэтым пахваліцца не могуць. Напрыклад, у тым жа аграгарадку "Старыя Дарогі".

 

Як жыць без Сеціва?

/i/content/pi/cult/305/5215/pic_17.jpgГоркаўскай сельскай бібліятэкай загадвае Алена Мацынава - спецыяліст са стажам. Ва ўстанове - каля васьмі тысяч кніг, прыкладна тры дзясяткі найменняў газет і часопісаў. Есць і камп'ютар, які карыстаецца вялікім попытам у мясцовай дзятвы: хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем гуляюць на ім у разнастайныя гульні.

 На жаль, з камп'ютарнага дадатку - толькі прынтар. А вось сканер і ксеракс - пакуль што мары. Няма і падключэння да Інтэрнэта. Але, як запэўніла мяне Алена Мацынава, у хуткім часе ў чытачоў з'явіцца магчымасць паблукаць па Сусветным павуцінні.

Яшчэ адна праблема - малая колькасць новых кніжных паступленняў. І гэтая бяда - агульнараённая. Як распавяла дырэктар ЦБС Ніна Сцяжко, з якой сустрэўся пасля наведання аграгарадкоў Старадарожчыны, за гэты год на папаўненне бібліятэчных фондаў накіроўвалася толькі 12 працэнтаў ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання, хаця, згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі, гэты паказчык не павінен быць меншы за 15 працэнтаў.

Што да камп'ютарнай праблемы, дык, па словах той жа Ніны Сцяжко, яна ў ЦБС таксама даволі адчувальная: з 16 аграгарадкоў камп'ютары ёсць толькі ў шасці. Ды і ў самой Старадарожскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да нядаўняга часу было ўсяго чатыры ПК. І толькі літаральна пад Новы год мясцовыя бібліятэкары атрымалі, не раўнуючы, шыкоўны калядны падарунак - яшчэ тры камп'ютары. Але праблему "тэхнічнага парку" сельскіх бібліятэк гэта, натуральна, не вырашыла.

 

Кропля ў моры

Як вядома, у 2001 годзе ў Старых Дарогах /i/content/pi/cult/305/5215/pic_18.jpgбыў урачыста адкрыты новы Палац культуры. А ў тым будынку, дзе раней месцілася цэнтральная ўстанова раёна, "прапісалася" агульнагарадская дыскатэка, на якую часам прыходзіць да 200 чалавек. І менавіта з гэтым будынкам звязана самая вялікая праблема сацыякультурнага жыцця Старых Дарог: наспела патрэба яго рамонту.

Унутраныя памяшканні Маладзёжнага цэнтра "Юнацтва" (такую назву цяпер носіць установа культуры) у шараговага наведвальніка могуць выклікаць хіба што недаўменне і заканамернае пытанне: як тут можна працаваць? Сцены даўно "чакаюць" маляроў, усюды адвальваецца тынкоўка, у некаторых месцах бачныя падцёкі на столі - працякае дах, - а ў калідорах даволі халодна. Як кажа дырэктар МЦ "Юнацтва" Кацярына Васільева, раней было яшчэ халадней, бо сёлета ўстанову культуры крыху "падлапілі": усталявалі некалькі шклопакетаў і замянілі фасадныя дзверы.

- Выкарысталі на касметычны рамонт установы культуры 36 мільёнаў рублёў, - распавяла начальнік аддзела культуры Іна Абрамчык, - але гэта, канешне ж, кропля ў моры. Патрэбны нашмат большыя ўкладанні...

У Цэнтры працуюць тры гурткі, але, натуральна, у такіх умовах яны паўнацэнна "жыць" не могуць. Таму ўсе гурткоўцы ходзяць на заняткі ў Палац культуры Старых Дарог. Як ужо казаў, фактычна ў Маладзёжным цэнтры "Юнацтва" дзейнічае толькі вялікая актавая зала, дзе ладзяцца шматлікія дыскатэкі.

Ёсць тут кандыцыянеры, найноўшая светлавая і гукавая апаратура, лазер і нават свой ноўтбук. Не дзіўна, што на базе ўстановы культуры ладзяцца штогадовы раённы конкурс дзі-джэяў, семінары для сельскіх клубнікаў па правядзенні танцавальных вечароў... Што да дыскатэчных мерапрыемстваў, дык яны - разнастайныя і, як кажуць, на любы густ: ад звычайнага танцавальнага вечара да лацінскага карнавалу. Многія дыскатэкі - тэматычныя, з цікавай конкурснай праграмай і прызамі. Але, на жаль, мясцовым супрацоўнікам пакуль што не ўдаецца выканаць план платных паслуг. На канец снежня ўстанова зарабіла толькі 33 мільёны пры 48-мільённым плане.

- У канцы 2009 года нам дазволілі праводзіць дыскатэку толькі да дзвюх гадзін ночы, - кажа дырэктар МЦ "Юнацтва" Кацярына Васільева, - а раней мы працавалі да трох. Натуральна, гэта негатыўна паўплывала на колькасць наведвальнікаў нашых танцавальных вечароў.

Зразумела, гэта далёка не ўсе (і не самыя важныя) прычыны. Калі б быў цалкам адрамантаваны будынак установы культуры, тут можна было б стварыць шэраг новых гурткоў, у тым ліку - і на платнай аснове. Таксама можна было б размясціць тут і невялічкае кафэ па рэалізацыі страў мясцовай кухні, прахаладжальных напояў, якое, дарэчы, і павінна працаваць у гэтым будынку згодна з праектам. Тады б, магчыма, даведзеныя планы можна было б і выканаць. Тым больш, што супрацоўнікі МЦ "Юнацтва" ў гэтым зацікаўлены больш за ўсіх: іхняя ўстанова знаходзіцца на гасразліку, і, натуральна, зарабляць грошы для іх - жыццёва неабходна.

/i/content/pi/cult/305/5215/pic_19.jpgНамеснік старшыні Старадарожскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Дзмітрый ДАВЫДАЎ усе праблемныя пытанні ў развіцці культурнай сферы раёна ведае не з чужых слоў, бо да прыходу на гэтую пасаду цягам пяці гадоў узначальваў мясцовы аддзел культуры. Таму адразу пагадзіўся паўдзельнічаць у традыцыйнай райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй, натуральна, прыняла ўдзел і начальнік аддзела культуры Іна АБРАМЧЫК.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Завяршылася рэалізацыя Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла. Што ўдалося зрабіць за гады яе дзеяння ў сферы культуры Старадарожскага раёна?

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Менавіта з дапамогай Дзяржпраграмы прывялі да ладу будынкі нашых устаноў культуры ў 16 аграгарадках. Лічу гэта вельмі важнай падзеяй для сельскай культуры...

Іна АБРАМЧЫК:

- Укладзены вельмі вялікія грошы. Напрыклад, толькі летась на тры СДК пайшло больш за 800 мільёнаў рублёў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На жаль, не заўсёды ў адрамантаваных аграгарадках ёсць сучасная мэбля, не стае камп'ютараў. Пабачыў гэта на прыкладзе двух аграгарадкоў: "Горкі" і "Старыя Дарогі".

 Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Так, і гэта наша задача на бягучы год: працаваць над паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы аграгарадоцкіх СДК. Але для сферы культуры раёна мы робім нямала. Напрыклад, з расходнай часткі раённага бюджэта на культуру выдаткоўваюцца штогод даволі вялікія сумы. Летась пайшло тры мільярды 273 мільёны рублёў - гэта больш за 6 працэнтаў ад усіх расходаў райвыканкамаўскага бюджэту.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вясковая моладзь пыталася пра спартыўнае абсталяванне...

Іна АБРАМЧЫК:

- У аграгарадку "Старыя Дарогі" падлеткі нават самастойна абсталявалі падвальнае памяшканне пад спартыўную залу, праўда, трэнажоры там - самаробныя...

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Што да згаданага аграгарадка , дык мы нядаўна разгледзелі гэтае пытанне, і спартыўнае абсталяванне там абавязкова з'явіцца. У нас ёсць будынак былой школы, палову якога займае амбулаторыя, а другая - пакуль пустуе. У ёй і плануем размясціць трэнажоры. Можа, у гэтым нам дапаможа ўпраўленне спорту і турызму Мінаблвыканкама. А што да аграгарадка "Горкі" або іншых паселішчаў раёна, дзе ўзнікаюць такія пытанні, дык, лічу, супрацоўнікам устаноў культуры варта працаваць больш цесна са старшынямі СВК, звяртацца з просьбай аб спрыянні ў набыцці патрэбнага абсталявання.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Сярод асноўных праблем сферы культуры /i/content/pi/cult/305/5215/pic_20.jpgСтарадарожшчыны - кадравая. У клубнай сферы працуе шмат неспецыялістаў. Як плануеце вырашаць пытанне?

 Іна АБРАМЧЫК:

- Сапраўды, у нас больш за палову клубнікаў - неспецыялісты, маюцца вакансіі акампаніятараў і харэографаў. Падобныя праблемы ёсць і ў іншых раёнах.

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Выйсце тут - у стаўцы на ўласныя кадры. Прыкладна 30 чалавек у нас цяпер навучаюцца ў ВНУ сферы культуры, чатыры чалавекі мы перавучылі і яны ўжо паспяхова працуюць.

Іна АБРАМЧЫК:

- Прычым, перападрыхтоўку кадраў мы робім за кошт сваіх сродкаў: будучым клубнікам або бібліятэкарам за вучобу плаціць не трэба.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Напэўна, адна з асноўных прычын кадравай праблемы - невысокая заработная плата?

Іна АБРАМЧЫК:

- Супрацоўнікі сферы культуры раёна атрымліваюць у сярэднім 730 тысяч рублёў - гэта паказчык на канец мінулага года.

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Агульнараённы паказчык - 937 тысяч рублёў. Справа ў тым, што наш раён датацыйны прыкладна на 60 працэнтаў, таму і маем такія лічбы. Але мы прэміруем сваіх супрацоўнікаў, прапаноўваем ім паўтары стаўкі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Наколькі я ведаю, у аддзела культуры няма ні інтэрната, ні службовага жылля. Гэта таксама, напэўна, не спрыяе таму, каб людзі ішлі на працу ў сферу культуры?..

Іна АБРАМЧЫК:

- Згодная. Нават у аграгарадках атрымаць жыллё для нашых супрацоўнікаў - праблематычна.

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Але мы працуем над вырашэннем гэтага пытання. У хуткім часе нам перададуць будынак былога вайсковага інтэрната. На гэты аб'ект ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, і сёлета пачнём яго рамантаваць. Пасля завяршэння рамонтных работ туды змогуць засяліцца супрацоўнікі сацыяльнай сферы. У тым ліку, вядома, і культработнікі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не магу не запытацца і пра шэраг праблемных аб'ектаў у саміх Старых Дарогах. Гарадская школа мастацтваў літаральна нядаўна, у снежні, адзначыла пяцідзесяцігоддзе. Патрэба рамонту там - навідавоку.

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- І рамонтныя работы вядуцца не першы год. За гэты час зрабілі дах, замянілі ацяпленне, летась асвоілі на гэтым аб'екце яшчэ 80 мільёнаў рублёў і скончылі рамонт на другім паверсе.

Іна АБРАМЧЫК:

- На бягучы год атрымалі пад завяршэнне рамонтных работ у ДШМ сто мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы мяркуем давесці да ладу актавую залу, а таксама фае ўстановы культуры.

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Адзначу і тое, што летась з бюджэту райвыканкама было выдаткавана 70 мільёнаў рублёў на рамонт фасада Цэнтральнай раённай бібліятэкі, бо ўстанова знаходзіцца ў цэнтры горада і, натуральна, знешні яе выгляд павінен адпавядаць галоўнай кніжнай скарбніцы Старадарожчыны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А ці плануецца рамонт Маладзёжнага цэнтра "Юнацтва"? Умовы там - зусім далёкія ад ідэальных...

 Іна АБРАМЧЫК:

- Летась зрабілі там невялічкі касметычны рамонт на 36 мільёнаў рублёў.

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Але, канешне ж, гэта вельмі малая сума. Туды патрэбны капітальныя ўкладанні. Без падтрымкі з абласнога бюджэту мы наўрад ці зможам штосьці сур'ёзнае зрабіць. Бо, па нашых падліках, на рамонт установы культуры патрэбна ад сямісот мільёнаў да мільярда рублёў. Сума, пагадзіцеся, немалая. Увогуле ж, неабходна, каб у адрамантаваных аграгарадоцкіх СДК віравала жыццё, каб яны былі запатрабаваны насельніцтвам, каб праца культработнікаў узнялася на якасна новы ўзровень. А ў ДШМ, лічу, ёсць рэальная магчымасць займець для калектываў звані "народны" і "ўзорны"...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Гады тры таму "К" наведвала Старадарожчыну. Ведаю, што з таго часу колькасць калектываў са званнямі не змянілася...

Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Так, і ў гэтым накірунку ёсць яшчэ куды рухацца, ёсць яшчэ рэзервы. У нас была магчымасць займець званне для калектыву "Flesh" Маладзёжнага цэнтра "Юнацтва", але кіраўніка "пераманілі" ў Мінск, у прафесійны ансамбль. Тут нічога не зробіш: як кажуць, рыба шукае дзе глыбей, а чалавек - дзе лепей. Ды, паўтаруся, рэзервы ў ДШМ, у Палаца культуры і ў Цэнтра рамёстваў ёсць, і мы іх абавязкова будзем выкарыстоўваць.

Іна АБРАМЧЫК:

 - Зразумела, для таго, каб стварыць калектыў, годны звання, патрэбны высокакваліфікаваныя кадры...

 Дзмітрый ДАВЫДАЎ:

- Так, трэба больш прафесіяналаў у сферы культуры - яшчэ сёлетняя задача на бягучы год. І апошняе, на чым засяроджу ўвагу, - гэта сёлетняе завяршэнне камп'ютарызацыі бібліятэк на сяле.

 

Дэталь да агульнай карціны

Музей дарог у Дарогах

У хуткім часе ў Старых Дарогах (мястэчка, дарэчы, раней называлася Дарогі) на базе мясцовага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея паўстане Музей гісторыі дарог і паштовай службы.

Ужо распрацаваны навуковая канцэпцыя і тэматыка-экспазіцыйны план будучага музея, эскізмакет. А зусім нядаўна, як распавяла начальнік аддзела культуры Старадарожскага райвыканкама Іна Абрамчык, пад гэты праект Старадарожскаму раённаму гісторыка-этнаграфічнаму музею быў выдаткаваны грант Мінаблвыканкама. Сёлета распачнецца стварэнне экспазіцыі будучага музея, якая распавядзе пра тое, як развівалася мясцовая прыдарожная інфраструктура, якой была паштовая станцыя ў ранейшыя часы. А, як вядома, у яе структуру ўваходзілі таксама карчма, гасцявы пакой, кузня... Кіраўніцтва аддзела культуры спадзяецца, што такі ўнікальны музей, аналагаў якому няма ў Беларусі, зацікавіць не толькі жыхароў горада, але і шматлікіх аматараў даўніны, а таксама айчынных і замежных турыстаў.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"