Лявон і Лявоніха з Сібіры

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Беларусы свету

/i/content/pi/cult/305/5214/pic_14.jpgНовасібіскаму дзяржаўнаму цэнтру беларускай культуры споўнілася 10 гадоў. Юбілейныя ўрачыстасці прайшлі ў мясцовым Палацы культуры. Была зладжана выстаўка твораў майстроў традыцыйнай культуры, страў беларускай кухні. А кароткі фільм распавёў пра дзейнасць Цэнтра.

Гэта сапраўдны "беларускай зямлі куток": дом, дзе ёсць і офіс, і музей. Сюды прыязджаюць па параду і дапамогу супрацоўнікі філіялаў Цэнтра з раёнаў вобласці. А гасцінныя гаспадары на чале з дырэктарам Нінай Кабанавай імкнуцца сустрэць і пачаставаць кожнага...

Знакамітая беларуская гасціннасць - і на сцэне. Вядучыя - Лявон з Лявоніхай - сустракалі гасцей: удзельнікаў канцэрта з Барнаула, Цюмені, Томска, Іркуцка, Омска, нават Казахстана.

"Ад Беларусі да Сібіры - адлегласць памерам у сэрца" - лейтматыў выступлення саветніка і кіраўніка аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Новасібірску Леаніда Лаўрова, а таксама дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі Ірыны Лемцюговай.

Удзячнасць за служэнне беларускай ідэі выказаў НДЦБК у лісце старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Валерый Казакоў.

Пад час канцэрта выступілі новасібірскія калектывы: народны фальклорны ансамбль "Зязюля" Кыштоўскага раёна, ансамбль народнай песні "Сібірскі ўзор" Машкоўскага раёна... Іркуцк прадставіў фальклорны гурт аўтэнтычнай песні "Крывічы", харэаграфічны калектыў, танцавальны ансамбль. А вакальная група прыехала з Казахстана - з горада Паўладар. У тамтэйшых беларусаў нядаўна пабывала кіраўнік Цэнтра...

За дзесяць гадоў з'явілася 15 грамадскіх філіялаў у вобласці, больш за 40 самадзейных калектываў, у тым ліку дзіцячых. Прайшло шмат фестываляў, конкурсаў, наладжаны трывалы абмен вопытам з нацыянальнымі цэнтрамі іншых сібірскіх рэгіёнаў. А нядаўна ў адной са школ Новасібірска адкрыўся клас па вывучэнні беларускай мовы...

Ніна Кабанава - член Кансультацыйнага Савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, член Савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны.

Людміла БЯЛЯЎСКАЯ

Новасібірск