Паціна

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Таямніца каралінскага лабірынта. Сінопсіс поўнаметражнага мастацкага фільма

У гэтым нумары "Культура" працягвае друкаваць "Паціну" - сінопсіс поўнаметражнага фільма, створаны ў рэдакцыі. Мяркуем (не, нават упэўнены!), што героі ўжо з "першай серыі" запомніліся вам, а сюжэт сапраўды захапіў. Што ж чакае далей Хрысціну і Алеся? Які лёс у Ганны-Марыі і Францішка? І якая, урэшце, тая самая таямніца каралінскага лабірынта? Чытайце працяг "Паціны".

(Працяг. Пачатак у №№ 1 - 2 за 2011 г.)

18. Сталіца, свецкі раўт. Мужчыны і жанчыны ў парадным адзенні. Вадзім Георгіевіч гутарыць са сваім партнёрам Артурам - адносна маладым чалавекам, які зрабіў бліскучую кар'еру ў бізнесе і таму, на думку бацькі, з'яўляецца выгаднай партыяй для Хрысціны. Яны абмяркоўваюць магчымае аб'яднанне актываў і тыя перспектывы, якія яно адкрые для іхняй справы. З'яўляецца Хрысціна ў вечаровай элегантнай сукенцы, падыходзіць да бацькі. Вадзім Георгіевіч пакідае яе ў кампаніі Артура, стварыўшы ім спрыяльныя ўмовы для наладжвання стасункаў. Свецкая гутарка не атрымліваецца. Артур гаворыць пра справы, дзеліцца сваімі бізнес-планамі, якія мала цікавяць дзяўчыну. Яе спробы перавесці гутарку ў іншае рэчышча не прыносяць плёну. Хрысціне сумна, яна неахвотна падтрымлівае размову.

19. Дзед Базыль робіць у парку драўляную скульптуру з дапамогай адной сякеры. Алесь з замілаваннем і захапленнем назірае за гэтым працэсам. Пакрысе перад ім паўстае вобраз маладога чалавека з доўгімі валасамі. Алесю падаецца, нібы ён бачыць у ім нешта знаёмае. Пытаецца ў дзеда Базыля наконт прататыпу скульптуры. Той кажа: "Ды вось, быў тут адзін мастак... Сёе-тое я табе ўжо пра яго распавёў". Алесь з цікавасцю разглядае іншыя інсітныя скульптуры, якія размешчаны ў парку намаганнямі Базыля. І прыкмячае ў іх рысы падабенства да герояў даўняй гісторыі.

20. Дом сям'і Хрысціны. Сняданак. Дзяўчына нагадвае бацьку, што на гэты дзень запланавана паездка ў Каралі - каб распачаць працэс афармлення дакументаў на ўчастак у Каралях. Вадзім Георгіевіч адказвае, што сёння ён заняты, але ягоны калега Артур ласкава пагадзіўся дапамагчы ў гэтай справе. Хрысціна ўздыхае.

21. Дарога на Каралі. Хрысціна і Артур едуць у машыне. Маўчаць. Каб разрадзіць абстаноўку, Артур уключае радыё - гучаць навіны з біржы аб каціроўках валют. Хрысціна не хоча гэта слухаць і ловіць іншую хвалю - з дынамікаў ліецца рамантычная мелодыя. Артур, не дачакаўшыся канца песні, пераключае на біржавыя навіны: для яго вельмі важна іх пачуць. Хрысціна ў другі раз круціць ручку. Іх супрацьстаянне заканчваецца тым, што Артур выключае радыё. Яны зноў едуць моўчкі.

22. Каралі. Артур і супрацоўнік райвыканкама аглядаюць тэрыторыю палаца, абмяркоўваюць юрыдычныя нюансы. Чыноўнік, які родам з гэтага краю, заводзіць гутарку адносна магчымай рэстаўрацыі палаца. Аднак Артур адказвае, што ў планы будучых гаспадароў гэта не ўваходзіць. Мужчыны выпраўляюцца ў райцэнтр весці далейшыя перамовы. Хрысціна застаецца ў парку: "Я лепей тут пазагараю, пакуль вы будзеце займацца сваімі паперамі".

23. Пад час шпацыру па парку Хрысціна сустракае Алеся, які шукае ракурс для здымак і робіць пазнакі ў ноўтбуку. Гэты творчы працэс выклікае ў дзяўчыны цікавасць. Завязваецца гутарка. Калі Хрысціна даведваецца, што Алесь - сапраўдны рэжысёр, яе цікавасць узрастае. Алесь распавядае, што ён вырашыў зняць у Каралях фільм, заснаваны на мясцовым матэрыяле. Хрысціна пытае аб гісторыі, якая прывабіла творцу. І, не дачакаўшыся адказу, з гонарам паведамляе, што неўзабаве гэтая зямля будзе ейнай: "Люблю коней, а тут - добрае месца для стайні". Алесь паўжартам кажа, што нейкая стайня на гэтым месцы ўжо згарэла колькі стагоддзяў таму. Але Хрысціна адказвае: маўляў, мінуўшчына ёй не цікавая, бо яна прызвычаілася жыць сённяшнім днём. Хрысціна змяняе тэму гутаркі і пытаецца ў Алеся, ці ёсць прэтэндэнткі на галоўную жаночую ролю ў яго фільме. І, не дачакаўшыся адказу, какетліва прапаноўвае ўласную кандыдатуру. Алесь паставіўся да гэтай прапановы сур'ёзна - ці, прынамсі, зрабіў выгляд. Ён запрашае дзяўчыну папазіраваць перад камерай. Хрысціна ахвотна пагаджаецца: ёй заўсёды цікава паспытаць нешта новае. Алесь з задавальненнем здымае яе ў розных ракурсах, сходу прыдумляючы разнастайныя сюжэты. Раптам яму падаецца, што на экране камеры - не сучасная дзяўчына, а колішняя жыхарка сядзібы Ганна-Марыя. Алесь на імгненне дранцвее і спыняе "кінапробы". Хрысціна пытаецца, што здарылася. Рэжысёр вокамгненна пазбаўляецца ад гэтага ачмурэння і працягвае здымкі далей.

24. Алесь і Хрысціна шпацыруюць па парку. Хлопец распавядае гісторыю Ганны і Францішка, паказвае алею, на якой пачалося іхняе каханне. Раптам на шляху трапляецца адзін з былых паркавых каналаў, па якім па-ранейшаму цурчыць вада. Дзяўчына баіцца прамачыць ногі. Як калісьці Францішак узяў на рукі Ганну-Марыю, Алесь бярэ на рукі Хрысціну.

25. Будынак райвыканкама. Артур і Іван Нічыпаравіч, адказны за пытанні нерухомасці, вырашаюць усе юрыдычныя фармальнасці, датычныя набыцця былога палаца. Спецыяліст кажа, што падрыхтоўка дакументаў зойме нямала часу, бо на руіны палаца неабходна аформіць пашпарт. Артур пытаецца, ці можна паскорыць працэс: ён хоча зрабіць нявесце падарунак да вяселля. Чыноўнік кажа: "Калі б не было тых развалін, не было б і праблемы". Артур у адказ: "Думаю, я здолеў бы гэтую праблему вырашыць".

26. Алесь і Хрысціна ідуць па алеі парку і ажыўлена размаўляюць. Разглядаюць адну з драўляных скульптур, зробленых Базылём. Побач з ёю - старадаўняя гранітная пліта з гербам роду Бусліцкіх-Мярэцкіх, надпіс на якой практычна сцёрты часам. Раптам яны бачаць, як пліта пачынае са скрыгатам паварочвацца. Спалохана адскокваюць убок, хаваюцца ў гушчарах хмызняку. З п а т а е м н а г а склепа, размешчанага пад плітой, вылазіць Базыль. Алесь і Хрысціна назіраюць за яго рухамі. Базыль праходзіць літаральна за некалькі метраў ад іх, у задуменні не заўважыўшы, што за ім цікуюць. Калі ён ужо адышоў на дастатковую адлегласць, маладыя людзі пачынаюць шукаць патаемны механізм, які прыводзіць пліту ў дзеянне. Урэшце, яна адсоўваецца. Хрысціна і Алесь, не вагаючыся, спускаюцца ўніз.

27. Яны трапляюць у невялікі пакой. У прыцемках знаходзяць мажны падсвечнік, запальваюць свечкі. Пакой запоўнены рознымі старажытнымі рэчамі: даспехамі, посудам, кнігамі... Героі разумеюць, што гэта схованка тых фамільных скарбаў, якія ацалелі пасля зніштажэння палаца. А Базыль выступае ў ролі іх захавальніка. Алесь знаходзіць нейкі скрутак палатна, на якім праглядаюцца фарбы. Просіць Хрысціну патрымаць знаходку ў раскрытым выглядзе, каб зняць яе на камеру. Убачыўшы карціну поўнасцю, Алесь разумее, што гэта - той самы парадны партрэт Ганны Марыі, напісаны Францішкам. І заўважае дзівоснае падабенства паміж Хрысцінай і дзяўчынай з XVIII стагоддзя. У Хрысціны звоніць мабільны. Тэлефануе Артур. Калі яна бярэ слухаўку, партрэт ізноў згортваецца ў скрутак. Дзяўчына кажа, што ёй трэба ісці.

28. Хрысціна і Артур вяртаюцца на машыне дадому. Артур пачынае распавядаць навіны, але заўважна, што дзяўчына думае аб нечым сваім.

29. Кватэра Хрысціны. Вадзім Георгіевіч распытвае дачку аб тым, як яна з'ездзіла з Артурам у Каралі. Дзяўчына адказвае неахвотна, аднаслоўна. Бацька, зразумеўшы яе настрой, пакідае яе ў адзіноце. Яна думае аб чымсьці, уключае тэлевізар. На экране, на які б канал яна ні пераключыла, увесь час паказваюцца катастрофы, аварыі, здарэнні. У Хрысціны ўзнікае адчуванне, быццам штосьці дрэннае павінна здарыцца сёння ў Каралях. Не стрымаўшыся, яна зрываецца з канапы і пакідае дом.

30. Каралі. Алесь працягвае працу над сцэнарыем ля руін палаца: на экране ноўтбука спакваля з'яўляецца гісторыя кахання Ганны-Марыі і Францішка. Потым хлопец стомлена адхіляецца ад экрана, заплюшчвае вочы. І бачыць, бы наяве, працяг гісторыі.

31. Позні вечар. Палац БусліцкіхМярэцкіх рыхтуецца да сну. Раптам паляну перад домам перасякае цёмная фігура. Яна набліжаецца да дома і па плюшчы караскаецца на адзін з балконаў. Грукае ў вакно. Для Ганны-Марыі гэты начны візіт стаў нечаканасцю. Яна адчыняе акно і ўпускае ў пакой Францішка. З кароткага дыялога становіцца зразумелым апушчаны фрагмент гісторыі: пан БусліцкіМярэцкі даведаўся пра каханне сваёй дачкі праз здраду служанкі, і Францішак быў выгнаны з палаца. Ад угневанага гаспадара, які хацеў бачыць сваім зяцем заможнага і радавітага шляхціча, мастак атрымаў самыя суровыя папярэджанні. Францішак запэўнівае каханую, што ніякія пагрозы не перашкодзяць яго пачуццям. Раптам за вокнамі чуецца шум. Крыкі: "У палацы - чужы!". Гаспадар загадвае схапіць няпрошанага госця. Ганна-Марыя прапануе Францішку варыянт уцёкаў праз старадаўні падземны ход. Яна адсоўвае каваную заслонку вялікага каміна і тлумачыць, што гэта - схаваны лаз, які вядзе ў лабірынт. Дзяўчына хоча развітацца з каханым, але тут яна сустракае позірк Францішка... Гукі пагоні набліжаюцца да дзвярэй яе спачывальні. Ганна-Марыя прымае рашэнне рушыць разам з каханым...

32. Позна ўвечары Хрысціна прыязджае ў Каралі. Шукае Алеся ў хаце Базыля. Хлопца там няма. Гаспадар распавядае, што Алесь выправіўся кудысьці ў парк. Хрысціна бяжыць туды. У гэты час раптоўна набліжаецца навальніца. Пачынаецца моцны дождж, б'юць маланкі. Адна з іх трапляе ў старое дрэва- яно падае з павыварочванымі карэннямі. Хрысціна хоча знайсці месца, дзе магчыма схавацца ад дажджу. Шукае прыстанку ля паваленага дрэва, пад "парасонам" павыварочваных карэнняў. Трапляе ў гушчар і раптам некуды глыбока правальваецца.

33. Навальніца скончылася. Мокры ад дажджу Алесь вяртаецца да Базыля. Стары распавядае, што яго шукала дзяўчына з горада. Яны разам ідуць у парк за Хрысцінай.

34. Базыль і Алесь бачаць паваленае дрэва. Падыходзяць да яго і заўважаюць правал. Побач на зямлі ляжыць кепка Хрысціны. Яны разумеюць, што дзяўчына патрапіла ў вузкую яміну, выбрацца праз якую назад немагчыма, бо яна ўжо амаль засыпана зямлёй. Базыль распавядае Алесю пра лёхі, якія вядуць у лабірынт. Ён вырашае паказаць хлопцу той уваход, пра які яму калісьці расказваў ягоны дзед. Алесь загадвае Базылю застацца на паверхні, каб у экстранным выпадку паклікаць дапамогу.

35. Алесь кідаецца ў цёмны лабірынт і асцярожна рухаецца па калена ў вадзе...

(Працяг будзе.)

Сцэнарная група - Людміла КРУШЫНСКАЯ, Ілля СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Антон СІДАРЭНКА  

 

Перад першым дублем

Якім бачыцца ўвасабленне падобнага сюжэта нашым вядомым рэжысёрам? Мы абавязкова запытаемся ў іх аб тым у самы бліжэйшы час. Таксама нам, безумоўна, цікава даведацца і пра ваша меркаванне: якое гістарычнае месца ў Беларусі можа стаць натурай для кіна-Каралёў? Чакаем вашыя меркаванні на электронны адрас: kultura@tut.by, на пошту: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 (з пазнакай "Сцэнарый").