Фактура art-аб’ектаў

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Выстаўка чатырох маладых мастачак Аляксандры Шыла, Алены Ліпінскай, Аляксандры Івановай і Наталлі Клімовіч пад назвай “З мяне” адбылася ў галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

/i/content/pi/cult/305/5209/9-3.jpg

Усе творцы скончылі Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.Глебава, а тры з іх - нядаўнія выпускніцы Акадэміі. Аднак больш агульных рыс паміж дзяўчатамі няма: кожная эксперыментуе ў сваім накірунку мастацтва і мае непаўторны падыход да адлюстравання рэчаіснасці.

Аляксандра Шыла стварыла прасторава-гукавую інсталяцыю для рэалізацыі сваёй ідэі пра іншую планету і невядомых істот на ёй. Жывапіс на шкляных пласцінах, пастаўленых адна за адной, становіцца аб'ёмным, музыка, напісаная мастачкай, гучыць у навушніках і паглыбляе сузіральніка ў нейкі іншы сусвет, а фонам служаць палотны з выявамі незнаёмай прыроды. Такі комплексны падыход да артаб'екта, увага да яго дэталёвай падачы выглядаюць свежым павевам у айчыннай выставачнай прасторы.

Аляксандра Іванова паказала сябе як прафесійны графік, яна працуе шмат і прапускае праз сябе самыя розныя тэмы. Дэкаратыўн/i/content/pi/cult/305/5209/9-4.jpgасць і хаатычнасць, метафарычнасць і канкрэтнасць - ёй уласцівыя няспынны пошук і імкненне ствараць сваю графічную мову. Імпульсіўныя лінагравюры, рамантычныя лісты, выкананыя сухой іголкай, рэзкія, з металічнай колкасцю, афорты... Калі творчы шлях дзяўчыны толькі пачынаецца, то праз шмат гадоў, думаецца, пра яе можна будзе напісаць надзвычай багата,- творцы засталося знайсці "сваю" тэму, якая стане "разыначкай" у гэтым суквецці.

Жывапіс Наталлі Клімовіч складана назваць і рэалістычным, і абстрактным. Экспрэсіяністычныя, фактурныя згусткі яркіх адценняў чырвонага на цёмным фоне - гэта быццам мастацтва выплёскваць энергію на палатне. Такія творы адчуваюць патрэбу ў невялікіх тэкставых тлумачэннях, калі толькі аўтар не жадае дабіцца ад кожнага гледача сваёй інтэрпрэтацыі.

Вытанчаныя і па-сапраўднаму жаноцкія скульптуры - у Алены Ліпінскай. Крохкія, безабаронныя істоты заміраюць у мармуры, бронзе, гліне. У іх адчуваеш спакой і заглыбленасць у сябе.