Канструкцыя іншасказу

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Кола жыцця Георгія Скрыпнічэнкі

/i/content/pi/cult/305/5207/9-5.jpg

Нядаўна нашаму вядомаму жывапісцу і графіку Георгію Скрыпнічэнку споўнілася семдзесят! Годны вучань Альгерда Малішэўскага і Леаніда Шчамялёва, ён цягам вось ужо 45 гадоў ззяе сваім непаўторным, яскравым талентам на шматлікіх выстаўках у Беларусі і замежных краінах, блізкіх і далёкіх.

Калісьці ён актыўна пачынаў з друкаванай графікі, кніжных ілюстрацый беларускай класікі і акварэлі, але ўжо з пачатку 80-х цалкам перайшоў на жывапіс. І ў гэтай галіне мастацтва стаў адным з самых прыкметных, значных, вострасучасных чараўнікоў новага вобразна-пластычнага свету. Гэты свет мастака - добры і журботны, грацыёзны і таямнічы, пранізліва-рэальны і адначасова фантастчны. Пры ўсёй празрыстай элегічнасці, у работах творцы ёсць ноткі настальгіі па тым, што адышло назаўсёды, хвалюючае і трывожнае пачуццё тленнасці быцця. Быццам бы за ўсёй гэтай прасторай свету і паветра схавалася чароўная ноч: яна выходзіць з Траецкага прадмесця, перацякае ў старую вуліцу Верхняга горада, працягваецца, губляючыся ў фактуры, асвятляе гэтую зямлю і хаткі зеленавата-блакітнымі месячнымі блікамі... І ў выніку сустракаецца з досвіткам.

 Нават у карціне "Нараджэнне і смерць", якая навеяна роздумамі пра крохкасць усяго жывога, пра тое, што "ўсё праходзіць", - ёсць надзея. Надзея на Памяць. І няхай гадзіннік з гальштукам адлічвае хвіліны - "усё бліжэй да смерці", - людзі застаюцца людзьмі - цудоўнымі, добрымі, адкрытымі ў сваіх пачуццях і чыстых думках. Белая лінія на даляглядзе - пункт скрыжавання. І ад яго мастаку няма дзе схавацца...

Так, свет Скрыпнічэнкі - выдуманы, сканструяваны, і адносіны аўтара да адлюстраванай калізіі распазнаюцца не адразу. Яны схаваны за апасродкаванасцю мастацкага мыслення і пастаянным імкненнем да іншасказу, за ўскладненасцю, "закадзіраванасцю" пластычнай мовы. Такі падыход да рашэння сваіх задач пазбаўляе творцу непасрэднасці, але затое дае прастору для фантазіі, уяўлення гледача. Метафарычная значнасць усіх элементаў формы - колеру, святла, прасторы, суадносін аб'ёмаў і г. д. - робіць такія творы разлічанымі на маштабнае ўспрыманне. У іх - тэкст і падтэкст, відавочная (і часта займальная) сюжэтная кампазіцыя і прыхаваны сэнс, вонкавы, адкрыты "сюр" і ўнутранае напружанае выяўленне аўтарскага стаўлення да свету, адкрыты зварот да ўзораў мастацтва мінулага і пошукі самабытнай пластычнай мовы.

 У межах такой сістэмы выразнае месца адводзіцца іроніі: яна дапамагае схаваць гэтыя, часам пакутлівыя, пошукі формы светаўвасаблення і ўзнікае ад эмацыянальнага аддалення мастака ад аб'екта адлюстравання і нежадання адкрыта выявіць свае пачуцці. Іронія Скрыпнічэнкі дапускае пэўную разумовасць, нейкую інтэлектуальную ацэнку з'явы: сп/i/content/pi/cult/305/5207/9-6.jpgачатку - творцай, а потым - гледачом. Мастак прапаноўвае зірнуць на свет збоку, перш чым яго прыняць або адхіліць. Іронія прадвызначае многія глыбінныя ўласцівасці эмацыянальнай структуры жывапісу, стварае пэўную дыстанцыю паміж мастаком і гледачом. Тут няма прамых і адкрытых эмацыянальных адносін - іронія выклікае неабходнасць дашуквацца сапраўдных аўтарскіх пачуццяў, а не атрымліваць іх "з рук у рукі".

Георгій Скрыпнічэнка, як правіла, "да краю" запаўняе свае сюррэалістычныя палотны, прасякнутыя глыбока схаванай іроніяй ці сарказмам, пранізліва-шчаслівым святлом, які дае фігурам, прадметам ды іншым атрыбутам і аксесуарам адчуванне нейкага шматслойнага духоўнага Універсума, дзе несумяшчальныя ў рэальным свеце рэчы, калізіі і сітуацыі аказваюцца ў адзінай гульнявой і "знакавай" прасторы. Гэта бачна ў палотнах "Аднойчы ў Ратамцы", "Навагрудчына", "Стронцый", "Восень патрыярха", "Гармонія стагоддзяў", "Археалагічныя з'явы", "Страчаныя мары", "Выкраданне Еўропы", "Па шляху жыцця", "Апошнія гульні", "Кола жыцця", "Падзенне Ікара", "Ахвяра", жывапісных цыклах "Мастак і Бацькаўшчына", "Памяці загінулых касманаўтаў", "Мірная зямля". Вельмі шмат карцін у творчай спадчыне мастака: я ведаю, што ён нават у святы стаіць у сваёй майстэрні ля мальберта. Канешне, шмат чаго змянілася ў ягонай жывапіснай метафарычнай палітры, але тая душэўная шчодрасць, чалавечая камунікабельнасць, тое рэдкае пачуццё таварыства, што я назіраў у яго яшчэ ў маладосці, засталіся ў творцы па-ранейшаму непарушным залатым стрыжнем...

Б.К.