Характар і “Сінія коні…”

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Сёлета Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа спаўняецца восемдзесят пяць гадоў. Сорак шэсць з іх “пражыла” ў ім актрыса Ніна ЛЕВАШОВА. Сціплы, шчыры і надзіва мяккі чалавек, на пачатку студзеня яна адзначыла свой юбілей. Традыцыйна, па-акцёрску, — спектаклем “Плошча Перамогі” Алены Паповай, дзе Ніна Васільеўна іграе галоўную ролю.

/i/content/pi/cult/305/5206/8-3.jpg

 Узгадваючы час і ролі, актрыса гаворыць стрымана, толькі калі-нікалі выбухае амаль дзіцячым смехам ад таго, што выказаная думка прыемнасцю адгукаецца ў ёй:

- Разам з мужам Уладзімірам Куляшовым і іншымі аднакурснікамі- усяго сем чалавек - мы прыйшлі ў Коласаўскі тэатр адразу пасля сканчэння тэатральнага інстытута. Яшчэ працавалі нашы "старыя": Ільінскі, Звездачотаў, Глебаўская, Лагоўская! Яны да нас вельмі добра паставіліся, і практычна адразу навалілася багата роляў. Мая першая роля - хлопчык-піянер у спектаклі "Родная маці": вайна яшчэ гучала ў людскіх сэрцах болем, і тэма не пакідала нікога абыякавым. А потым прыйшла і першая значная роля: Яўстолія ў "Шануй бацьку свайго" В.Лаўрэнцьева - спектаклі пастаўленым Фёдарам Шмакавым...

Так атрымалася, што на сцэне Ніна Левашова ўвасабляла дзяўчат, зусім не падобных адна да адной. Яна прызнаецца, што па тэмпераменце ёй бліжэй гераіні лірычнага складу, але ж заўсёды імпанавалі зусім іншыя, яскравыя характары: жанчыны рухавыя, смелыя, нават эксцэнтрычныя, якія могуць сказаць тое, што думаюць.

 Ролі не заўсёды з'яўляліся самі, вельмі часта за іх даводзілася змагацца, прапануючы сваё бачанне. Але, каб атрымаць ролю, яна ніколі не звярталася па дапамогу да мужа, які ў тэатры меў вялікі аўтарытэт.

 - У мяне быў гонар. Я ж таксама не лыкам шытая, нешта магу і сама! Калі ў тэатры ставілі "Сініх коней на чырвонай траве" М.Шатрова, на ролю Сапожнікавай ужо былі прызначаны дзве актрысы. Нават муж мяне адгаворваў. Але я нутром адчувала, што гэтая роля - для мяне. Пасля таго, як дзяўчаты прачыталі свае ролі з ліста, рэжысёр сказаў: "Добра, паспрабуйце і вы," - і я проста выдала выпакутаваны матэрыял, бо тэкст ведала на памяць і літаральна жыла ім, у выніку чаго сыграла сваю Сапожнікаву насуперак усяму...

Яе любімыя ролі - Смеральдзіна з гарачым італьянскім характарам у спектаклі "Слуга двух гаспадароў" К.Гальдоні, якая "ну проста чыхвосціла ўсіх!", і яшчэ адна, зусім невялічкая,- роля цяжарнай Паштальёнкі са спектакля "У доме на Сонечнай" А.Маўзона... Пра спектакль "У доме на Сонечнай" Ніна Васільеўна расказвае:

 - Вось, здаецца, ролю сваю адыграла, слёзы выплакала, выходжу ў фае. Стаю ціхенька. А да мяне падыходзіць Аляксандр Ільінскі, становіцца перада мной на калена і кажа: "Усім бы так пражываць лёс сваёй гераіні!.." Гэта было для мяне даражэй за ўсялякія ўзнагароды...

 Адпрацаваўшы ў акцёрскай прафесіі амаль паўстагоддзя, Ніна Васільеўна раскрывае сакрэты майстэрства:

- Характарным акцёрам трэба быць назіральнымі. Вось як склаўся вобраз маёй Клеапатры Пятроўны з "Плошчы Перамогі"? Я знайшла яе, калі лячылася ў шпіталі. Там пабачыла жанчыну - удаву мастака. Яе характар, паводзіны, жэсты і падвялі да вобраза маёй гераіні. Вось як атрымліваецца: нават у шпіталі думаеш пра тэатр!..

Ніна Левашова і Уладзімір Куляшоў разам працавалі ў тэатры Якуба Коласа, хаця ў пары ігралі нячаста. Іхняя дачка Вольга таксама абрала акцёрскую прафесію. Відаць, яшчэ і таму, што ўпершыню трапіла за кулісы у... дваццаць дзён.

- Неяк у гогалеўскім "Рэвізоры" мы з Вольгай ігралі разам: я- маці, яна - дачку. А ў нас тады былі пробы, амаль як у кіно, і на ролю Ганны Андрэеўны было некалькі прэтэндэнтак. Мы з Вольгай самастойна зрабілі ўрывак, і рэжысёру Барысу Эрыну наша інтэрпрэтацыя спадабалася найбольш. Дачка - цыбатая, а маці - маленькая, такая жвавая!.. І на рэпетыцыях, калі нешта пачынала ісці ў іншым кірунку, Эрын казаў: "Ніначка, вы самі прапанавалі мне гэты план. Таму і не адступайце ад яго!"...

Коласаўскі тэатр перыяду 1960-х- 70-х гадоў падарыў Ніне Васільеўне найлепшыя ўспаміны. Гэта быў такі час, калі нават цяжкасці, якіх было багата, толькі насычалі жыццё новымі, яскравымі, уражаннямі. Надзвычай запомніўся "Клоп" Маякоўскага, які ставіў Барыс Эрын разам з галоўным балетмайстрам нашага Опернага тэатра Дадзішкіліяні. У гэтай фантасмагорыі быў заняты ўвесь тэатр.

- Многія выконвалі і па дзве, і па тры ролі. Я іграла Зою Бярозкіну, якую пакрыўдзіў Прысыпкін-Шмакаў. Спектакль атрымаўся цудоўны, проста неверагодны. Нашы мужчыны- Георгій Дубаў і Уладзімір Куляшоў - увасаблялі жанчын: Дубаў - "дамачку" лёгкіх паводзін, а Куляшоў - свецкую. І гэта было так весела, што мы самі смяяліся!

Напрыканцы...

 - Ці ёсць такая роля, пра якую заўсёды марылі, але не сыгралі?

 - І марыла, і сыграла: Байбу ў спектаклі "Ветрык, вей!" паводле п'есы Я.Райніса. Вельмі драматычная роля.

- А цяпер пра якую марыце?

 - Хочацца ўвасобіць Сваццю ў запланаваным на наступны сезон спектаклі "Ханума" Цагарэлі: вельмі ж музычная пастаноўка, а я такія работы люблю. 

 Марына ПЯТРОВА, рэдактар літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа