Прыступкі для “Эдыпа”

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Што ў наш час рухае чалавекам? Лёс? Жаданне знайсці сябе? Ці гэта проста блуканне наўдачу? У пошуках жыццёвых арыенціраў жыхароў ХХІ стагоддзя Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага звяртаецца да сюжэта адной з самых папулярных старажытнагрэчаскіх п’ес: на Малой сцэне Барыс Луцэнка прадстаўляе трагічную гісторыю “Эдып”.

/i/content/pi/cult/305/5205/8-1.jpgМанументальны твор Сафокла з вялікай колькасцю калізій, выпрабаванняў і трагедыяй непапраўных абставін з'яўляецца для рэжысёраў адной з самых "ласых" п'ес. У Рускім тэатры вырашылі пайсці больш складаным шляхам. Барыс Луцэнка запрасіў ужо знаёмую яму па працы над спектаклем па матывах Анарэ дэ Бальзака драматурга Алену Мінчукову, узяўшы да інсцэніроўкі замест класічнага тэксту яе п'есу.

 Аўтар вельмі смела абыходзіцца з першакрыніцай, пакідаючы замест эпічнага палатна паўтарагадзінны дэтэктыў. Аднак падобнае стаўленне да тэксту дае папраўдзе шыкоўныя вынікі: аднаактовы спектакль атрымлівае напружаную сюжэтную лінію і такі высокі тэмпарытм, якому пазайздросціў бы сцэнарыст самага касавага трылера. Да таго ж, пры ўсёй звыклай для прадстаўнікоў новага часу хуткасці развіцця дзеяння, малады драматург паспявае ўдумліва выкласці свой погляд на філасофію нашага стагоддзя.

Барыс Луцэнка ставіць маштабную дзею на Малой сцэне, пасадзіўшы галоўных герояў літаральна ў чорную скрыню. Камернасць залы, манахромнасць у рашэнні дэкарацый ствараюць уражанне сапраўднай чорнай дзіркі, якая паступова, але непазбежна ўцягвае царскую сям'ю ў бездань. На гэтым фоне і самі героі першапачаткова падаюцца плоскаснымі фігурамі, што нават падкрэсліваецца рэжысёрам на пачатку спектакля ў франтальнай пластыцы акцёраў. З паступовым заглыбленнем у вытокі падзей двухвымерны свет набывае аб'ём, адкрываючы жахлівы падтэкст усёй чарады здарэнняў. Эдып у выкананні Руслана Чарнецкага сталее літаральна на вачах гледача. Напачатку ён выглядае амаль што прасцяком, які ўпершыню за пятнаццаць гадоў адарваў вочы ад любай жонкі і раптам сутыкнуўся з жорсткасцю свету. Збягаючы ад ракавых прадраканняў у сямейнае ложа,

Эдып забыўся на тое, што нявырашаныя др

обязі хутка нарастаюць і ў любы момант гатовы панесціся на звыклае жыццё некіравальнай калясніцай. Загнаны абставінамі ў кут, цар вымушаны аналізаваць падзеі. Як вядома, той чалавек, які думае, - пакутуе. І кожнае ўзняцце на новы ўзровень разважанняў ды размовы з Пустэльнікам (Віталь Быкаў) і служкам Лая (Валерый Шушкевіч), што раскрываюць жахлівую бездань ісціны, літаральна на вачах надаюць амаль увачавіднай сівізны Эдыпу.

 Калі Сафокл на першы план выводзіў выпрабаванні Эдыпа, то ў пастаноўцы Горкаўскага тэатра з'яўляецца яшчэ адзін галоўны герой: у гэтым спектаклі на вышыню цэнтральнага персанажа ўзнімаецца вобраз Іакасты. Часцяком сучасныя драматургі, калі справа датычыцца сямейных мізансцэн, не могуць выйсці з палону паверхневых побытавых недарэчнасцей. Адштурхоўваючыся ад глыбы Сафокла, Алене Мінчуковай удалося выпісаць вобраз самой жаночай сутнасці. Яна паказвае, як пад надзвычай распаўсюджанай сярод жанчын маскай наіўнасці і прастаты часцей за ўсё хаваецца востры боль растаптанай любові, незагойная рана ад страты дзіцяці. Менавіта Іакаста (Алена Унукава) першая кажа Эдыпу: калі ты патрабуеш ад чалавека адкрыць душу, будзь гатовы ўзяць на плечы непасільны цяжар жыццёвых трагедый.

 З таго нямногага, што звязвае новую беларускую п'есу з старажытнагрэчаскай трагедыяй, застаўся хор, які час ад часу ўзнікае ў запаленым розуме Эдыпа, ды вершаваная мова, на што перыядычна, хоць не зусім зразумела, навошта, пераходзяць акцёры. Аднак каштоўнасць гэтай прэм'еры - менавіта ў адрозненнях. Барыс Луцэнка кардынальна ссоўвае акцэнты, адыходзячы ад традыцыйнай трактоўкі аб наканаванні лёсу. Спектакль сцвярджае: самы дрэнны паварот падзей - гэта ўсяго толькі вынік неабдуманых дзеянняў самога чалавека. Чорная пустэча - не тупік, а платформа для нараджэння новага.

/i/content/pi/cult/305/5205/8-2.jpg

 Гэты спектакль на класічны сюжэт як ніякі іншы гучыць сучасна. Ён распавядае аб новым пакаленні, якое прызвычаілася не аглядваючыся ісці па жыцці, заяўляючы: таго, на што ты закрыў вочы, - не існуе. Мы жартуючы крыўдзім, гуляючы пераступаем праз тое, над чым патрэбна было б паразважаць. А за нашай спінай нарастае кола няздзейсненага, якое не-не - ды і зрываецца, падмінаючы пад сябе чалавека.

Таму і асляпленне набывае новы сэнс: Эды

п не хаваецца за цемрай ад цяжару праўды, якая адкрылася. Ён асляпляе сябе, каб усё наноснае перастала перашкаджаць яму на шляху прасвятлення. Барыс Луцэнка ўзнімае тэму ўседаравання, нагадваючы, аднак, што ў наша стагоддзе важна навучыцца не толькі прабачаць, але і прасіць прабачэння.

 Так, паступова, у старажытнагрэчаскай фабуле пачынае прачытвацца хрысціянская тэма пакаяння. У фінале над Эдыпам уздымаюцца камяні, але, як вядома з Бібліі, кінуць іх у грэшніка можа толькі той, хто сам без граху. І калі камяні з рук харыстаў ляцяць убок, рэжысёр дорыць гледачу веру ў тое, што шчырае прыняцце сябе і сваіх памылак, уменне прасіць прабачэння змогуць пераламіць самую, здавалася б, непапраўную сітуацыю. Толькі разважанні над сутнасцю рэчаў дапамогуць адшукаць магчымасць, якая ператворыць бездань у першую прыступку да адраджэння чалавека.

 Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"