Рэзюмэ крытыка

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Паміж “парадным партрэтам” і “рэпартажам” Сучасная п’еса: твор ці “прадукт”?

 

Як мы адзначалі вышэй, больш за год на старонках нашага выдання доўжылася дыскусія аб сучаснай беларускай драматургіі ў айчынных тэатрах. І карціна, якая намалявалася ў выніку цыкла публікацый, выявіла той факт, што існуючыя ў гэтым пытанні стэрэатыпы далёка не заўсёды адпавядаюць рэальнай сітуацыі.

Прынамсі, на фоне пастаянных размоў аб адсутнасці новых цікавых п'ес вырасла цэлая плеяда маладых людзей, для якіх драматургічная дзейнасць сталася натуральнай формай іх творчага самавыяўлення. Іншая справа, што плён іх пісьменніцкага занятку ў большасці сваёй існуе выключна на паперы, не трапляючы пакуль што на айчынныя падмосткі.

 Рэжысёры кажуць: маладыя драматургі не валодаюць асновамі прафесіі. Тыя ў адказ папракаюць рэжысёраў у адсутнасці "нюху" на час і тэндэнцыі, якімі жыве сучаснае грамадства, закансерваванасці ў старых традыцыях і няўменні ісці ў нагу са сваім гледачом. Аднак гэта - усяго толькі першы, знешні, пласт пытання. Карані ж крыюцца куды глыбей.

 Па сутнасці, галоўнае супрацьстаянне драматургаў і рэжысёраў замяшана на неразуменні і нявызначанасці тых месца і ролі, якія сучаснае тэатральнае жыццё адводзіць для аўтараў драматургічных тэкстаў. Рэжысёры прынцыпова падтрымліваюць ідэю ўтылітарнасці драматургічнага твора - неабходнасці адпавядання яго тым задачам і задумам, што ставіць перад сабой стваральнік спектакля. Маўляў, п'еса - гэта ўсяго толькі матэрыял, які з'яўляецца своеасаблівай пластычнай "біямасай" для творчага самавыяўлення рэжысёра. А значыць, ён павінен адпавядаць пэўным патрабаванням і крытэрыям. І гэта, бясспрэчна, правільна: прафесіяналізм у любой сферы дзейнасці яшчэ ніхто не адмяняў.

З іншага боку, маладыя драматургі, не адмаўляючыся ад супрацоўніцтва, амаль што ў адзін голас кажуць аб жаданні самавыяўлення, стварэння ўласнага свету ў тых п'есах або тэкстах, якія нараджаюцца пад іх прозвішчамі, згадваючы, што ва ўсе часы менавіта новы тып драматургіі і станавіўся асновай новага тэатра: так было з Шэкспірам, Мальерам, Астроўскім, Чэхавым, у больш блізкі час - з Валодзіным, Вампілавым, Макаёнкам... І толькі тады, калі рэжысёры ад усяго сэрца, шчыра, пажадаюць "пранікнуць" у сутнасць тых думак і канструкцый, якія прапаноўваюць маладыя аўтары, і адмовяцца ад падыходу да гэтых твораў са звыклай "меркай" традыцыйнага тэатральнага досведу мінулага стагоддзя, ім, магчыма, адкрыецца новы, невядомы дагэтуль свет тэатра. Але для гэтага найперш неабходна адчуць у сабе імкненне да "першаадкрывальніцтва", пошуку новых форм сцэнічнай выразнасці.

Па сутнасці, рэжысёры і драматургі сёння існуюць нібыта ў розных жанрах. Тэатры ўсё больш заняты стварэннем "парадных партрэтаў" - багатых, дарагіх, такіх, якія, па іх меркаванні, і павінны прэзентаваць беларускую культуру. У той час як маладым аўтарам больш блізкае "рэпартажнае" адчуванне навакольнага жыцця, пошукі тых "болевых кропак" і струнак, што адгукнуцца незалежна ад знешняга антуражу і колькасці выдаткаваных на гэта пастановачных сродкаў. Аднак кланіраваныя тэатральныя "партрэты" ўсё менш і менш прыцягваюць да сябе жывой увагі і інтарэсу, а драматургічныя "рэпартажы" ўжо праз кароткі час страчваюць сваю актуальнасць, патрабуючы новых "рэпарцёрскіх гісторый".

Асабіста я не веру ва ўтылітарныя перспектывы драматургічнай прафесіі. Так, можна колькі заўгодна ствараць п'есы "на заказ", але, як правіла, большасць з іх так і застаецца аднаразовым прадуктам, прымянімым толькі для канкрэтнай сітуацыі супрацоўніцтва з тым або іншым тэатрам і рэжысёрам. Жывой і жыццяздольнай можа стаць толькі самастойная п'еса, твор, які не задумваецца як "паўфабрыкат", а ўяўляе з сябе выспелы, гатовы плён інтэлектуальнай і творчай дзейнасці свайго аўтара.

Не адкрыю Амерыкі, калі скажу, што галоўная праблема "адсутнасці наяўнасці" сучасных драматургаў крыецца ў браку ўласнай драматургічнай школы. Ды толькі само стварэнне яе ў дадзеным выпадку мусіць насіць не столькі фармальна-арганізацыйны, колькі эвалюцыйны характар. Таму што наяўнасць школы вызначае не колькасць навучальных устаноў, якія рыхтуюць профільных спецыялістаў, а- наяўнасць драматургічных традыцый у стварэнні п'ес. І да таго часу, пакуль галоўную стаўку мы будзем рабіць на чаканне з'яўлення новых талентаў, замест таго, каб развіваць існуючыя ўжо традыцыі, мы будзем заставацца тым Старым з казкі, які закідвае ў акіян нерат і не ведае, ці апынецца ў ім гэтым разам што-небудзь яшчэ, акрамя ціны марской.

Вось толькі - чарговая тэма: хто ж мусіць заняцца гэтым выхаваннем? Педагогі ў адзін голас сцвярджаюць, што навучыць могуць адно тэорыі, практыку ж неабходна спасцігаць толькі ў рэальнай працы, у той час як рэжысёры-практыкі патрабуюць гатовых спецыялістаў, а не "недавукаў", каму неабходна на кожным кроку тлумачыць, што да чаго. Старэйшыя ж драматургі, якім таксама час ад часу паступаюць прапановы заняцца падрыхтоўкай маладой змены, як правіла, матывуюць свае адмовы тым, што напісанне п'ес і выхаванне спецыялістаў у дадзеным кірунку - дзве адрозныя адна ад адной прафесіі, і далёка не заўсёды добры драматург здольны быць гэткім жа педагогам...

Выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў? Што ж, драматургі "ратуюць" сябе, знаходзячы рынак і спажывецкую аўдыторыю для сваіх твораў за межамі нашай краіны: балазе рускамоўная прастора з ахвотнасцю прымае і паглынае велізарную колькасць людзей, што ствараюць новыя драматургічныя тэксты. І даволі хутка надыходзіць момант, калі прынцыпы рыначных адносін "змятаюць" з нашых драматургічных "паліц" нават тыя сціплыя прапановы, якія маюцца на сённяшні дзень. Жаданне творчага самавыяўлення і прызнання, што амаль заўсёды рухае маладым драматургам на самым пачатку, падмяняецца фактам спажывання. І прэтэнзія на "твор" незаўважна замяняецца выдачай "прадукту"...