Скарбы “Скарбніцы”

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

27 студзеня ў будынку Канцэртнай залы “Мінск” адбудзецца розыгрыш чарговага, 22 тыражу рэспубліканскай грашова-рэчыўнай латарэі “Скарбніца”, увесь прыбытак ад якой пойдзе на рэстаўрацыю Навагрудскага замка.

 

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лянкоў, рэалізацыя латарэйных білетаў мінулагодніх тыражоў складала ад 76 да 81 працэнта ад агульнай колькасці, пры гэтым найбольш папулярнай у аматараў азартных гульняў "Скарбніца" была ў красавіку і ліпені 2010-га. Не апошнюю ролю ў гэтым сыграла тое, што пункты па рэалізацыі латарэі былі шырока прадстаўлены пад час правядзення міжнародных фестываляў "Славянскі базар у Віцебску" і "Белая вежа" ў Брэсце, а таксама літаральна ля саміх руін Навагрудскага замка ў час святкавання 600-годдзя перамогі пры Грунвальдзе. Пры гэтым, па словах Аляксандра Лянкова, маецца дамоўленасць з "Беларускімі латарэямі" аб рэалізацыі "Скарбніцы" на буйных фестывалях і надалей.

 З арганізатарам латарэі абмяркоўвалася і пытанне прызоў. Ідэю аб розыгрышы турыстычных пуцёвак маркетолагі "Беларускіх латарэй" не падтрымалі, паколькі, на іх думку, у пераможцаў "Скарбніцы" з раёнаў можа ўзнікнуць шэраг цяжкасцей. Ды і ўдзельнікі латарэй, як правіла, больш зацікаўлены ў грашовых прызах. Па словах Аляксандра Лянкова, за кошт даходу ад правядзення ранейшых розыгрышаў латарэі - а гэта каля 39 мільёнаў беларускіх рублёў - распачаліся работы па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі рэстаўрацыі Навагрудскага замка. На гэтыя ж мэты з рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана 41,5 мільёна, а таксама звыш 20 мільёнаў, што паступілі на дабрачынны банкаўскі рахунак.

 Як адзначыў Аляксандр Лянкоў, бліжэйшыя тыражы "Скарбніцы" будуць таксама прысвечаны адраджэнню Навагрудскай фартэцыі.