“Легітымізаваць” стылізацыю ў кастэлі

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Дзе выпіць кавы ў чыстым полі?

/i/content/pi/cult/305/5200/4-1.jpg

 Не так даўно неабыякавыя да гісторыка-культурнай спадчыны людзі атрымалі новую прычыну для эмацыйнага ўзрушэння. З падачы журналіста "Звязды" зацікаўленая аўдыторыя даведалася пра тое, што "У двары Лідскага замка збудуюць трохпавярховы бетонны дом".

 Гэта, уласна, загаловак ягонага матэрыялу. Яму папярэднічаў іншы артыкул таго самага аўтара, у назве якога характар навабуда быў акрэслены як "немаведама што". І сапраўды, атрымаць хаця б базавую інфармацыю аб тым, што ж мяркуюць пабудаваць у знакамітым замку, чытачы матэрыяла не здолелі. Яго тэкст інтрыгаваў таямніцамі. Карэспандэнту "К" закарцела хаця б на пару крокаў наблізіцца да разгадкі.

 Але дэтэктыва не атрымалася. Набраўшы нумар начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага, я адразу пачуў ад яго вычарпальную інфармацыю і пра характар будынкаў, і пра іх функцыянальнае прызначэнне, і пра юрыдычную "легітымізацыю" навабудаў...

 - Гэта некалькі пабудоў, якія не прэтэндуюць на статус помніка спадчыны і будуць мець чыста функцыянальнае прызначэнне, - адказаў Ігар Чарняўскі.- Там плануецца размясціць адміністрацыю музея, рэстаўрацыйныя майстэрні, базу рыцарскага клуба... Праект гэтых будынкаў распрацаваны ўжо даволі даўно і прайшоў усе прадугледжаныя заканадаўствам стадыі ўзгаднення.

Мяжа паміж фантазіяй і стылізацыяй

Знайсці адказную асобу, здатную распавесці пра новабудоўлю больш дэталёва, аказалася таксама зусім не складана. Як вядома, навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Лідскага замка з'яўляецца Наталля Баранец. Яна ахвотна пагадзілася даць усе патрэбныя каментарыі.

Уласна, перасцярогі адносна новага будаўніцтва можна сфармуляваць у некалькіх пунктах. На іх і была заснавана наша гутарка з архітэктарам.

1. Навабуд сказіць аблічча помніка спадчыны. "Трохпавярховы будынак" - гэта гучыць моцна! Але, насамрэч, вышыня яго стромкага даху павінна дасягаць хіба ўзроўню замкавых галерэй. Адпаведна, звонку тую камянічку папросту не будзе відаць. Ды і яе плошча супастаўляльна з агульнай плошчай двара ўсё ж даволі невялікая". Убачыўшы 3D-візуалізацыю архітэктурнай задумы, цяжка паспрачацца з Наталляй Баранец: новыя будынкі не будуць прыцягваць да сябе надта шмат увагі. На фоне манументальных вежаў яны выглядаюць цалкам адпаведна свайму "службоваму" статусу.

2. Навабуд з'яўляецца чыстай фантазіяй сучасных архітэктараў. Так, на гістарычную праўду яны і не прэтэндуюць. Але ўсё ж гэта не фантазія, а менавіта стылізацыя, бо навабуд мае паўстаць на гістарычнай аснове. Археалагічныя даследаванні замкавага двара выявілі рэшткі падмуркаў дома кашталяна і казармаў, і менавіта да іх "прывязаны" новыя будынкі.

- Па сутнасці, мы прапанавалі аднавіць тыя пабудовы, якія калісьці былі ў замку, і зыходзілі з іх першапачатковага характару, - кажа Наталля Баранец.- Скажам, дом кашталяна будзе мураваны: усё ж камендант крэпасці мог дазволіць сабе лепшыя ўмовы побыту, чым у простых салдат. А вось казармы плануецца выканаць як драўляныя збудаванні...

"Фантазіраваць" давялося з той прычыны, што архіўных матэрыялаў, неабходных для аднаўлення пабудоў у іх гістарычным абліччы, на жаль, не захавалася. Паводле сусветнай практыкі, у такім выпадку выкарыстоўваецца прынцып аналогіі. Яго ўзялі на ўзбраенне і архітэктары "Мінскпраекта": знешні выгляд камяніцы, якую мяркуюць узвесці на месцы дома кашталяна, быў "запазычаны" з графічных выяў вуліц Гродна XV стагоддзя, а ў якасці прыкладу канструкцыі сцен казармы быў узяты дамок таго самага часу ў Мальбарку.

- Пад час сваіх адпачынкаў мы ўтрапёна вывучалі замежныя аналагі - той жа Мальбарк або Тракай, - кажа навуковы кіраўнік праекта. - І пераканаліся, што без унясення ў структуру замка сучасных элементаў не абышлося і там...

 Наталля Баранец пералічыла і тыя матэрыялы, якія будуць выкарыстаны пад час будоўлі: цэгла, бутавы камень, дрэва... У сваю чаргу, спецыялісты Міністэрства культуры краіны рэкамендавалі архітэктарам адмовіцца ад фрагмента фахверкавай кладкі, палічыўшы гэты элемент залішнім.

Звярніце ўвагу: пра выкарыстанне бетону ды іншых "гістарычна неадпаведных" матэрыялаў, прынамсі, на паверхні зямлі, гутарка нават не вядзецца.

 3. Але падвалы, якія маюць узнікнуць пад новымі пабудовамі, таксама выклікаюць пытанні.  Бо ніякіх сутарэнняў у тых месцах даследаванні не выявілі.

Наталля Баранец патлумачыла гэтыя інавацыі актуальнымі тэхнічнымі задачамі:

- Усё ж мы жывём не ў ХIV стагоддзі, а ў ХХІ. І таму замак неабходна забяспечыць сучаснымі інжынернымі камунікацыямі: каб у вежах было цёпла і светла. Іначай іх прыстасаванне пад музейную функцыю будзе досыць праблематычным. Тым болей, плануецца асвятленне як фасадаў замка, так і ўнутранага двара.

 Як забяспечыць сярэднявечны замак неабходным наборам сучасных выгод? Гэтая задача - не з простых. Архітэктары "Мінскпраекта" прапанавалі "схаваць" вузлы камунікацый акурат пад навабудам - каб наведвальнікі адчувалі іх ненавязлівую прысутнасць, але ні ў якім выпадку не маглі ўбачыць на ўласныя вочы. Альтэрнатыўныя варыянты вырашэння праблемы падаліся спецыялістам надта сумнеўнымі: яны прадугледжвалі "хірургічнае ўмяшальніцтва" непасрэдна ў сам помнік.

- І паколькі гэтыя падвалы будуюцца "з нуля", іх было вырашана рабіць з каменных блокаў,- працягвае Наталля Баранец. - Іншая справа, калі б гэта былі сапраўды даўнія сутарэнні. У такім выпадку мы аднавілі б іх у першасным выглядзе.

Дарэчы, у новых пабудовах знойдзецца месца і для такой неабходнай праявы інфраструктуры, як санвузел. Натуральна, што аднаўляць яго згодна са стандартамі Сярэднявечча ніхто не збіраецца. Ды і санэпідэмслужбы хутка абрэзалі б крылы гэтай "смелай задуме".

 "Лякарня" для катапультаў

 Маё тэлефанаванне заспела Ігара Чарняўскага акурат у Лідзе: ён выехаў туды, каб абмеркаваць спрэчныя інавацыі ў замку непасрэдна з жыхарамі горада.

 Меркаванні апошніх на гэты конт падзяліліся. Пад час сустрэчы гучала і прапанова пакінуць двор цалкам незабудаваным - каб не ствараць муляжоў у шыкоўным гістарычным асяроддзі. Але памкненне пакінуць у цэнтры горада, па сутнасці, "чыстае поле" мела і нямала апанентаў.

Галоўны аргумент на карысць навабудаў палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасці (ці, дакладней, недалёкай будучыні). І- у новай функцыі кастэля, збудаванага князем Гедымінам, каб абараніць лідскі край ад крыжакоў. Зразумела, яна ніякім чынам не тычыцца фартыфікацыі- замак чакае лёс не толькі музея, але і своеасаблівага грамадска-культурнага цэнтра, прызначанага для масавага наведвальніка.

 У будынку казармаў мае размясціцца невялічкая кавярня. Наталля Баранец падкрэсліла, што па сваіх памерах і функцыях яна будзе нагадваць, хутчэй, буфет, чым рэстаран: плошча - каля 40 квадратных метраў.

 - Калісьці ў паветры лунала задума размясціць у адной з вежаў рэстаран лідскага піва, - кажа навуковы кіраўнік аб'екта.- Але намі ўсур'ёз яна нават не разглядалася - па зразумелых прычынах. Іншая рэч - невялічкі буфет, дзе падарожнік, які прыехаў здалёк, мог бы пакаштаваць той самай сярэднявечнай кухні або проста выпіць шклянку мінералкі.

Абгрунтоўваць актуальнасць такой праявы інфраструктуры на папулярных тураб'ектах нават залішне. Як, зрэшты, і сувенірнай крамы, якая ўладкуецца побач з кавярняй.

 Размяшчэнне ў замку рыцарскіх клубаў таксама ніяк не парушыць атмасферу даўніны- хутчэй, наадварот. Людзі ў даспехах, якія будуць праводзіць, скажам, трэніроўкі па фехтаванні проста ў двары, створаць дадатковы антураж, цікавую "карцінку" для турыстаў. Тым болей, сучасныя рыцары ўжо не першы год ладзяць у замку свае звышпапулярныя сярод наведвальнікаў "шоу". Навошта ж штораз цягаць рэквізіт ды касцюмы для іх праз увесь горад?

Своеасаблівай "разыначкай" экспазіцыі, аналаг якой мала дзе сустрэнеш яшчэ, мае стаць буйнагабарытная асадная тэхніка часоў Сярэднявечча (на жаль, у выглядзе копій). Для яе ў архітэктурным праекце прадугледжаны пяць адмысловых пляцовак. Але Наталля Баранец задаецца заканамерным пытаннем: як будзе адбывацца рамонт гэтых мудрагелістых прылад?

 - Калі не размясціць рэстаўрацыйныя майстэрні ў самім замку, тыя махіны давядзецца цягнуць кудысьці па-за яго межы, - кажа яна. - А для гэтага спатрэбіцца тэхніка. Натуральна, што нагоды для яе з'яўлення на тэрыторыі помніка спадчыны павінны надарацца як мага радзей.

 Арэна для зшыбак

Як кожны маштабны рэстаўрацыйны праект, работы па аднаўленні замка яшчэ неаднойчы апынуцца ў эпіцэнтры дыскусій. Іх асноўныя тэмы можна "прадказаць" ужо сёння. Адна з іх - цвёрдае пакрыццё ўнутранага двара. Апрача брукаванкі, а таксама ўчасткаў травы, архітэктары плануюць зрабіць там і асфальтавыя дарожкі.

- Спярша мы меркавалі поўнасцю выбрукаваць гэты двор,- кажа Наталля Баранец. - Але... У нас ёсць нормы, якія немагчыма абысці. Прыкладам, дакументацыя была накіравана на ўзгадненне і ў Таварыства інвалідаў-калясачнікаў. Зразумела, што яно папрасіла нас стварыць роўныя асфальтавыя дарожкі, бо на інваліднай калясцы па брукаванцы не надта праедзеш, а мы павінны ўлічваць, што сярод наведвальнікаў замка будуць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Іншая архітэктурная інавацыя, якая не мае ніякага гістарычнага грунту - арэна для правядзення розных імпрэз. Натуральна, што ў тыя часы, калі крэпасць мела абарончае значэнне, нічога падобнага ў яе межах не было. Але... Як сведчыць гісторыя, масавыя мерапрыемствы пачалі ладзіцца на тэрыторыі замка яшчэ за царскім часам: узімку там быў гарадскі каток, а ўлетку - футбольнае поле.

Не так даўно традыцыя ўзнавілася: цяпер у крэпасці рэгулярна праходзяць то рыцарскія турніры, то фальклорныя святы. І, як адзначыў начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў, гэта яшчэ "кветачкі": у перспектыве такіх імпрэз будзе шматкроць больш, ды і маштабы іх узрастуць.

- Але масавыя мерапрыемстывы патрабуюць адмысловых умоў для іх правядзення, - адзначыла Наталля Баранец. - Таму ў праекце і з'явілася гэтая арэна, якую мы пастараліся закамуфляваць пад рыцарскае рысталішча. На ёй можна ладзіць нават конныя зшыбкі.

Як падкрэсліла навуковы кіраўнік праекта, архітэктурная група працавала ў шчыльнай звязцы і з аддзелам культуры, і непасрэдна з Лідскім гісторыка-мастацкім музеем. Адпаведна, усе задумы і пажаданні музейшчыкаў былі ўлічаны ўжо ад самага пачатку. Больш за тое: яны сталі канцэптуальнай асновай для архітэктурных рашэнняў.

- Мы спадзяёмся, што музей, створаны ў Лідскім замку, будзе адрознівацца ад усіх падобных устаноў не толькі нашай краіны, але і бліжняга замежжа, - кажа Наталля Баранец. - Тым больш, там і сёння ўжо ёсць вельмі цікавыя напрацоўкі- тое ж цеснае супрацоўніцтва з рыцарскімі клубамі. У сваю чаргу, архітэктурны праект прадугледжвае шмат адметных дэталей, на якія раз-пораз будзе трапляць вока турыста: скажам, два замкавыя калодзежы, якія мы прапануем адрадзіць...

 Іншая рэч, што ўсе гэтыя дэталі запатрабуюць дбайнай рэалізацыі: якасць іх увасаблення залежыць ад непасрэдных выканаўцаў работ. Давядзецца і неяк выпраўляць ранейшыя памылкі будаўнікоў. Па словах навуковага кіраўніка, узровень выканання работ па рэстаўрацыі 20-цігадовай даўніны муроў замка не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Адпаведна, праблем у Лідскім замку хапае. І ці не лепей звяртаць увагу на тыя з іх, якія сапраўды існуюць?

 ■ ■ ■

Слова "навадзел" у нашым маўленні мае выключна негатыўныя канатацыі. Безумоўна, ахова спадчыны палягае не столькі ў адбудове страчаных помнікаў, колькі ў зберажэнні ацалелых. І па магчымасці гістарычныя ландшафты неабходна берагчы ад "іншародных уварванняў".

Але адраджэнне спадчыны - не толькі будаўнічыя работы. Гэта таксама і актуалізацыя гістарычных набыткаў для сучаснікаў. І такі падыход упарта патрабуе дыялектычнага мыслення. Бо ў адваротным выпадку нават банальнае пытанне з санвузлом становіцца, бадай, невырашальным. Не кажучы ўжо пра каву з мінералкай і, тым болей, сярэднявечную кухню.

- Натуральна, што двор замка ніколі не пуставаў,- адзначыў Ігар Чарняўскі.- У розныя перыяды там ствараліся разнастайныя збудаванні (як капітальныя, так і часовыя), якія адпавядалі надзённым патрэбам крэпасці. Уласна кажучы, прыкладна тое самае адбываецца і сёння. Вельмі важна, каб у адроджаным замку віравала жыццё, каб ён быў сапраўды запатрабаваны. Вось тая мэта, да ажыццяўлення якой павінны спрычыніцца, у тым ліку, і стылізаваныя пад даўніну новыя пабудовы.