Што ўсяго каштоўней?

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

21 студзеня Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі праводзіць ХІ Свята музыкі “Заслаўе”.

 

Яшчэ праз некалькі дзён, 7- 9 лютага, гэты знаны калектыў ладзіць ХХІІ Міжнародны музычны праект "Мінскі джаз". Але нядаўняя сустрэча кіраўніка калектыву - народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга - з журналістамі, што адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры, была прысвечана не толькі гэтым бліжэйшым па часе падзеям, але і грунтоўнаму агляду ўсяго таго, што было зроблена летась і што запланавана надалей.

 Так, у сакавіку чатыры вечары запар у сталічнай філармоніі будзе панаваць "Шлягер на ўсе часы". Яго складуць наступныя канцэрты: з твораў Р.Паўлса, Д.Тухманава, "Шансон у Мінску" і бенефіс саліста аркестра Андрэя Кляшчова "Саксафон - кароль джаза". Таксама рыхтуецца адразу некалькі праграм акадэмічнай музыкі, асобае месца ў якіх займаюць творы беларускіх класікаў Р.Пукста і А.Туранкова.

Маэстра падкрэсліў: усе канцэрты аркестра ладзяцца на рыначных узаемаадносінах, што дазваляе калектыву зарабляць грошы і не "крыўдзіць" фінансава сваіх музыкантаў - папраўдзе адных з самых лепшых, прычым не толькі ў беларускіх маштабах. Тым не менш, апошнім часам аркестр практычна не ездзіць за мяжу, бо куды больш, па словах маэстра, можа зарабіць у сваёй краіне.

Бліжэйшае свята, нагадаем, - у пятніцу ў Заслаўі. Зранку ў тамтэйшай школе мастацтваў пройдуць майстар-класы таленавітай маладой піяністкі Дашы Мароз і знакамітага прафесара Уладзіміра Скараходава, які падрыхтаваў безліч лаўрэатаў: не толькі кларнетыстаў, але і камерных ансамбляў.

Цэнтрам святкавання стане тэматычны канцэрт "Скарбніца Рагнеды". Ён збярэ творы славутых музычных дынастый Агінскіх, Радзівілаў, Ельскіх, Карловічаў. Другая частка праграмы будзе прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай музыкі Дзмітрыя Лукаса - аўтара оперы "Кастусь Каліноўскі" і іншых твораў у розных жанрах. Завершыцца ж свята песеннай вечарынай у Заслаўскім гарадскім доме культуры "Світанак".