Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці: форма і змест

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Для Нацыянальнага гістарычнага музея краіны гэты год абяцае стаць надзвычай ураджайным на падзеі. Найгалоўнейшая з іх прымеркавана да самага важнага для ўсёй грамадскасці юбілею — 20-й гадавіны Рэспублікі Беларусь. Як ужо анансавалася раней, сёлета запланавана адкрыццё Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, які было вырашана стварыць на базе НГМ.

/i/content/pi/cult/305/5197/3-1.jpg

 - Наша дзяржава - вельмі маладая, але пагадзіцеся, што першыя дваццаць гадоў яе існавання сталі надзвычай важным і плённым адмежкам часу, насычаным грандыёзнымі падзеямі ва ўсіх сферах жыцця: палітыцы, эканоміцы, культуры, спорце... Найважнейшыя з іх будуць адлюстраваны ў экспазіцыі новага музея, - распавядае дырэктар НГМ Сяргей ВЕЧАР.

Распрацоўка яго навуковай канцэпцыі распачалася мінулай вясной. Апрача нашых супрацоўнікаў, удзел у ёй бралі таксама і спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тэрміны былі досыць сціслыя: меней за месяц. Але праца зроблена на належным узроўні. І ўжо сёння Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці існуе дэюрэ і мае афіцыйны статус філіяла НГМ. Уведзены новыя штатныя адзінкі, а загадчыкам новага філіяла стаў Сяргей Бяспанскі (да нядаўняга часу ён быў загадчыкам іншага нашага філіяла - Дома-музея І З'езда РСДРП). Вызначаны ўжо і мастак, які будзе афармляць экспазіцыю: гэта Уладзімір Гладкоў - постаць у музейным свеце вядомая.

 Паралельна з яго працай сёння адбываецца своеасаблівая "шліфоўка" тэматычнага плана экспазіцыі. Літаральна днямі прайшла чарговая рабочая нарада з удзелам экспертаў з розных зацікаўленых устаноў.

 - Стварэнне новага музея - справа заўсёды няпростая. Тым больш, музея з такой арыгінальнай канцэпцыяй...

 - Сапраўды, аналагаў новага музея не так і шмат, ды і тыя ўстановы, чый досвед мы вывучалі - у Астане, Маскве, Пецярбургу ды іншых гарадах, - істотна адрозніваюцца ад нашага праекта.

 Музей, які будзе размешчаны на восьмым паверсе будынка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, павінен паказаць этапы станаўлення нашай дзяржавы, пачынаючы ад прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце. Акцэнт будзе зроблены на фарміраванне палітычнай сістэмы нашай краіны. Асобныя залы мяркуем прысвяціць дасягненням краіны ў сферы эканомікі і культуры. Заключны аккорд экспазіцыі - міжнародныя стасункі, у тым ліку і падарункі Кіраўніку дзяржавы ад замежных дэлегацый.

Асноўнай частцы экспазіцыі мае папярэднічаць уводная зала з рэльефнай гарызантальнай картай Беларусі, на якой у выглядзе макетаў будуць выяўлены самыя значныя будынкі, якія паўсталі або зведалі грунтоўную рэстаўрацыю ў гады незалежнасці: ад Нацыянальнай бібліятэкі і да Мірскага замка.

- Адметнасць Музея дзяржаўнасці ў тым, што ён прысвечаны самай сучаснай гісторыі. А час не стаіць на месцы. Прыкладам, неўзабаве непадалёк ад Мірскага замка можна будзе размясціць і Нясвіжскую рэзідэнцыю, а праз колькі гадоў дадаць на карту і Косаўскі палац. Ці прадугледжаны "апгрэйд" экспазіцыі?

- Безумоўна, такая спецыфіка будзе ўлічана. Увогуле, музеі не наважваюцца адлюстроўваць нядаўнюю гісторыю ў фармаце стацыянарных экспазіцый, аддаючы перавагу выставачнаму варыянту. Але сучаснае абсталяванне дапаможа нам паспяваць за падзеямі і пры неабходнасці ўносіць карэктывы ў экспазіцыю. У любым выпадку, праца над ёю не спыніцца і пасля адкрыцця ўстановы.

 Тут варта падкрэсліць, што гэта будзе менавіта музей ХХІ стагоддзя - з сучаснай мультымедыйнай "начынкай", здатнай істотна "пашырыць" рэальную экспазіцыйную плошчу, якая, дарэчы, складзе амаль 600 квадратных метраў. Возьмем, прыкладам, тэму "Героі Беларусі". З аб'ектыўных прычын, падрабязна распавесці ў экспазіцыі пра кожнага з іх мы не здолеем. Але, падышоўшы да інфакіёска і націснуўшы там пару кнопак, любы наведвальнік здолее атрымаць максімальную інфармацыю па гэтай тэме.

- Аднак якімі б ні былі новыя музейныя тэхналогіі, аснова экспазіцыі - гэта ўсё адно менавіта каштоўныя артэфакты. Новаму музею з імі, вядома, няпроста...

 - З апошнім не паспрачаешся. Ды, на шчасце, гэтую праблему нам удаецца вырашыць. Некаторыя арыгінальныя прадметы трапяць у экспазіцыю непасрэдна з фондаў НГМ. Але паколькі гэтага рэсурсу аказалася недастаткова для паўнавартаснага насычэння музейнай прасторы, мы звярнуліся па дапамогу ў самыя розныя ўстановы: міністэрствы, ведамствы, органы муніцыпальнай улады.

- Многія матэрыяльныя сведчанні дасягненняў краіны знаходзяцца ў прыватных руках - скажам, гэта спартыўныя ўзнагароды...

- Некаторыя з іх вы ўбачыце ў экспазіцыі! Прасіць чэмпіёнаў падарыць нам свае заробленыя потам медалі наўрад ці тактоўна. Але на прапанову перадаць гэтыя ўзнароды на часовы дэпазіт многія адгукнуліся ахвотна. Прыкладам, акурат надоечы я асабіста звярнуўся з такой просьбай да легенды беларускага спорту Аляксандра Мядзведзя. І атрымаў ад яго згоду.

Больш за тое: нам былі перададзены арыгіналы ўсіх дзяржаўных узнагарод краіны - у тым ліку і знака "Герой Беларусі". Яшчэ адзін адметны прадмет - галаграфічная выява Крыжа Ефрасінні Полацкай, зробленая па замове Беларускага Экзархату Праваслаўнай Царквы. Гэты каштоўны экспанат мы атрымалі з дазволу Уладыкі Філарэта.

- Паралельна з працай па стварэнні новага філіяла музей рыхтуецца таксама і да пераезду. Як вядома, першая чарга рэканструкцыі будынка на вуліцы Фрунзэ будзе здадзена ўжо сёлета...

- У народзе кажуць, што пераезд - амаль як пажар. (Усміхаецца.) Аднак магу запэўніць: нашага выпадку гэтае выслоўе ні ў якім разе не тычыцца. Пераезд фондаў - гэта, найперш, высокатэхналагічная і складаная працэдура. Мы зробім усё, каб пазбегнуць нават найменшых страт.

Памяшканні, якія будуць здадзены сёлета, прызначаны для фондавых калекцый. І гэта значыць, што мы, нарэшце, зможам пакінуць гасцінныя сцены Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе часова размешчаны нашы фонды, і перавезці іх ва ўласныя памяшканні. Спадзяюся, што ўмовы захоўвання там будуць максімальна набліжаны да ідэальных і адпавядаюць самым сучасным музейным стандартам. Пераезд дазволіць нашым работнікам працаваць больш інтэнсіўна. Бо сёння ўмовы працы ў іх не самыя лепшыя: у адным кабінеце даводзіцца туліцца ледзьве не дзесяці чалавекам.

 Дарэчы, другі пускавы комплекс будынка па вуліцы Фрунзэ, магчыма, будзе здадзены ўжо напрыканцы гэтага года - менавіта экспазіцыйныя плошчы. Там будуць прадстаўлены такія раздзелы, як беларуская традыцыйная культура, скарбніца, нумізматычны кабінет, дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва, зала гісторыі сучаснай беларускай моды. Будзе там і музейная кавярня, і лекцыйная зала, і бібліятэка.

 - Досыць часта для смелых ідэй патрэбны не толькі творчыя, але і фінансавыя рэсурсы. Ці лёгка ўдаецца іх знайсці?

 - Увесь мінулы год мы актыўна шукалі магчымасці прыцягнення спонсарскіх сродкаў, і гэтыя высілкі прынеслі свой плён. Не так даўно мы падпісалі генеральнае пагадненне аб партнёрстве з буйной міжнароднай кампаніяй. Яе падтрымка дазволіць нам увасобіць у жыццё цэлы шэраг важных праектаў. Сярод іх - не толькі новыя выстаўкі, але і масавыя мерапрыемствы, і выдавецкія справы. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы, такі праект мае стартаваць ужо ў лютым. Серыю, прысвечаную нашым калекцыям і рарытэтам, распачне кніга пра знакаміты Брылеўскі скарб. У той самы час, нам даўно не хапае і вялікага альбома, які прэзентаваў бы музей у цэлым. Ставім перад сабой задачу ў наступным годзе яго выдаць, і нашы памкненні супадаюць з пазіцыяй спонсара. Дзякуючы ягонай падтрымцы, ужо ў бліжэйшыя месяцы плануем запусціць і новы сайт НГМ, які адпавядаў бы самым высокім патрабаванням у сферы вэб-дызайну ды інфармацыйнага забеспячэння.

Тут варта згадаць і яшчэ адну мецэнацкую традыцыю. Адзін буйны беларускі банк штогод набывае рарытэтны экспанат для фонду нашага музея. Летась гэта былі выданні XVIII стагоддзя са штампамі беларускіх кляштараў і манета часоў князя Вітаўта.

 Таксама не так даўно нашы фонды папоўніла нямецкамоўнае выданне знакамітай кнігі Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі" (1730 г.). Гэта першы старадрук нашага выбітнага земляка ў беларускіх дзяржаўных зборах. Мецэнаты дапамаглі нам набыць гэтую кнігу ў Аўстрыі.

- Сёлета музей адзначыўся цэлым шэрагам удалых выставачных праектаў. Над якімі ідэямі вы сёння працуеце?

- Самы маштабны з такіх праектаў прысвечаны вайне 1812 года. Мы ставім сабе за мэту паказаць менавіта беларускі погляд на гэтую падзею, задзейнічаўшы не толькі нашы фонды, але і калекцыі іншых музяў краіны. Выстаўка будзе працаваць увесь наступны, юбілейны, год, але яе адкрыццё запланавана ўжо сёлета. Да таго ж, змена экспазіцыі ў нашым цяперашнім будынку. Да лістапада мае быць завершаны тэматыка-экспазіцыйны план, збіраемся замовіць праектнакаштарысную дакументацыю для рамонту. Як вы самі маглі пераканацца, розных задум і спраў у нас шмат, жыццё віруе несупынна. Але сучасны музей і павінен жыць такім бурлівым жыццём. Гэта лепшая панацэя ад "застою".

 Тым часам

Золата Полацка

 19 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца ўнікальная выстаўка. Жаночыя залатыя ўпрыгожанні са знакамітага Полацкага скарбу будуць дэманстравацца ў Мінску ўпершыню - і ўсяго адзін тыдзень. Эксклюзіўны праект стане фінальным акордам акцыі "Культурная сталіца Беларусі-2010". І гэта не адзіная імпрэза, прысвечаная завяршэнню маштабных падзей у Полацку...

Фота Юрыя ІВАНОВА