Падыходы да партнёрства

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

У межах пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 12 студзеня адбылося абмеркаванне двух законапраектаў з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Міністр культуры нашай краіны Павел Латушка адзначыў, што праект Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь" быў распрацаваны ў адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця кінематаграфіі на перыяд да 2014 года, а таксама з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па словах міністра, асноўнай мэтай Закону з'яўляецца стымуляванне ў нашай краіне кінавытворчасці, у тым ліку за кошт прыцягнення прыватных капіталаў. У выніку плануецца павысіць зацікаўленасць кінавытворцаў і прадзюсараў у камерцыйным поспеху фільма, а таксама дазволіць устанавіць шэраг эканамічных стымулаў, сярод якіх - ільготныя крэдыты на вытворчасць кінастужак па дзяржаўным заказе, а таксама падатковыя льготы для арганізацый кінематаграфіі і прадзюсараў незалежна ад відаў іх дзейнасці і форм уласнасці. Да таго ж, у праекце Закону закладзена конкурсная аснова размеркавання бюджэтных сродкаў і, што немалаважна, развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кінавытворчасці.

Гарачыя дэбаты ўдзельнікаў пасяджэння ўзніклі пры абмеркаванні праекта Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь". Па словах старшыні камісіі Уладзіміра Здановіча, да гэтага часу заставаўся без адказу шэраг актуальных пытанняў. І ў першую чаргу - праблема неабходнасці захавання ў Законе прававой нормы аб забароне выкарыстання слоў "музей" і "музейны" ў найменнях юрыдычных асоб або структурных падраздзяленняў арганізацый, дзейнасць якіх не адпавядае патрабаванням новага прававога акта. Справа ў тым, што ў азначэнні паняцця "музей" Закон уводзіць шэсць відаў абавязковай дзейнасці. Пры гэтым істотныя цяжкасці ўзнікаюць у музеях, што існуюць ва ўстановах адукацыі, і найперш - школах, сумарная колькасць якіх складае больш за тысячу. З-за неадпаведнасці нормам, у тым ліку звязаных са штатным раскладам, з'яўляецца пагроза іх закрыцця.

У выніку абмеркавання гэтага пытання ўдзельнікі пасяджэння ўсё ж прыйшлі да высновы, што не варта ўключаць у законапраект забарону на выкарыстанне слоў "музей" і "музейны". Але тым не менш, дадатковымі пастановамі, распрацаванымі міністэрствамі культуры і адукацыі, плануецца вызначыць функцыянаванне музеяў ўстаноў адукацыі.

Уладзімір Здановіч адзначыў, што сёлета парламентарыі разгледзяць шэраг законаў, прысвечаных развіццю айчыннай культуры. У прыватнасці, у рабоце камісіі знаходзяцца законапраекты "Аб архіўнай справе" і "Аб аўтарскім і сумежных правах". У верасні чакаецца паступленне праекта Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь".