Цэры як... буквар

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Паўсотні стылусаў і самшытавы грэбень

/i/content/pi/cult/303/5192/30-4.jpg

 

У старажытнасці на беларускіх землях не існавала агульнаадукацыйных устаноў у традыцыйным разуменні гэтага паняцця. Тым не менш, майстры ўзроўню Лазара Богшы, таленавітыя дойліды, паэты і мастакі былі не рэдкасцю для нашага краю. А таму ўзнікае заканамернае пытанне: якім чынам адбывалася іх навучанне?

 Дзякуючы даследаванням археолагаў, да прадметаў, якія несумненна звязаны з навучаннем, можна аднесці знаходкі творчых прылад- цэраў і пісалаў.

Пісала, або стыло (ад лацінскай "stilus", "styles", грэчаскай "stylos" - "палка", "палачка"), - прыстасаванне для пісьма ў выглядзе металічнага стрыжня даўжынёй 8- 16 см, адзін канец якога завостраны, а другі быў у выглядзе лапатачкі. У гарадах Старажытнай Русі іх выяўлена каля сотні, 57 пісалаў знойдзена ў гарадах Беларусі ХІІ- ХІІІ стст.

Цэры (ад лацінскай "cera"- "воск") - прыстасаванне для пісьма ў выглядзе блока з дзвюх і большай колькасці дошчачак памерамі 8 х 14 х 0,8- 1 см, злучаных паміж сабой скуранымі паскамі. На ўнутраным баку гэтых дошчачак рабіліся паглыбленні на 2- 5 мм, так званыя "каўчэжцы", якія і запаўняліся воскам. Па воску пісалі вострым канцом стыла, а палачкай сціралі, загладжвалі непатрэбныя пасля практыкавання запісы. У Ноўгарадзе знойдзена паўтара дзясятка цэраў, у гарадах Беларусі- дзве такія знаходкі (Брэст і Мсціслаў).

Што ж уяўляла з сябе навучанне ў той час? Гэты працэс адбываўся ў два этапы. На першым ішло вывучэнне літар і авалоданне элементарнымі навыкамі пісьма, другі этап уключаў ужо пераход да самастойнага пісьма. Агульнапрызнаным у педагогіцы лічыцца, што візуальнае ўспрыняцце, або нагляднасць, з'яўляецца найбольш эфектыўным сродкам у навучальным працэсе. Сведчаннем такой формы навучання з'яўляецца, напрыклад, знаходка самшытавага грэбеня канца ХІІІ ст. з Бярэсця, на якім выразаны літары: А, Б, В, Г, Д, Е (на адным баку), Ж, З, Н, І, К, Л (на другім яго баку), - своеасаблівага буквара. А ў Ноўгарадзе знойдзена цэра памерамі 18х37 см, на адваротным баку якой выразана значная частка стараславянскага алфавіта: трыццаць шэсць літар з сарака чатырох. Датуецца гэтая знаходка канцом ХІІІ ст. Паводле назіранняў спецыялістаў, зробленых на падставе аналізу тэкстаў і малюнкаў, выкананых на бяросце, выяўленай у раскопках Ноўгарада Вялікага ў напл/i/content/pi/cult/303/5192/30-3.jpgаставаннях ХІІ- ХІІІ стст. і вывучэння пісьмовых крыніц ХVІІ ст., навучанне пачыналася ў 6-7 гадоў, а ў асобных выпадках, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, яно магло пачынацца і раней. На карысць апошняга меркавання можа сведчыць той факт, што сярод пісалаў сустракаюцца экзэмпляры досыць малых памераў: даўжынёй каля 8 см, пры сярэднестатыстычных памерах гэтых прылад 12 - 13 см.

 Авалоданне элементарнымі навыкамі пісьма спрыяльней было рабіць на мяккім воску, якім запаўнялі паглыбленні ў цэрах. Кавалачак такога воску, прамавугольнага ў сячэнні, быў знойдзены пад час раскопак на Верхнім замку Віцебска. А напісанне на бяросце або на другім, больш цвёрдым, матэрыяле, патрабавала і больш спрактыкаванай, вопытнай у напісанні літар, рукі. Сведчаннем таму - надпісы і асобныя літары, меткі, на некаторых рэчах, прызначаных для гульні, напрыклад, на ігральных костках - астрагалах (бабках), знойдзеных у Гродне, Ваўкавыску і Віцебску.

У час раскопак Верхняга замка Віцебска быў знойдзены ўзор пячной кафлі ХVІІ ст. - нашчэльніка (перамычкі), на крапёжным шыпе якой паліваю белага колеру быў нанесены надпіс "Першая проба ЛК". На маю думку, гэта экзаменацыйны ўзор памочніка майстра або чалядніка - цікавае сведчанне тагачасных іспытаў.

Такім чынам, агляд артэфактаў археалагічнага паходжання з гарадоў Беларусі сведчыць, што ў адукацыі і развіцці дзіцяці таго часу ўжываліся разнастайныя прыёмы, якія вядомыя сёння ў педагагічнай практыцы настаўнікаў.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат гістарычных навук, археолаг

На здымках: самшытавы грэбень (канец ХІІІ ст.);

старажытныя прылады для пісьма.