Шэкспір у перакладзе… генерала

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Тэорыю адноснасці першым абгрунтаваў наш зямляк

/i/content/pi/cult/303/5191/30-1.jpg

 Беларусы сталі заснавальнікамі шматлікіх новых кірункаў у сусветнай навуцы. Іх унёсак у палеанталогію, палеабатаніку, палеаантрапалогію, марскую біялогію, іхтыялогію, глебазнаўства, аграномію, псіхіятрыю і псіхалогію, імуналогію, фармакалогію, крыміналістыку, радыёфізіку - вялізны. Мае шматгадовыя даследаванні сведчаць: Беларусь па сваім укладзе ў развіццё сусветнай цывілізацыі стаіць у адным шэрагу з такімі краінамі, як Англія, Германія, Італія, Расія, Францыя.

 У прыватнасці, Павел Гаранінаў з Магілёва задоўга да Дарвіна грунтоўна распрацаваў пытанні эвалюцыі арганічнага свету Зямлі, а Герман Мінкоўскі з-пад Мінска раней за Альберта Эйнштэйна абгрунтаваў тэорыю адноснасці. Леў Цэнкоўскі распрацаваў асновы сучаснай мікрабіялогіі. Казімір Семяновіч яшчэ на пачатку XVII стагоддзя лічыў магчымым асваенне касмічнай прасторы.

Ураджэнцы Беларусі заклалі навуковыя асновы элінізму, егіпталогіі, арабістыкі і санскрыталогіі, чыгуначнага транспарту і мостабудавання, будаўніцтва паравозаў і цеплавозаў, займаліся стварэннем верталётаў і падводных лодак, першымі вывучылі геаграфію і геалогію Цэнтральнай Азіі, стварылі тэхналогію і абсталяванне для алмазнага свідравання цвёрдых парод, заклалі асновы ўзбагачэння карысных выкапняў і сталі піянерамі марской нафтаздабычы. Да прыкладу, Міхаіл Доліва-Дабраволь/i/content/pi/cult/303/5191/30-5.jpgскі стварыў тэхніку трохфазнага току - аснову ўсёй сучаснай сусветнай электраэнергетыкі.

Усяму свету вядомыя першая ў свеце жанчына-акадэмік Соф'я Кавалеўская і першая ў свеце жанчына - доктар медыцыны Варвара Кашаварава-Руднева. Трыумф "Рускіх сезонаў" у Еўропе на пачатку XX стагоддзя забяспечылі тэатральны мастак Леў Бакст, кампазітар Ігар Стравінскі, артысты балета - брат і сястра Ніжынскія.

У літаратуры прагучалі імёны выхадцаў з нашых земляў Адама Міцкевіча і Уладзіслава Хадасевіча, у выяўленчым мастацтве - Марка Шагала і многіх іншых, у музыцы - Мікалая РымскагаКорсакава (верагодна, нашчадка шляхціча Корсака з Полацка). У 1895 годзе з'явіўся кінематограф, і тут важкае слова прыналежыць беларусу Уладзіславу Старэвічу, які ў 1911-м упершыню стварыў "мульцікі".

Пасля кастрычніка 1917 года ўраджэнцы беларускіх земляў прадоўжылі слаўныя традыцыі сваіх суайчыннікаў. Аляксандр Чыжэўскі адкрыў ролю сонечнай радыяцыі ў жыццядзейнасці біясферы. Якаў Зяльдовіч выканаў разлік ланцуговай ядзернай рэакцыі дзялення ўрану. Авіяканструктары Павел Сухі і Міхаіл Гурэвіч стварылі першыя ў свеце звышгукавыя самалёты "Су" і "МіГ". Сямён Косберг забяспечыў запуск у космас першых штучных спадарожнікаў Зямлі і стварыў ракетныя рухавікі для першых касмічных караблёў СССР.

Заснавальнікам сусветнай псіхіятрыі з'яўляецца таксама наш зямляк - Іван Балінскі (1827 - 1902 гг.). На I З'ездзе псіхіятраў у Маскве (1887 г.) адзін з ягоных вучняў - Бехцераў - назваў Балінскага бацькам айчыннай псіхіятрыі. Толькі вось у Мінску ёсць вуліца і бальніца імя Бехцерава, а імя Балінскага ніяк у рэспубліцы не ўшанавана.

Аднак, як і ў "Энцыклапедычным слоўніку" (1890 - 1907 гг.) усіх выдатных беларусаў назвалі палякамі або рускімі, так і цяпер, на пачатку XXI стагоддзя, на старонках шматлікіх расійскіх даведнікаў літаральна ўсе нашы землякі пазначаны як "вялікі рускі" або "вялікі рускі, паляк па нацыянальнасці". У выніку гэтыя "памылкі" аўтам/i/content/pi/cult/303/5191/30-2.jpgатычна фігуруюць і ў энцыклапедыях многіх замежных краін.

Калі прыгадаць колішні "Зводны план устаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь да 2012 года", то можна адзначыць шэраг вельмі ўдалых прапаноў, некаторыя з якіх ужо пачалі рэалізоўвацца. У тым ліку, у Полацку - помнікі княгіні Рагнедзе і кінарэжысёру Юрыю Тарычу. Да іх можна дадаць імёны Каэтана Касовіча - заснавальніка сусветнай індыяністыкі і генерала Рамана Кандраценкі- легендарнага абаронцы Порт-Артура ў Руска-японскай вайне 1904 - 1905 гадоў (між іншым, такі помнік у Полацку знаходзіўся да рэвалюцыі, але быў знесены).

Прэстыж Кобрына павінны ўзвысіць два бронзавыя бюсты: Скірмунту і Трафімуку. Скірмунт - патрыярх рускага прадпрымальніцтва: менавіта ён першым заклаў аснову вінаробства ў Крыме, пабудаваўшы ў Ялце цяпер знакаміты завод "Масандра". А малады акадэмік Трафімук за асваенне "другога Баку" ў Паволжы стаў Героем Сацыялістычнай Працы: яму належыць галоўная заслуга па выведцы нафты і газу ў Заходняй Сібіры.

Добрая ідэя - стварыць помнік Івану Чэрскаму ў Верхнядзвінску. Таксама варта ўстанавіць помнік Мікалаю Пржэвальскаму ў Віцебску, бо родавае "гняздо" Пржэвальскіх знаходзілася менавіта ў сяле Скуратава ля Віцебска. У Мсціславе, паводле згаданага "Зводнага плана", прадугледжаны толькі адзін помнік - заснавальніку горада Р а с ц і с л а в у Мсціслававічу. Я дадаў бы ў пералік значных для гісторыі краю асоб і іншых. Скажам, Івана Казырэўскага - першаадкрывальніка Курыльскіх астравоў, Фёдара Каня - будаўніка сцен Смаленска, і абавязкова - хірурга Яўстафія Багданоўскага, які ўражваў сваім майстэрствам ці не ўсіх еўрапейскіх калег, у тым ліку Пірагова.

У многіх гарадах Балгарыі ёсць вуліца імя Іосіфа Гурко, а ў цэнтры Сафіі- велічны помнік гэтаму генерал-фельдмаршалу. На жаль, у Беларусі яго памяць пакуль амаль ніяк не адзначана.

У г.п. Копысь, думаецца, трэба прадугледзець помнік Міхасю Урончанку - ваеннаму геадэзісту, генералу, аднаму з заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства (1845 г.) і цудоўнаму паэту-перакладчыку: лічыцца, што Пушкін упершыню пазнаёміўся з творчасцю Шэкспіра і Байрана, ацаніў талент Адама Міцкевіча менавіта дзякуючы перакладам нашага земляка.

Думаецца, помнікамі асобам сусветнага маштабу, чые карані паходзяць з Беларусі, можна дадаткова ўзняць прэстыж нашай краіны.

Валерый ЯРМОЛЕНКА, доктар геаграфічных навук