Паміж "Парыжам"і "Лонданам"

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Комплексная праграма развіцця: новы статус Мсціслава — новае аблічча Мсціслаўшчыны

/i/content/pi/cult/303/5184/24-1.jpg

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Ад рэдакцыі

Час паказвае, што зарана развітвацца з фарматам райвыканкамаўскіх "лятучак", зыніцыяваных летась "К". Далёка не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі яны праведзены, але ўжо маюць розгалас, бо закранаюць самыя надзённыя праблемы. Стасункі з мясцовымі ўладамі выводзяць размову пра перспектывы развіцця рэгіянальнай культуры ў плоскасць кіраўнічай раённай "вертыкалі", адказнасць якой, падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, на новым этапе развіцця рэспублікі яшчэ ў большай ступені ўзрасце... Словам, магчымасці "лятучак" выкарыстаем і сёлета, каб атрымаць адказы на канкрэтныя пытанні, а часам - пачуць аб прынятых рашэннях, датычных развіцця сферы культуры ў пэўным раёне Беларусі.

2011-ы, як вядома, абвешчаны Кіраўніком дзяржавы Годам мадэрнізацыі і інавацый. Абнаўленне сельскіх устаноў культуры, іх дзейнасці, натуральна, немагчымае без пастаяннай мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, без інавацыйных форм працы. На гэтым сёння і будзе акцэнтавацца ўвага рубрыкі.

Новы этап адраджэння і развіцця сяла: самадастатковасць аддзела культуры

На Мсціслаўшчыне я пабываў упершыню. Даўно чуў пра непаўторнасць краю, але ніколі не думаў, што прывязу столькі ўражанняў: ад старых лясоў і цэркваў, засыпаных снегам, ад людзей, продкі якіх рашуча здабылі пад Грунвальдам славу непераможнасці харугве князя Мсціслаўскага... Тут нарадзіліся Пётр Мсціславец, Максім Гарэцкі, жыў Мікалай Чуркін, якія асветніцкімі здабыткамі, друкаваным праўдзівым словам ды неўтаймоўнай музыкай і па сёння ўслаўляюць Беларусь. А тутэйшае дойлідства, што так кранула летуценнага вандроўніка Уладзіміра Караткевіча? Царква і кляштар у Пустынках, дзе з'явілася нерукачынная выява Збавіцеля; храмы ў вёсках Слаўнае і Басценавічы; езуіцкі калегіум, кармеліцкі касцёл, колішнія даходныя дамы пад уласнымі назвамі "Парыж" і "Лондан" у Мсціславе...

"Шчыльнасць" гэтай духоўнасці, выяўленай у песнях, абрадах і забудовах, стала, бясспрэчна, прычынай рэдакцыйнай увагі. Унікальны гістарычны статус вымагае адказнасці ды гатоўнасці аб'ектаў культуры і горада, і раёна прыняць жыхароў Мсціслаўшчыны і яе гасцей, пераканаць іх у тым, што кожная ўстанова мае набор адпаведных статусу паслуг, карыстацца якімі і камфортна, і прэстыжна. Як паказала паездка ў Мсціслаўскі край, далёка не паўсюль яшчэ гэтыя акцэнты "расстаўлены" ярка і выразна. Мясцовае кіраўніцтва і работнікі культуры пра недапрацоўкі ведаюць цудоўна і робяць сёння ўсё для таго, каб адпавядаць запатрабаванням часу.

Народ пытаецца і прапануе

 "Нам бы апаратуру, як у РЦК..."

Менавіта пра духоўнасць горада ды раёна і вёў гаворку з жыхарамі Мсціслаўшчыны. Натуральна, кожны з іх гарой стаіць за "павышаную" брэндавасць рэгіёна, таму і пра хібы ў культурнай сферы разважае са шчырасцю і надзеяй на хуткія станоўчыя зрухі.

 Наталля Сяргееўна, служачая з Мсціслава:

 - Нам ёсць пра што распавесці гасцям, ёсць што паказаць. І адзін з самых папулярных турыстычных аб'ектаў - Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Ягоны дырэктар Уладзімір Шылянкоў - з людзей, апантаных музейнадаследчыцкай справай. А вось турбуе яго адзіная, але выключна важная праблема: фонды - павялічваюцца, а плошчаў пад выстаўкі не хапае...

 Мікалай Сцяпанавіч, рабочы з Мсціслава:

 - Дзіцячая школа мастацтваў у горадзе занадта ўжо ў старым будынку месціцца. Ці не прыспеў час вырашыць гэтае пытанне?.. Дарэчы, вельмі марудна, па-мойму, ідзе рэканструкцыя калегіума, у аварыйным стане знаходзіцца будынак колішняй гімназіі, што паміж "Лонданам" і "Парыжам" знаходзіцца.../i/content/pi/cult/303/5184/25-3.jpg

Святлана Сталярова, мастацкі кіраўнік народнага аматарскага калектыву "Надзея" Ходасаўскага СДК:

 - У раённым Цэнтры культуры апаратура - найшыкоўная! А мы хоць і сталі напрыканцы мінулага года аграгарадком, але ж сваю паднавіць пакуль не здолелі...

 Таццяна Коршунава і Наталля Ключанкова, бібліятэкары сельскай бібліятэкі аграгарадка "Ходасы":

- І нам патрэбны DVD-прайгравальнік! Мерапрыемстваў ладзім шмат, хацелася б, каб былі яны максімальна якаснымі...

 Маімі суразмоўцамі пад час "лятучкі", ініцыяванай нашай рэдакцыяй, сталі намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай працы Святаслаў КУСАЎ і начальнік аддзела культуры Наталля БІСКУП. /i/content/pi/cult/303/5184/25-4.jpg

Яўген РАГІН:

 - Давайце гаворку нашу скіруем адразу ж у канкрэтнае рэчышча: на новы статус райцэнтра, на бліжэйшую перспектыву развіцця Мсціслаўскага раёна.

Святаслаў КУСАЎ:

 - Работа наперадзе - вялізная. У Пратаколе даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адназначна сказана пра тое, што неабходна захаваць помнікі культуры, духоўнасці нашай краіны. Таму нашы абласны і райвыканкам падрыхтавалі праект комплекснай праграмы развіцця Мсціслава і раёна. На чале з віцэ-губернатарам працавалі над гэтым цягам усяго 2010 года. Ужо ў жніўні праект быў гатовы, пачалося ўзгадненне ў міністэрствах. Усюль мы адчувалі паразуменне. Прыязджаў у Мсціслаў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, які зазначыў, што горад - адметны па кампактнасці размяшчэння вялікай колькасці помнікаў архітэктуры.

Наталля БІСКУП: 

- У цэнтральнай частцы Мсціслава - такіх помнікаў ажно 19.

 Яўген РАГІН:

- І ў якім яны цяпер стане?

Святаслаў КУСАЎ:

- Пэўныя патрабуюць капітальнага рамонту. Таму і ўзнік праект комплекснай праграмы... Усе работы будуць весціся з улікам непаўторнага мсціслаўскага ландшафту, наша гісторыя "ўпішацца" ў прыроду, геаграфію... Ужо цяпер нашы Пустынкі ўзнаўляюцца. Для рэстаўрацыйных работ абнесены плотам мясцовы храм, будаўнікі прыступілі да працы...

Наталля БІСКУП:

- Мы ў гэтай вёсцы мяркуем адкрыць сувенірную краму - філіял той, што існуе пры раённым Доме рамёстваў. Можа, гэта будзе выязны продаж... Тут справа вось у чым: паломнікаў, турыстаў у святых Пустынках заўжды шмат, але не заўсёды яны даязджаюць да Мсціслава, не заўжды ведаюць пра ягоную "шчыльнасць" на гістарычна-архітэктурныя дзівосы... Так што кожны сувенір тут будзе з мсціслаўскім лагатыпам.

 Святаслаў КУСАЎ:

- Але для гэтага патрэбна неадкладна абнавіць райцэнтраўскае аблічча...

Яўген РАГІН:

- Асноўная праблема, наколькі паспеў разабрацца, звязана з сур'ёзным недахопам плошчаў пад далейшае развіццё гарадскіх устаноў культуры...

Святаслаў КУСАЎ:

- Таму пачынаць будзем з гарадскога цэнтра, дзе месціцца адзін з праблемных будынкаў- колішняя мужчынская гімназія (потым педтэхнікум, першая школа), якая найперш патрабуе рамонту. Пасля яго з'явіцца магчымасць адкрыць музейна-культурны цэнтр... Вы ведаеце, што ў нас ёсць адзіны ў вобласці археалагічны музей, які па сваіх плошчах цяпер проста не здольны ў поўным аб'ёме адлюстраваць мсціслаўскую духоўную спадчыну.

Яўген РАГІН:

- Сітуацыя з раённым Домам рамёстваў, як падаецца, дыяметральна адрозная: будынак адрамантаваны цудоўна, памяшканняў хапае, але ёсць праблемы з іх напаўненнем...

 Святаслаў КУСАЎ:

 - У духоўнай прасторы Мсціслава гэты аб'ект, несумненна, - адзін з немалаважных. Менавіта тут дасведчаныя майстры перадаюць традыцыйнае мастацтва вучням. І гэты працэс, яго вынікі не могуць не цікавіць нашых гасцей... Паветра ў нас такое - напоенае талентам - не толькі ў горадзе, але і на раёне.

Яўген РАГІН:

 - Усё гэта неаспрэчна, і гаворку мы сёння вядзём не толькі пра Мсціслаў, але і пра Мсціслаўскі раён - варты самай пільнай увагі ў плане сацыякультурнага развіцця... Таму засяроджваю ўвагу на раённым Доме рамёстваў, працай якога, я чуў, вы не надта задаволены...

Наталля БІСКУП:

 - Трэба больш актыўна развіваць ягоную дзейнасць.

Святаслаў КУСАЎ:

- Пра нейкую незадаволенасць мо і не дарэчы казаць, але тое, што па пэўных кірунках творчасці варта рухацца больш актыўна, - гэта неаспрэчна... Безумоўна, плошчы эксплуатуюцца недастаткова, дзесьці - пуставата, мабыць, рэкламы іншым разам не хапае... Словам, шукаем шляхі для ўдасканалення гэтай дзейнасці.

Наталля БІСКУП:

- Літаральна ўчора ў РДР была надзвычай слабая тэхнічная база. Старшыня райвыканкама Васіль Віцюноў трымаў праблему на кантролі. Таму днямі тут з'явіўся дрэваапрацоўчы станок. На парадку дня - печ для абпалу вялікай аб'ёмнай глінянай пластыкі. Маленькая печка ёсць, але маштабы вырабу прадукцыі неабходна павялічваць.

Святаслаў КУСАЎ:

- Васіль Віцюноў - чалавек, неабыякавы да культуры. Кіруе раёнам два гады, але настолькі з Мсціслаўшчынай "зросся", што неяк адразу стаў сваім. Гэта і па ягоных творчых ініцыятывах добра бачна: рыцарскі фэст летась набыў асаблівае гучанне...

Наталля БІСКУП:

- ...І новыя аб'екты культуры з'явіліся: танцавальную пляцоўку ў гарадскім парку адрэстаўравалі, на Замкавай гары работы па добраўпарадкаванні не спыняюцца...

Святаслаў КУСАЎ:

- І людзі гэтыя пачынанні падтрымліваюць!

Яўген РАГІН:

 - З 1 студзеня Дом-сядзіба Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы стаў уласнасцю аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама. Не сумняваюся, што ў творчай прасторы вашага краю гэтая вёска, гэты музей зоймуць далёка не шараговае месца. Якія тут бачацца перспектывы?

Святаслаў КУСАЎ:

 - Мяркуем захаваць гэты ўнікальны дамок. Правядзём і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, не парушаючы вясковай аўтэнтычнасці... Словам, Малую Багацькаўку крыўдзіць не збіраемся. Раней Дом-сядзіба Гарэцкага быў філіялам Літаратурнага музея, цяпер ён - на балансе нашага аддзела культуры, але колькасць турыстычных груп ад гэтага не зменшыцца, а наадварот...

 Наталля БІСКУП:

- Я з гэтай нагоды хачу заўважыць, што наш аддзел культуры стварыў у свой час сваю, галіновую, праграму развіцця культурна-пазнаваўчага турызму. Праграме гэтай - крыху больш за год. Натуральна, яна пэўным чынам перагукаецца з раённай праграмай адраджэння, захавання і развіцця народных промыслаў, рамёстваў, традыцый, абрадаў, але яна, я сказала б, больш гнуткая, функцыянальная. Вось этнапакой "Спадчына" ў Мазолаўскім СДК створаны менавіта ў турыстычным рэчышчы, каб прывезці сюды гасцей, паказаць ім старажытныя прылады працы... Каб везці, скажам, школьнікаў не толькі ў Малую Багацькаўку, але і ў Мазолава, у Басценавічы, дзе не толькі прыгожая царква ёсць, але і абрад "Варвараўская свечка", што займеў летась статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Мы заявілі пра гэта ў Інтэрнэце, стварылі каляндарны план турыстычных наведванняў. Расіяне ўжо выказалі жаданне прыехаць.

Яўген РАГІН:

 - За кошт якіх сродкаў /i/content/pi/cult/303/5184/25-1.jpgфінансуецца рэалізацыя турпраграмы?

 Наталля БІСКУП:

 - За кошт пазабюджэту.

Яўген РАГІН:

- Ведаю, што рэканструкцыя калегіума ажыццяўляецца згодна з праграмай развіцця вашага раёна, але моладзь горада мне распавядала сёння, што ў сценах калегіума ладзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Напэўна, гэта дзейнічае аддзелаўская турпраграма?

 Наталля БІСКУП:

- Канешне! Летась пад час рыцарскага фэсту сярэднявечнай культуры мы выкарыстоўвалі плошчы езуіцкага калегіума: падвальныя памяшканні спальнага корпуса адрамантавалі і "напоўнілі" музейнымі экспанатамі (лясной пластыкай, панарамай Грунвальдскай бітвы, сярэднявечным посудам - ад шкла да металу). Адна з залаў была прыстасавана пад дэгустацыю прадукцыі гарадскіх прадпрыемстваў: хлеба-, маслазаводаў.

 Яўген РАГІН:

- Святаслаў Браніслававіч, ваша ацэнка такой інтэрактыўнасці старых сцен на новы лад?

 Святаслаў КУСАЎ:

- Наконт "новага ладу" - пытанне спрэчнае. Пастараліся трымацца старадаўняга прынцыпу нашага калегіума: маю на ўвазе асветніцтва, далучэнне да культуры, якімі займаліся тут спрадвек. Нават гурт "Стары Ольса" прыцягнулі для таго, каб навучаў нашу моладзь старадаўнім танцам.

Наталля БІСКУП:

- А яшчэ мы аматарскія стужкі дэманстравалі ў гэтым антуражы, фільмы пра Мсціслаўшчыну...

Святаслаў КУСАЎ:

 - Словам, ніякім чынам не збіраемся ажыццяўляць савецкі прынцып "дзе была царква - будзе клуб". Але для канцэртнай залы месца знойдзецца, бо Свята мастацтваў імя Мікалая Чуркіна пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга - адзін з нашых сталых брэндаў. Камерная музыка не будзе гучаць у сценах калегіума нейкім дысанансам./i/content/pi/cult/303/5184/25-2.jpg

Яўген РАГІН:

- Я даведаўся, што летась СДК у аграгарадках "Падлужжа" і "Мушына" былі адрамантаваны за кошт раённага бюджэту. Ці зможа раён удзельнічаць і ў частковым фінансаванні комплекснай праграмы развіцця Мсціслаўшчыны?

Святаслаў КУСАЎ:

 - Не збіраемся быць назіральнікамі. Спектры фінансавання вельмі шырокія: не толькі рэспубліканскае, але і мясцовае. І праграма ўжо дзейнічае.

 Яўген РАГІН

- Калі браць пад увагу найперш развіццё турызму, у што збіраецеся сёння ўкладаць грошы?

Святаслаў КУСАЎ:

 - У гандлёвыя кропкі па рэалізацыі сувеніраў, у кавярні і гасцінічны бізнес... Мінулы рыцарскі фэст, у прынцыпе, атрымаўся ў нас самаакупным на 90 працэнтаў... Турысту ў горадзе і на раёне ёсць нагода затрымацца. Мы нават конезавод захавалі, дзе гадуюцца рускія ламавікі ў адпаведнасці з генатыпам...

Яўген РАГІН:

 - Апошні раз такіх коней у далёкім дзяцінстве бачыў...

Святаслаў КУСАЎ:

 - Уяўляеце, як можа выглядаць конны рыцарскі бой?! І я зараз не столькі пра эканамічныя выгоды (хоць сёлета зноў прыедуць сюды аматары Сярэднявечча і пакінуць у нас свае грошы), колькі - пра прыгажосць, духоўнасць інтэрактыўнай дзеі, што адбываецца ў нас пасярод святых мсціслаўскіх мясцін.

Яўген РАГІН:

 - Я- зноў пра раён... Сям-там у СДК наракаюць на тое, што гукаўзмацняльная і святлотэхнічная апаратура застаецца яшчэ слабаватай...

Святаслаў КУСАЎ:

- Дзяржпраграму адраджэння і развіцця сяла мы выканалі. А што да пэўнага недахопу сучаснай тэхнікі... Я тут такога прынцыпу прытрымліваюся ў дачыненні да кіраўнікоў сельскіх дамоў культуры: "Няма - зарабі і купі: будзе!".

 Наталля БІСКУП:

- А плошчы ў нас на сяле цудоўныя для таго, каб іх слаўна выкарыстоўваць і на гэтым зарабляць... Урэшце, мы ўжо цяпер можам забяспечыць пераважную большасць сельскіх устаноў культуры прыстойнай апаратурай.

 Святаслаў КУСАЎ:

 - Дзяржава дае сялу ўсё, што можа даць. Астатняе залежыць ад ініцыятывы на месцах. Пры цудоўных рабочых месцах адсутнасць гэтай ініцыятывы- недаравальная.

Наталля БІСКУП:

 - Святаслаў Браніслававіч пастаянна наведвае сельскія клубы і бібліятэкі. Найперш яго цікавіць якасць мерапрыемстваў. Іншым разам ацэньвае яе вельмі крытычна.

 Яўген РАГІН:

- І справа тут, натуральна, - у кадрах...

Наталля БІСКУП:

 - Мы рыхтуем свае кадры, яны ж пасля навучання ў сярэдніх спецыяльных установах паступаюць у ВНУ, накіраванне губляе сэнс, а выпускнікі застаюцца ў буйных гарадах...

Святаслаў КУСАЎ:

- Сусветная праблема ўрбанізацыі... Але пасля рэалізацыі праграмы развіцця Мсціслаўшчыны мы атрымаем умовы працы не горшыя, чым у Мінску.

 Яўген РАГІН:

- Так альбо інакш, але асноўны ваш арыенцір- сталічны... Але ўсё ж якім "магнітам" збіраецеся прыцягваць моладзь?

Святаслаў КУСАЎ:

- Умовамі жыцця, магчымасцю нармальна зарабляць, дыхаць не "мегаполісным", а сапраўды чыстым паветрам.

 Яўген РАГІН: 

- Згадалі пра добрыя ўмовы працы. Аднак у сённяшняй Дзіцячай школе мастацтваў яны далёкія ад ідэалу. Музычных інструментаў хапае, а будынак...

Наталля БІСКУП:

- Канешне, хацелася б тут займець больш прыстойны, бо ў старым проста месца не хапае, а харэаграфічная зала - на базе ўстановы адукацыі... Пэўныя СДК выглядаюць значна лепш за ДШМ.

Святаслаў КУСАЎ:

 - У праграме развіцця раёна ёсць і гэты пункт. Прыязджайце да нас на 880-годдзе Мсціслава - вы ўбачыце, якім карэнным чынам зменіцца горад за пяцігоддзе, як павялічыцца заробак у людзей.

Яўген РАГІН:

- За кошт чаго?

 Святаслаў КУСАЎ:

 - За кошт развіцця турызму, за кошт больш дасканалай сферы паслуг. Урэшце турызм - права на атрыманне гэтых паслуг. У нашым выпадку маюцца на ўвазе паслугі аддзела культуры, наўпрост звязаныя з захаваннем і развіццём духоўных традыцый.

Яўген РАГІН:

 - Ці ёсць хоць нейкая дынаміка развіцця турызму на Мсціслаўшчыне, скажам, за мінулы год?

Святаслаў КУСАЎ:

- Колькасць людзей, што нас наведалі, павялічылася за 2010 год удвая і дасягнула 14 тысяч.

Наталля БІСКУП:

- Аддзел культуры пастаянна бярэ ўдзел у турыстычных кірмашах, што ладзяцца ў Магілёве, дэманструе турыстычным агенцтвам свой артпрадукт: фрагменты абрадаў, канцэртаў, рэкламныя буклеты, відэафільмы... Плён, як вы бачыце, ёсць. Астатнія раёны на такіх кірмашах абмяжоўваюцца, на жаль, буклетамі і фільмамі...

 Святаслаў КУСАЎ:

- Мастаку збольшага ніхто не дапамагае выжываць, ён прадае, што стварае, і тым жыве... Гэтак жа і работнікі культуры павінны прадаваць свой прадукт і жыць. І я з гэтай нагоды - за канкрэтна акрэслены план платных паслуг у сферы культуры. План - гэта тая рыса, што вызначае: на "плыву" ўстанова культуры ці пачала безнадзейна на дно апускацца.

Наталля БІСКУП:

- Урэшце, мы маем права ў маштабах сваёй Цэнтралізаванай клубнай сістэмы вар'іраваць памеры гэтых планаў сярод СК і СДК./i/content/pi/cult/303/5184/24-2.jpg

 Яўген РАГІН:

 - Якой бачыцца вам далейшая перспектыва сяла?

Святаслаў КУСАЎ:

- Сённяшнія аграгарадкі забяспечваюць мінімальны, магчымы толькі на сёння, сацыяльны стандарт. Але штогод ён будзе павялічвацца. Наша задача- "шліфаваць" тое, што ў нас ёсць.

Наталля БІСКУП:

- Будзем працягваць мацаванне кадравага патэнцыялу, матэрыяльнай базы. У выніку гэтага непазбежна пашырыцца і спектр платных паслуг.

Яўген РАГІН:

- У горадзе вы перапрафілюеце кінатэатр пад Маладзёжны цэнтр, мэтазгоднасць узнікнення якога даказана сацыялагічным апытаннем гараджан. Ці праводзяцца такія маніторынгі на сяле?

Наталля БІСКУП:

- Менавіта такім чынам у Мазолаве ўзнік пакой "Спадчына", а ў Ходасах - клубная камінная гасцёўня.

Святаслаў КУСАЎ:

 - Творчым людзям неабходна даць магчымасць тварыць. Неабходныя ўмовы для гэтага, паўтаруся,- жыллё, умовы працы, заробак. Тады і рэгіянальная культура будзе развівацца.

Дэталь да агульнай карціны

Аўтарская "Экалогія"

Яшчэ раз паўтаруся: ландшафты на Мсціслаўшчыне - унікальныя. Запаведныя мясціны ёсць і навокал вёскі Капачы: лясы, ўзгоркі, азёры, крыніцы. Таму дырэктар мясцовага СДК Наталля Ганчарова і не вагалася ў выбары скіраванасці ўласнага творчага праекта, назваўшы яго "Экалогія".

 Праграма дзейнічае не першы год. У СДК створана экалагічнае аб'яднанне, якое планамерна займаецца прыродаахоўнай дзейнасцю. Тэрыторыя вакол установы адпаведна добраўпарадкавана: створаны Сад камянёў. Ёсць свая сажалка, дзе вяскоўцы разводзяць рыбу. Дзейнічае шэраг турыстычных маршрутаў: раслінны, жывёльны, што знаёмяць з мясцовай флорай і фаўнай. І кожнага госця абавязкова вязуць да Белкаўскай крыніцы, дзе за секунду на паверхню выходзіць пяць вёдраў вады. А адносна непадалёк - конезавод, Малая Багацькаўка. Экалагічная сцежка вясковага значэння становіцца адным з этапаў раённага турмаршруту.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Мсціслаўскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"