“Гусляр” для аркестра “гусляроў”

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко ўвойдзе ў гісторыю нашай нацыянальнай культуры не толькі як цудоўны аранжыроўшчык, мультыінструменталіст, кампазітар і дырыжор, але і як аўтар шматлікіх пералажэнняў для аркестра беларускіх народных інструментаў творчасці “Песняроў” і Уладзіміра Мулявіна.

/i/content/pi/cult/303/5182/pic_13.jpg- Творчасць "Песняроў", - распавёў Аляксандр Яўгенавіч, - хвалявала мяне з дзяцінства. Кожнае іх выступленне, на якое я мог трапіць (дарэчы, не толькі ў Мінску, але і ў Стоўбцах, адкуль я родам), станавілася падзеяй. Іхнія песні мы запісвалі на магнітафон, а прыдбаць грампласцінку - увогуле лічылася падарункам лёсу! Бо яны, не п а с п е ў ш ы выйсці, адразу станавіліся праславутым савецкім дэфіцытам. Памятаю, у якой роспачы я быў, калі дзве гадзіны адстаяў у чарзе - і пласцінкі скончыліся літаральна за дзесяць чалавек да мяне. З "Песняроў" пачаўся час павальнага захаплення вакальнаінструментальнымі ансамблямі- яны ствараліся літаральна ў кожнай школе, не кажучы ўжо пра больш дарослыя калектывы. І кожны такі ВІА імкнуўся "дацягнуцца" да мулявінскіх песень. А ўжо на вяселлях ды іншых святкаваннях, куды замаўлялі музыкантаў, песняроўскі рэпертуар ішоў папросту "на ўра"! Нот, вядома, не было, і папулярныя песні імкнуліся падабраць па слыху - як казалі, "зняць адзін да аднаго". Дарэчы, "зняць" песні іншых папулярных тады калектываў было нескладана. А вось хаця б крыху наблізіцца да песняроўскага стылю - тут патрабавалася вялікае майстэрства. Бо ў іх выкананні ўражвала ўсё: і гучанне духавых пачкаў, і рэдкія на тыя часы народныя інструменты (пра існаванне некаторых з іх мы даведваліся менавіта з канцэртаў ансамбля), і найбагаты вакал.

Калі я сам стаў музыкантам, мне раілі: маўляў, ідзі ў "Песняры", прапаноўвалі асабіста пазнаёміць з Уладзімірам Мулявіным. Але я застаўся ў народным аркестры - і, ведаеце, не шкадую. Бо акустычныя аркестравыя сродкі багацейшыя за любы ансамблевы склад, колькі б электронікі там ні было. У чарговы раз я пераканаўся ў гэтым, калі рабіў апрацоўкі песняроўскага рэпертуару для нашага калектыву - Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Для гэтых песень мы звярнуліся напярэдадні 40-годдзя "Песняроў". Падрыхтавалі вялікую праграму, да якой я зрабіў таксама дзве аркестравыя Фантазіі: адну - паводле народных песень у апрацоўцы "Песняроў", другую - паводле аўтарскіх з іх рэпертуару. Гэтыя творы мы шмат паказвалі па ўсёй Беларусі. І паўсюль іх успрымалі сапраўдным "цвіком" праграмы, публіка літаральна ўзрывалася апладысментамі! Калі я дырыжыраваў сваімі Фантазіямі, дык спінай адчуваў, як людзі бязгучна, у душы, спявалі, бо гэтыя песні даўно сталі неад'емнай часткай жыцця кожнага з нас. Дадам, што ўсе песні вельмі добра паклаліся на наш склад, але, вядома, дзесьці, улічваючы аркестравыя магчымасці, даводзілася дадаваць падгалоскі, узмацняць фактуру.

Яшчэ большай руплівасці ад мяне і ад усіх нас /i/content/pi/cult/303/5182/pic_14.jpgпатрабаваў зварот да рокараторыі "Гусляр". Ідэя падрыхтаваць новую версію гэтага твора належала вядомай музыказнаўцы Вользе Брылон. Міхаіл Казінец як мудры кіраўнік адразу ўхапіўся за гэтую прапанову, бо яшчэ раней збіраўся ўзняць сімфанічны варыянт Лучанка.. Мне ж хацелася напоўніцу прадэманстраваць багатыя каларыстычныя магчымасці аркестра і, разам з тым, захаваць рок-стылістыку, дададзеную Уладзімірам Мулявіным да кантаты "Курган" Ігара Лучанка. Нотнага матэрыялу "песняроўскай" рок-араторыі не было, таму, як я жартаваў, мне давялося спачатку напісаць самы вялікі "дыктант" па сальфеджыо - выкласці запіс твора нотамі. А потым працаваць уласна над вакальна-аркестравай партытурай. Атрымалася, лічу, не проста пералажэнне "Гусляра" для народнага аркестра, а - новая версія твора, якая спалучыла лепшыя здабыткі Лучанка і Мулявіна з новымі выканальніцкімі магчымасцямі. Бо гучанне цымбалаў найлепшым чынам перадае сам дух беларускага народа, амаль на генетычным узроўні саміх інструментаў утрымлівае асаблівы "код Беларусі". Да аркестра дадаўся хор, які стаў паўнавартасным удзельнікам падзей, а рэжысура Ларысы Сімаковіч увогуле ператварыла музычны твор у сапраўдны спектакль. Мы паказалі яго на снежаньскім святкаванні 80-годдзя аркестра, але выкананне ў дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна будзе, безумоўна, асаблівым. Упершыню ў гэтым канцэрце прагучаць і чатыры новыя апрацоўкі мулявінскіх песень.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"