Рок-опера ў белым і чорным

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Прэм’еру паэмы-легенды “Гусляр”, падрыхтаваную Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Белару- сі імя І.Жыновіча, чакалі з асаблівай нецярплівасцю. Інтрыгай было ўсё: ад непасрэднага ўвасаблення твора да самога яго тэксту, прадстаўленага ў яшчэ адной новай версіі.

/i/content/pi/cult/303/5181/pic_11.jpgНайперш, інтрыгаваў сам зварот да колішняй рок-араторыі І.Лучанка- У.Мулявіна, тым больш, пасля нядаўняй другой рэдакцыі гэтага твора, ажыццёўленай па ініцыятыве паэта Андрэя Скарынкіна (гл. "К" № 30 за 2010 г.). Не менш цікавай здавалася ідэя ўвасаблення твора сродкамі не адно рок-гурта, а калектываў акадэмічнага плана: народнага аркестра, дзе валадараць цымбалы, і Дзяржаўнага камернага хору на чале з Наталляй Міхайлавай. Хацелася хутчэй убачыць і пачуць Пятра Ялфімава - у ролі Гусляра, Яна Жанчака - у партыі Князя: ці ўдасца ім годна ўвасобіць сваіх няпростых герояў, кожны з якіх - не толькі носьбіт пэўных чалавечых якасцей, а яшчэ і сімвал? Ды ўсё ж самым, бадай, непрадказальным складнікам здавалася рэжысура Ларысы Сімаковіч - прафесійнага кампазітара, кіраўніка фольк-гурта "Госціца", аўтара шматлікіх тэатралізавана-харэаграфічных пастановак. Бо прадказальным у кожнай новай рабоце Л.Сімаковіч становіцца смелы творчы падыход, заснаваны на сінтэзе жанраў, стыляў і відаў мастацтваў. Таму яе пастаноўкі заўсёды пазнавальныя - і, разам з тым, штораз нечаканыя.

Нечаканым аказаўся і "Гусляр". Бо ён быццам спалучыў асацыятыўныя повязі, пазычаныя з іншых твораў Янкі Купалы (ад ранніх вершаў да "Адвечнай песні, "Раскіданага гнязда" і "Тутэйшых"), і грунтоўна акрэсліў паэта як найярчэйшага прадстаўніка сімвалізму. На ўзроўні сімвалаў і алегорый чыталася ўсё: ад інструментарыя да сцэнаграфіі, ад колераў да рухаў. Блакіт нябёсаў ажываў ад трапяткога хвалявання белых шалікаў-аблачынак, падобных да прывідаў ці ўвасаблення чалавечых душ (мастак - Валянціна Лойка). Душу Беларусі сімвалізавала і дзяўчына ў нацыянальным строі - то сарамліва-засмучоная, то гатовая да барацьбы за вызваленне Гусляра. Сімвалічнае сутыкненне белых і чорных сіл адлюстроўвалі дзяўчыны-анёлы, узброеныя старадаўнімі мячамі часоў князя Вітаўта. Курган увасабляўся подыумам з прыступкамі, узмацняючы ў купалаўскай паэме матывы ўлады, славы, вечнасці. Ахінуты белай тканінай, ён нагадваў то калядную снежную гурбу, то выкрышталізаваны сімвал Белай Русі. У момант з'яўлення Князя, які быццам сыходзіў з паднябесся сваёй славы да "простых зямных" радасцей, подыум-курган станавіўся жалобначорным. У фінале, замыкаючы агульную драматургію, на тым подыуме зноў, як на пачатку дзеі, з'яўлялася Душа. Толькі курган быў ужо не белы, а чорны, дый садзілася яна на ніжнюю прыступку, быццам прыціснутая змрочным збудаваннем.

 Чорна-белую графіку парушалі не толькі блакіт, але і чырвань. Спачатку яна ззяла з народнага арнаменту - як сімвал прыгажосці. Потым утварала атмасферу свята. Чырвонымі хустачкамі госці, запрошаныя на княжацкае баляванне, віталі гаспадара (артысты хору змяшчаліся ў ложы, пазней выходзячы на сцэну, а іх "пастаўленыя жэсты" мелі відавочна парадыйны характар). Шэсце Князя суправаджалася раскідваннем чырвоных руж. Але вельмі хутка тыя ружовыя пялёсткі абарочваліся лапікамі-кроплямі крыві на шляху Гусляра, або - шырэй - творцы, які абуджаў народ да пошукаў ісціны. І толькі ў апошніх тактах да гэтай колеравай гамы далучалася зялёная фарба (мастак па святле - Міхаіл Ангерт), бы сімвал вясны, якая ў Я.Купалы заўсёды асацыіравалася з незалежнасцю, самастойнасцю, вольным жыццём роднай краіны.

Самай высокай ацэнкі заслугоўвалі абсалютна /i/content/pi/cult/303/5181/pic_12.jpgўсе выканаўцы на чале з народным артыстам Беларусі, дырыжорам Міхаілам Казінцом. Моцным кантрастам гучала сола Гусляра ў суправаджэнні "жывых" цымбалаў. Аркестр цудоўна справіўся са шматлікімі поліфанічнымі напластаваннямі. Добра спяваў хор. Выдатна вытрымалі вялізную нагрузку музыканты рок-гурта, многія з якіх пачыналі сваю кар'еру ў тых мулявінскіх "Лявонах", што былі створаны Уладзімірам Георгіевічам пры "Песнярах" як маладзёжная эксперыментальная студыя: невыпадкова, мабыць, іхнія імёны былі пералічаны ў праграмцы не "гуртом", а "сольна", у прыватнасці - Сяргей Мядзведзеў.

Тым не менш, агульны вынік выклікаў дыскусію. Не заўсёды вытрыманым здаваўся гукавы баланс, не ўсіх пераканала і само спалучэнне народных інструментаў з электронікай: можа, больш уразіла б іх супрацьстаўленне? Спрэчным здавалася і ўзбраенне анёлаў мячамі, і надта плакатная канфрантацыя дабра і зла. Дый сама тэатралізацыя твора вымушала "дапрацоўкі" яго музычнай драматургіі: вельмі хацелася пачуць непрадугледжаны ў партытуры "дуэт нязгоды" Гусляра і Князя ці хаця б проста працяг іх вакальных партый, як і працяг харавых украпванняў.

Так і павінна быць: кожная значная з'ява не можа ўспрымацца апрыёры - яна павінна выклікаць роздум, які будзе спрыяць далейшаму руху наперад. Галоўнае ж тое, што чарговае "адраджэнне" купалаўскай паэмы, якой споўнілася 100 гадоў, лучанкоўскай кантаты, якой без малога 40, і "песняроўскай" рок-оперы, якой больш за 30, дадаткова даказала актуальнасць гэтых твораў. І пацвердзіла простую ісціну: творы жывуць дзякуючы сваім выканаўцам, кожнае новае пакаленне якіх "перачытвае" іх па-новаму. І чым больш будзе такіх "перачытанняў", тым больш адкрыецца схаванага ў аўтарскіх першакрыніцах.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"