Палатно Мулявіна

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Калі ж “уключаецца магнітафончык” для песні-хэдлайнера?

/i/content/pi/cult/303/5180/pic_10.jpgПасля сустрэчы ў рэдакцыі "Культуры" кампазітар Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ і спявак Аляксандр САЛАДУХА заўважылі: "Сёння, лічы, упершыню далі прэс-канферэнцыю, прымеркаваную адной-адзінай песні..." Песні, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну, чыё 70-годдзе з дня нараджэння адзначым 12 студзеня. Насамрэч, атрымалася не інтэрв'ю, а - дыялог. Артысты распавялі пра стварэнне гэтай песні і некалькі таямніц, што яе ахутваюць, а таксама пра сустрэчы з легендарным Песняром. Калі ж "уключаецца магнітафончык" для песніхэдлайнера? Як напісаць музычнае палатно? І... гісторыя аднаго партрэта Уладзіміра Мулявіна.

Аляксандр Саладуха:

- Гісторыя пачалася года паўтара таму, калі мне патэлефанаваў невядомы, сказаў, што піша вершы і хацеў бы мне іх паказаць. Я яму ў адказ: я не прачытваю вершы, а вось калі кампазітар паказвае мне гатовую песню, мелодыю або гармонію... Карацей, даў нумар майго найбліжэйшага сябра - Алега Елісеенкава, з якім працую трэці дзясятак гадоў. І сапраўды, чалавек гэты неўзабаве прынёс у студыю пачак вершаў. А яшчэ праз месяцы тры, калі не болей, Алег тэлефануе ўжо мне і кажа: "Ёсць песня!".

Алег Елісеенкаў:

- Прычым я ўпэўнены, што наш невядомы аўтар менавіта на гэты свой твор рабіў стаўку. Нездарма ж у любым альбоме - музычным або зборніку вершаў - маецца твор-хэдлайнер... Заўжды, тое, што першае прапаноўваецца, кладзецца ў папку,- і ёсць найбольш важнае для аўтара.

Аляксандр Саладуха:

- А гэты верш першым ляжаў у папцы?

Алег Елісеенкаў:

- Так, менавіта першым...

Аляксандр Саладуха:

 - Бачыш, нават я гісторыю гэтай песні ведаю не цалкам...

Алег Елісеенкаў:

- Дык вось, вершы былі напісаны ад рукі: мяркуючы па стылістыцы, мове, аўтар - паэтаматар. Мо таму я спярша і не звярнуў на творы ўвагі. Але ж нешта трымала, вяртала ўвагу да іх. Што? Мусіць, тое, што мне ніколі раней не прапаноўвалі тэксту, які б гэтак наўпрост, без залішняй метафарычнасці, наадварот - самымі простымі словамі, прысвячаўся Уладзіміру Мулявіну. Так, існуюць творы з прысвячэннем- сэнсавым, змястоўным, мастацкім- нашаму Песняру, але гэткі жывы водгук на падзеі (упэўнены, словы былі напісаны акурат па іх слядах) захапіў мяне.

/i/content/pi/cult/303/5180/pic_8.jpgАляксандр Саладуха:

- І мяне, між іншым, заўжды цікавіла, чаму на тыя або іншыя творы ты пішаш песні. Як выбіраеш?

Алег Елісеенкаў:

- Дакладна не па прынцыпе: "З кім сябрую, для таго і пішу". На што пішацца, тое і атрымліваецца: павінна ж быць нейкая рэакцыя! Вось і тут: "уключыўся магнітафончык", я занатаваў мелодыю, пасля зрабіў дэма-запіс. І ўжо пасля са здзіўленнем пачуў у ім нават нешта песняроўскае. А як вырашыў прапанаваць песню Аляксандру? Ды яшчэ з улікам таго, што ў яго голас - барытон, а "Песняры"- гэта ансамбль тэнараў. Па-першае, эксперымент. Па-другое, Аляксандр тады "зарадзіўся" на альбом. Нарэшце, ведаў загадзя, што менавіта ён зможа выказаць пашану да асобы Мулявіна. Тым больш, і Саша, і я асабіста былі знаёмы з Уладзімірам Георгіевічам.

Аляксандр Саладуха:

- І вось калі Алег перадаў запіс, дзе сам спяваў, мы з жонкай па некалькі разоў пераслухоўвалі песню. Ды і выканаў як! З нейкімі нават анёльскімі пералівамі. Нечым ягоны голас нагадаў мне вакал Леаніда Барткевіча або Анатоля Кашапарава ў першым складзе ансамбля- такая вось паралель. Напавал, як кажуць, траплялі "ў яблычак" меладычны ход і гарманічная аснова песні. Ды і не проста песні: я адразу ж яе назваў "балада-рэквіем". Забягаючы наперад, скажу, што адзін з маскоўскіх аранжыроўшчыкаў, які "майстраваў" песню, назваў яе яшчэ больш ёміста: "палатно".

Алег Елісеенкаў:

 - Яшчэ адна гісторыя, пра якую ніколі не распавядаў. Прапеўшы дэма, зразумеў: у Аляксандра Саладухі новы твор мусіць прагучаць іначай, у непаўторнай манеры. І ўсё складвалася добра, Саша апрабаваў яго пад гітару, водгукі - цуд! Але калі дайшло да студыі... Дубль, другі, трэці - песні няма. Што рабіць? Пытаюся ў гукарэжысёра, ці ёсць Інтэрнэт. Адшукваем там фота Мулявіна (Здымак, дарэчы, і сёння - у першай дзясятцы на запыт "Уладзімір Мулявін" у пошукавіку. - С.Т.), ставім яго на ноўтбук і заносім у пакой, дзе перад мікрафонам стаіць Саладуха. І, ведаеце, справа пайшла!

Аляксандр Саладуха:

 - Гэта быў адзін з апошніх ягоных здымкаў. (Мы прапанавалі паказаць той здымак. Аказалася, ён змешчаны на тытульным лісце кнігі "Уладзімір Мулявін. Нота Лёсу". Кадр гэты - аўтарства Юрыя Іванова. - С.Т.)

Аляксандр Саладуха:

 - Дык вось жа ён!

Алег Елісеенкаў:

- Так. Які пранізлівы, які глыбокі погляд... Саша, ты, між іншым, сам мне неаднойчы расказваў і пра нейкія, амаль містычныя, прынамсі, для цябе, паралелі, што, можна сказаць, прадвызначылі для цябе такую песню...

Аляксандр Саладуха:

- Сапраўды. Мусіць, упершыню распавяду аб тым "на дыктафон". Так, здаецца, у вас, журналістаў, кажуць? Дык вось, маскоўская Канцэртная зала "Расія", Дзень пагранічніка, шмат расійскіх зорак, а ад Беларусі - "Песняры" і Аляксандр Саладуха. У іх - знакаміты "Берёзовый сок", у мяне - "Смородина". Абедзве яны - пра радзіму. А пасля канцэрта разам з "Песнярамі" апынуўся на банкеце. Там да Мулявіна падыходзяць два генералы з жонкамі і кажуць, што самі з Гродна, хацелі б выказаць яму сваю пашану. Абодва прамаўляюць доўга, натхнёна. Уладзімір Георгіевіч слухаў, слухаў і раптам перапыняе, паказаўшы на мяне: "А вось гэта - наша сапраўдная зорка, якая прадоўжыць нас!" Я знямеў тады... Сёння ж, праз дзесяцігоддзе, расцэньваю тыя словы як своеасаблівую эстафетную палачку з рук Мулявіна.

Алег Елісеенкаў: /i/content/pi/cult/303/5180/pic_9.jpg

- А яшчэ ёсць некалькі таксама цікавых дэталей...

Аляксандр Саладуха:

- Так-так! Мулявін- Казярог, і я- таксама, ён нарадзіўся 12 студзеня, я- 18-га. А некалі Уладзімір Георгіевіч спытаўся ў мяне: "Ты ў колькі гадоў прыйшоў на сцэну?" Адказваю: "У дваццаць восем". Ён: "І я". Карацей, дагэтуль не магу зразумець, чаму ён сказаў тыя словы, але не магу не апраўдаць давер. Разумееце, пра што я? Таму прыход гэтай песні- падзея для мяне. Дарэчы, распавяду гісторыю, таксама звязаную з творам. У рэдакцыю "Культуры" прыехаў са здымак навагодняга тэлешоу (Сустрэча адбылася за два тыдні да Новага года. - С.Т.). Прыехаў туды а 14-й гадзіне, але нешта там не складалася, расцягвалася... Прайшла гадзіна, другая... У выніку на сцэну выйшаў а 17-й, прычым за час чакання замест запланаваных "...Чужой мілай" і "Каліны" вырашыў праспяваць хай і не святочны і правераны хіт, але дарагую мне песню памяці Мулявіна. Вакол - шарыкі, святочныя агеньчыкі, канфеці, а я ўпершыню, мусіць, паставіў перад сабой стойку з мікрафонам, не ўзяўшы яго ў рукі, і заспяваў: "Было время, пели годы на устах и не слетали - у великого народа под Мулявина началом..." Выканаў, сыходжу са сцэны, а да мяне падыходзіць народны артыст Украіны Мікалай Гнацюк, што слухаў яе непадалёк, і віншуе мяне. Пасля падумаў, што праграму пакажуць ужо ў студзені, магчыма, паўтораць пад стары Новы год, а гэта акурат у дні, калі адзначым 70-годдзе Уладзіміра Мулявіна...

Алег Елісеенкаў:

- Я ж, прызнацца, калі пісаў гэтую песню, нават не задумваўся, што яна можа прыдацца да юбілею артыста. Ведаў, канешне, што ён нарадзіўся 12 студзеня, а ўжо паказаўшы яе Сашу, пачуў ад яго, што ў 2011-м - 70-годдзе з дня нараджэння Мулявіна. Дадзеная гісторыя- яшчэ адна ў скарбонцы легенд пра Уладзіміра Георгіевіча, якія ствараюцца і сёння, пасля ягонага заўчаснага сыходу...

Аляксандр Саладуха:

- А пра песню гэтую хочацца гаварыць і гаварыць бясконца...

Фота Пятра ОВАДА

 

 Дарэчы

"Або буду гуляць у "Дынама", або - спяваць у "Песнярах"

Аляксандр Саладуха:

"У 1970-м я разам з бацькамі жыў у Казахстане, у ваенным гарадку Прыазерск на возеры Балхаш, і проста "фанацеў" па футболе. І вось амаль сорак гадоў таму пабачыў па старэнькім чорна-белым тэлевізары "Песняроў" - іх знакаміты фільм-канцэрт. З таго часу - "паняслося": сапраўдны фанат "Песняроў". Калі ж сям'я пераязджала ў Беларусь, я ўсім казаў: "Або буду гуляць у "Дынама" Эдуарда Малафеева, або - спяваць у "Песнярах" Мулявіна!" І калі з першым не атрымалася зусім, дык другое... Упершыню пабачыў іх на сцэне ў 1979-м, калі дзесяць дзён запар яны давалі па два аншлагавыя канцэрты ў дзень у мінскім Палацы спорту. Я, дваццацігадовы, прыйшоў, а дакладней - прабраўся ў залу, за некалькі гадзін да канцэрта. Уявіце: паўзмрок, на сцэне - Місевіч, Барткевіч, Кашапараў, Дайнэка... І вось - выходзіць Мулявін. З'яўляецца лідар, а з ім - атмасфера, настрой... А калі ў 1980-х працаваў у рыбгасе, я на казённай "Волзе" прыязджаў у сталічнае Уручча, дзе "Песняры" арандавалі памяшканне, на праслухоўванне. І, ведаеце, Мулявін пасля таго праслухоўвання нават крыкнуў сваёй жонцы ў двары іх дома на вуліцы Бяды: "Света, я знайшоў голас!" Але, прыйшоўшы з развучанай песняй, я ўсё ж расчараваў Мулявіна. Цяпер і сам разумею: не так яе выканаў..."

 

 Дарэчы

Чый жа верш стаў песняй?

Алег Елісеенкаў:

"Яшчэ адзін незвычайны факт. Аўтар слоў, мусіць, настолькі ўлюбёны ў творчасць "Песняроў", што нават забыўся пакінуць свае кантакты. А я і не заўважыў, бо пакуль не напішу песню - не звязваюся з паэтам. Ды і аддаць прафесійнаму артысту твор, пагадзіцеся, - таксама не гарантыя яго паспяховага будучага. Карацей, мы ўжо спрабавалі адшукаць яго, але - безвынікова. Мо са старонак "Культуры" ён даведаецца, што ягоныя вершы сталі песняй?"

Аляксандр Саладуха:

"Для мяне дадзены выпадак - лішні доказ: радкі гэтыя - сапраўдны голас народа. Голас Памяці пра Песняра".

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах