А хто там ідзе

№ 27 (793) 06.07.2007 - 13.07.2007 г

125 гадоў таму нарадзіўся народны Пясняр Беларусі Янка Купала — уладар распетай беларускай душы. Ягонае пяснярскае сола ў нашай суладнай песні пра Бацькаўшчыну — вядучае, пранізлівае і непадманнае. Слова Купалы, як папараць-кветка, красуе, натхняе і асвятляе наш шлях да Беларусі.

/i/content/pi/cult/124/518/A-hto-tam-idze0.jpg 
Буйныя мерапрыемствы ў юбілейны для Янкі Купалы і Якуба Коласа год — зусім не даніна “дацкай” модзе. Падобная канцэнтрацыя імпрэз — хутчэй, вынік таго, што імёны і асобы гэтыя і да нашага часу застаюцца знакавымі. У прыватнасці, акурат пра гэта падумалася напярэдадні святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, калі я днямі патрапіла ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
У галерэі другога паверха адкрылася унікальная выстаўка: “Купала і купалаўцы”. Усе ахвотныя маглі пазнаёміцца з фотаздымкамі са спектакляў, створаных на Купалаўскай сцэне па творах нашага знанага Песняра. “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”, неўміручая “Паўлінка”… Прычым падборка фотаздымкаў дае магчымасць прасачыць “эвалюцыю” гэтых спектакляў, убачыць, хто і як іграў тых жа Паўлінак раней, як “трансфармаваўся” гэты вобраз зараз.
Але ж галоўнай Купалаўскай імпрэзай у тэатры ў гэты дзень сталася прэм’ера спектакля, прысвечанага Песняру. І логіка гэткага “ходу” цалкам відавочная: наспеў час паспрабаваць асэнсаваць не толькі тую творчую спадчыну, што пакінуў нам Янка Купала, але і асобу яго самога, паспрабаваць адшукаць ці хаця б намацаць крыніцы і вытокі яго творчага таленту, прасачыць духоўную эвалюцыю паэта.
Шукаючы “купалавы сляды”, рэжысёр спектакля “Сны аб Беларусі” Уладзімір Савіцкі звяртаецца да п’есы “Калыска чатырох чараўніц” Уладзіміра Караткевіча. П’еса гэтая мае даволі кароткі сцэнічны лёс: напісаная адмыслова для ТЮГа, яна так і не зазнала гучнага поспеху на іншай сцэне. А для Савіцкага, дарэчы, Караткевіч як аўтар даволі блізкі: зусім нядаўна на Купалаўскай сцэне выйшаў яго спектакль “Дзікае паляванне караля Стаха”. Аднак гэтым разам рэжысёр не абмяжоўваецца “даверам” да драматурга. Жорстка выбудаваную містэрыяльную структуру, зададзеную Караткевічам у “Калысцы…”, Савіцкі “разбівае” на асобныя “сны”, ствараючы атмасферу своеасаблівага эмацыянальнага раздваення.
 /i/content/pi/cult/124/518/A-hto-tam-idze1.jpg

У гэтым “раздваенні” рэжысёру надзвычай удала дапамагае харэограф і кампазітар спектакля Ларыса Сімаковіч, кіраўнік небезвядомага калектыву “Госціца”. У спектаклі яна надзвычай эмацыянальна стварае паганска-купальскі свет фантазій паэта: пакутліва-агрэсіўныя русалкі-вар’яткі, купальскія скокі праз вогнішча, эратычныя гульбішчы моладзі…
Гэтыя вакальна-пластычныя вобразы аніяк не жадаюць ні ўпісвацца ў хоць і скасабочаную, але ўсё ж сталёва-моцную структуру гатэля “Масква”, ні канчаткова пакінуць Купалавы думкі і мроі. Яны нібы імкнуцца зачараваць і гледачоў сваёй прыроднай арганічнасцю і своеасаблівай “першабытнасцю”. У той жа час рэальнасць, у якой мусіць існаваць Паэт насамрэч, выглядае своеасаблівым надуманым штампам, які не мае ані сапраўднай глыбіні, ані якой-кольвек значнай матывіроўкі. Сам герой не жадае прызнаваць гэтую рэальнасць за існуючую.
Але ж асноўная частка спектакля прысвечана сталенню Купалы, станаўленню яго грамадзянскай пазіцыі, што адбываецца, з аднаго боку, пад уздзеяннем гутарак з суседам-рэвалюцыянерам, колішнім сябрам Каліноўскага (Ігар Дзянісаў), а з іншага — “слухаючы сваё сэрца”, углядаючыся і заглыбляючыся ў сузіранне і асэнсаванне навакольнага свету і месца чалавека ў ім. Нездарма аўтары спектакля не абмяжоўваюцца адно караткевічавай п’есай, а актыўна ўводзяць у канву спектакля вершы Купалы і ўрыўкі з яго паэм “Яна і Я”,
 /i/content/pi/cult/124/518/A-hto-tam-idze2.jpg
“На куццю”, “Сон на кургане”, “Адвечная песня”, “На папасе”, з “Раскіданага гнязда”.
У спектаклі тры Купалы: зусім маленькі хлопчык (Ваня Шапо), які на руках у маці спасцігае свет купальска-паганскіх стасункаў, сталы Купала (Аляксандр Падабед), што назірае за ўсім на сцэне ўжо пасля ўласнай смерці, нібыта з-за гэтага свету, і малады Янка (Міхаіл Зуй) — хлапчына, які, па сутнасці, яшчэ і сам не ведае, хто ён і што сабой уяўляе: то на ламанай пальшчызне, а то па-беларуску ён нібы спрабуе адшукаць сваю мову, сваё Слова.
На жаль, асабіста мне ў спектаклі ўсё ж менавіта гэтага слова і не хапала. І — Купалавага: хацелася б, каб яго паэзія, што гучала са сцэны, не абмяжоўвалася адно толькі вершамі аб нядолі, бо Купала, акрамя гэтага, яшчэ і цудоўны пясняр свайго краю, улюбёны ў беларускую прыроду, у яе краявіды. Зрэшты, гэтак жа раз-пораз недаставала і слова акцёрскага: апошнім часам айчынныя тэатры ўсё мацней зацягвае тэндэнцыя “пагоні” за сцэнічнай эмацыянальнасцю, а вось увага да сцэнічнай мовы, уменне зрабіць так, каб кожнае слова, сказанае са сцэны, кожны шэпт быў пачуты нават у самым апошнім радзе,— на жаль, сёння вялікая рэдкасць.
А яшчэ падчас спектакля падумалася, што нават сёння мы яшчэ не можам сказаць, што цалкам спасціглі глыбіню купалавай думкі ці хаця б гранічна наблізіліся да гэтага. Мы з задавальненнем ставім і глядзім спектаклі пра сваіх і замежных каралёў, што жылі стагоддзі таму, пра “імпартных” таксістаў і хатніх гаспадынь, а пра такіх Асоб, як Янка Купала, што ў значнай ступені паўплывалі і на фарміраванне нашага нацыянальнага менталітэту, мы ўзгадваем не так часта, як тое было б варта.
Але калі хоць адзін раз заглыбіцца ў іх свет…

Таццяна КОМАНАВА
На здымках: сцэны са спектакля “Сны аб Беларусі”.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА