“Саткаць”… сюррэалізм

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Беларуская кінадакументалістыка — самая рухомая частка нацыянальнага кінамастацтва. Да таго ж, самая па-мастацку насычаная: айчынныя дакументалісты па-ранейшаму прапануюць не стандартызаваныя попытам медыя-рынку тэлевізійныя “прадукты”, а — самастойную творчасць, чым выклікаюць вялікую цікавасць. Узровень мастацкага бачання розных рэжысёраў “Летапісу” ды “Белвідэацэнтра” розны: ад апісальных нарысаў журналісцкага кшталту да глыбокіх, насычаных кантэкстам твораў з вялікай колькасцю інтэрпрэтацый. Да апошніх можна аднесці стужку Віктара Аслюка “Андрэй”, якая працягвае шэраг удалых работ гэтага рэжысёра.

/i/content/pi/cult/303/5178/pic_6.jpgСтвораная ва ўлюбёным дакументалістамі жанры партрэта, карціна грунтуецца на постаці беларускага мастака Андрэя Бялова. Віктар Аслюк пазбягае стандартнага біяграфічнага апісання "нарадзіўся, вучыўся", да якога звычайна звяртаецца большасць ягоных калег. Стужка нясе куды больш інфармацыі, чым гэта могуць зрабіць некалькі радкоў "асабістай справы". За дваццаць хвілін рэжысёр паспявае раскрыць унутраны свет майстра ды неспадзявана для гледача расказаць аб самой сутнасці мастацкай творчасці. Асоба канкрэтнага чалавека становіцца для рэжысёра матэрыялам, на якім ён выказвае, у тым ліку свае, філасофскія погляды.

За адсутнасцю глыбокіх мастацкіх твораў у сучасным ігравым кінематографе менавіта дакументалістыка становіцца полем, дзе мае месца аўтарскае самавыяўленне. "Андрэй" - менавіта аўтарскае выказванне, трапнае і лаканічнае, што выглядае яшчэ больш каштоўным у часы дамінавання папулярнай культуры. Мастак Андрэй Бялоў уяўляецца ў дадзеным кантэксце абагуленым вобразам творчай асобы, не абавязкова прафесійнага мастака, а звычайнага чалавека, які жыве, найперш, духоўным жыццём, насычаным і складаным. Абставіны яго існавання чытаюцца выключна сімвалічна, у гэтым сэнсе стужка Віктара Аслюка роднасная кінематографу Андрэя Таркоўскага, у якога кожны кадр будаваўся на сімвалізме.

Такім чынам, Віктар Аслюк прапануе гледачу карціну свету, якую можна параўнаць са знакамітай алегорыяй старажытнагрэчаскага філосафа Платона: наша ўяўленне аб наваколлі нагадвае меркаванне чалавека, які сядзіць у пячоры і бачыць толькі адбітак светлавой плыні на сцяне. У "Андрэі" ёсць адпаведны кадр: падвал, у якім размешчана майстэрня мастака, яркі прамень сонца праз пыльную цемру прарываецца ў свядомасць чалавека...

Для самога Віктара Аслюка стужка ў пэўным сэнсе з'яўляецца этапнай, бо ў ёй рэжысёр канчаткова адмаўляецца ад усялякага налёту публіцыстыкі. Гэткім чынам, "Андрэй" куды бліжэйшы "Колу", "Мы жывём на краі", "Вальсу", чым іншым работам рэжысёра. Аслюк адмаўляецца таксама ад усялякіх прыкмет пэўнага часу- герой карціны з такім жа поспехам можа жыць напрыканцы 1980-х, адкуль - аўдыяцытаты са стужак Андрэя Таркоўскага і фрагмент ягонага інтэрв'ю. Відаць, знаны рэжысёр з'яўляецца духоўным арыенцірам для героя, як і некалькі іншых творцаў, газетныя выразкі з партрэтамі якіх упрыгожваюць сцены сціплай майстэрні.

Зноўку, насуперак традыцыі "творчых /i/content/pi/cult/303/5178/pic_7.jpgпартрэтаў" у кіно, непасрэдна работы мастака Бялова з'яўляюцца ў кадры далёка не на першай хвіліне стужкі. Дзіўны сюррэалізм творцы паспелі ацаніць не толькі ў нашай краіне, але яго палотны выглядаюць абсалютна натуральнымі ў той атмасферы, якую стварае рэжысёр з дапамогай аператарскай працы Анатоля Казазаева і складанага, асацыятыўнага мантажнага шэрагу. Выява ў "Андрэі" саткана з розных спалучэнняў святла і ценю, люстэркавых адбіткаў, сярод якіх раптам узнікаюць палотны Андрэя Бялова - дзіўнае спалучэнне сюрі гіперрэалізму, адбітак мастакоўскай падсвядомасці. Тое, што нязграбны падвал-майстэрня - толькі платонаўская турма-пячора для душы мастака, мы здагадваемся, калі раптам бліжэй да фіналу бачым аматарскія здымкі зусім іншага Андрэя Бялова: не ціхага, сканцэнтраванага на творчым роздуме, а летам, на прыродзе, - вольнага ва ўсіх сэнсах чалавека.

І ў гэтай стужцы Віктар Аслюк надае вялікую ўвагу гукавому шэрагу. Для дваццаціхвіліннай стужкі ён надзвычай складаны: "Жарсці па Матфеі" Баха - асноўны рэфрэн "Ахвярапрынашэння" Таркоўскага - спалучаюцца з фрагментамі інтэрв'ю з самім вялікім рэжысёрам. Асноўная думка той гутаркі: "Для чаго існуе мастацтва?". У рабоце Віктара Аслюка няма дакладнага адказу на гэтае пытанне- мастацтва ў "Андрэі" выглядае ці то як спосаб знайсці выйсце з метафізічнай "пячоры" зямнога існавання чалавека, ці то як цяжкая ноша, крыж, што даводзіцца несці адоранай асобе праз усё жыццё.

"Андрэй" - партрэт непарадны, якім, зрэшты, з'яўляецца творчы працэс у любога мастака. Твор мастацтва часцяком нараджаецца сярод пылу і бруду майстэрні, з складаных жыццёвых абставін і творчых ваганняў самога аўтара. Паказаўшы канкрэтнага мастака і яго працоўнае месца, рэжысёр здолеў метафарычна выказацца не толькі наконт вытокаў ды сутнасці творчага працэсу, але і стварыць алегорыю самога жыцця. Такім чынам, Віктар Аслюк пацвердзіў сваё месца рэжысёра-філосафа ў беларускім кіно, рэжысёра, найбольш дасканалага ў мастацкім ды інтэлектуальным аспекце сваёй прафесіі. Даводзіцца толькі павіншаваць творцу і студыю "Летапіс", дзе ён працуе, з новай удалай работай, якая годна прадстаўляе наш дакументальны кінематограф.

На здымках: кадры з фільма "Андрэй".