Аркестр, што дае крылы

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

/i/content/pi/cult/303/5175/7-1.jpg

 Аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі імя Леаніда Іванова, што атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

 І найперш - у Расіі. Сам склад гэтага калектыву сімвалізуе сяброўства рускага і беларускага народаў. Аснову ансамбля складаюць домры, як гэта прынята ў аркестрах рускіх народных інструментаў, адметнасцю ж з'яўляецца прысутнасць яшчэ і цымбалаў, як у беларускіх народных аркестрах.

 Дый прафесійны стаж калектыву, які афіцыйна працуе ў сваім статусе з 1998 года, насамрэч складае амаль паўстагоддзя, калі адлічваць з адпаведнага студэнцкага аркестра Магілёўскага музычнага вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава. Тым больш, што заснаваў той вучылішчны калектыў, як пазней і аркестр Магілёўскага педагагічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які непасрэдна перарос у філарманічны, усё той жа Леанід Іваноў. Захавальнікам пераемнасці гэтых калектываў выступае і цяперашні мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Мікалай Алданаў. Студэнтам ён граў у вучылішчным аркестры Іванова, працягваў стасункі са сваім настаўнікам і надалей, калі трапіў па размеркаванні ў Брэст і больш за чвэрць стагоддзя ўзначальваў аркестр народных інструментаў тамтэйшага музычнага каледжа.

- Сённяшнія творчыя здабыткі аркестра Магілёўскай філармоніі,- распавядае Мікалай Алданаў,- гэта, найперш, плён шматгадовай працы Леаніда Іванова.

Сярод самых адметных леташніх падзей аркестра - удзел у акцыі "Беларусь - гэта мы!", цыкл канцэртаў да 15годдзя спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, сумесныя праекты са Школай званароў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, у духоўна-асветніцкіх праграмах "Сям'я - еднасць - Айчына", "Духоўная скарбніца", што праводзіліся з блаславення Філарэта. Фурор выклікалі гастрольныя туры аркестра з выбітнымі музыкантамі: заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі Яўгенам Дзярбенкам і першым балалаечнікам свету, прафесарам Андрэем Гарбачовым. Выступаў аркестр і ў Ліпецку, на Днях славянскага пісьменства і культуры.

- Ніколі не забуду, - кажа М.Алданаў, - фразу простай бабулі, кінутую пасля канцэрта на Саборнай плошчы ў Хоцімску: "Сыночак, мне 88 гадоў. А я адстаяла спачатку службу, потым ваш канцэрт - і як на крылах лячу дадому!" Паверце, пасля такіх слоў хочацца працаваць яшчэ болей! Тым больш, што і планаў у нас хапае.

Н.Б.

На здымку: аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.