У 1996 годзе на пасаду кіраўніка аддзела культуры Ганцавіцкага райвыканкама прыйшла Ірына Марцінкевіч. Прыйшла з цвёрдым намерам: стварыць у аддзелаўскай структуры ўстанову новага тыпу - раённы Дом рамёстваў. І сапраўды, ужо праз год у Ганцавічах распачаў дзейнасць РДР.
Калектыў Ганцавіцкага РДР - лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Дырэктарам новай установы стала Марыя Муха - рэжысёр па адукацыі, майстрыха-рамесніца па пакліканні. Яе любоў да ткацтва - ад маці і бабулі. Дый увогуле ўсе сваякі, па словах Марыі Іванаўны, займаліся спрадвек вышыўкай ды карункамі. Так што традыцыя рамесніцтва ў гэтай сям'і - доўгая, як той вясельны ручнік.
Неўзабаве Марыю Муха прымаюць у шэрагі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Поруч з ёй у Доме рамёстваў працуюць ткачыха Ніна Казак, вышывальшчыцы Яўгенія Станкевіч і Вольга Паніна. У гуртках РДР займаецца некалькі дзясяткаў дзяцей, а ў клуб "Багач", што адкрываецца пры Доме рамёстваў, уваходзіць ледзь не трыццаць майстроў з усёй Ганцаўшчыны.
У выніку ўзаемасупрацоўніцтва і сумесных экспедыцый калекцыя РДР уключае сёння больш за 300 узораў старадаўняга ткацтва, вышыўкі, мастацкай апрацоўкі дрэва. Традыцыйных ручнікоў у зборы - пад 60. Адзін з унікальных, якому больш за сто гадоў,- з вёскі Люсіна, дзе пэўны час жыў і працаваў настаўнікам Якуб Колас...
Сённяшнія ганцавіцкія ручнікі, створаныя пад дахам РДР, не менш цікавыя і самабытныя, чым іхнія "родзічы" векавой даўніны. Значыць, традыцыі няма скону, значыць, жывіць яна творчую думку сённяшніх рамеснікаў Ганцаўшчыны, што здзіўляюць сваімі вырабамі і суайчыннікаў, і замежнікаў.
На здымку: калектыў Ганцавіцкага РДР.