Васьмёра нежанатых, і кожны — “цар”!

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

/i/content/pi/cult/303/5170/6-1.jpg

 У кастрычніку 2009 года абрад "Калядныя цары" рашэннем сакратарыята чацвёртай сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Спіс тэрміновай аховы аддзела нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Абрадавы калектыў "Цары", ўганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, дзейнічае пры Семежаўскім цэнтры культуры і вольнага часу.

Як кажа "К" начальнік аддзела культуры Капыльскага райвыканкама Наталля Царкова, ініцыятарамі адраджэння "Цароў" і прыцягнення да іх сусветнай увагі сталі Семежаўскі сельсавет, мясцовыя жыхары, упраўленне культуры Мінскага аблвыканкама і аддзел культуры Капыльскага райвыканкама.

Кіраўнік абрадавага калектыву - дырэктар Семежаўскай клубнай установы Таццяна Шаура. Яна - мясцовая, працуе тут пасля заканчэння Інстытута культуры аж з 1985 года.

Абрад "Калядныя цары" ладзіцца ў вёсцы штогод на Шчодры вечар - 13 студзеня. Сярод васьмі калядоўшчыкаў - маладыя, высокія, нежанатыя хлопцы-прыгажуны, словам - "цары". Дарэчы, сярод іх няма ніводнага штатнага культработніка. Гэта ў асноўным - студэнты і рабочыя мясцовага СВК. Апрача хлопцаў у каляднай дзеі бяруць удзел Гарманіст, Дзед ды Баба, Механоша... Залішне казаць, што "Цары" ў сучасным выкананні захоўваюць выхаваўчую, сацыялізуючую, эстэтычную, камунікатыўную функцыі, а таксама з'яўляюцца пераканаўчым узорам ашчаднага стаўлення да святочнай абрадавай традыцыі.

 Па словах Наталлі Царковай, цягам мінулага года было прадоўжана далейшае вывучэнне абраду, а ў працэс ягонай пераемнасці пастаянна ўцягваюцца ўсё новыя людзі.

А.С.

На здымку: капыльскія "Цары".

Фота Юрыя ІВАНОВА